«Хуткая» дабіралася ў цэнтр Мінска дваццаць хвілін.

17 лютага, прыблізна, а 15.30 проста на платформе цэнтральнай станцыі метро «Кастрычніцкая» памёр малады хлопец. На вачах у людзей яму стала кепска.

«Гэты малады чалавек пабялеў і памёр у нас на вачах, — расказаў чалавек, які патэлефанаваў у Рэдакцыю «Нашай Нівы».
— Проста ляжаў на платформе і паміраў. Тры цягнікі праехалі, я ў кожным пытаўся, ці ёсць дактары… А дзяжурнаму міліцыянеру і дзяжурнай па станцыі нібы ўсё адно было», — наракаў сведка.

Персанал станцыі выклікаў «хуткую», але яна дабіралася да месца здарэння дваццаць хвілінаў.

Хлопца спрабавалі ратаваць дзве доктаркі, якія знайшліся сярод пасажыраў. Яны рабілі хлопцу масаж сэрца, але гэта не дапамагло.

Праз 20 хвілін прыехала «хуткая». Пабачыўшы пацярпелага, дактары адразу выклікалі рэанімацыю. І тая таксама прыехала зусім не адразу…

Як высветлілася ўвечары таго ж дня, 18-гадовы студэнт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Раман Какарук, родам са Светлагорска,
вучыўся на другім курсе факультэта інфармацыйных тэхналогій і робататэхнікі.

Аднагрупнік Рамана напісаў у каментарах у інтэрнэце, што раней Раман не меў заўважных праблемаў са здароўем: займаўся ў агульнай групе па фізкультуры і хадзіў на тайскі бокс.

«Са здароўем у яго былі праблемы: хварэў рэгулярна, яго звычайна дома лячылі, але пра якія-небудзь сур’ёзныя захворванні ў яго я не чула», — паведаміла былая класная кіраўніца Рамана, спадарыня Алена Папкова, якая толькі вярнулася з пахавання.

У аператыўным аддзеле Мінскай гарадской станцыі хуткай дапамогі журналісту «НН» паведамілі, што памагчы хлопцу было не ў іх сілах: «Калі мы туды прыехалі, то толькі зафіксавалі факт клінічнай смерці».

Як стала вядома, афіцыйная прычына смерці — сардэчна-лёгачная недастатковасць.

Хлопец хварэў на грып, і павінен быў у пятніцу, 19 лютага, паказацца доктару. Магчыма, «спрацавала» перамена надвор’я, якая супала з моцнымі магнітнымі бурамі —
людзі, у якіх ёсць нават невялікія праблемы з сэрцам, моцна адчулі яе. Дадаліся і наступствы грыпу.

На станцыі «Купалаўская», спалучанай з «Кастрычніцкай», ёсць медпункт, у якім працуе дзяжурная медсястра. Чаму яна не падышла адразу? Кіраўніцтва метрапалітэну спасылаецца на тое, што на станцыі знайшліся дактары, а таму дапамога медсястры была б неэфектыўнай.

Дзясяткі аднагрупнікаў Рамана пакінулі свае спачуванні на сайце «Нашай Нівы».

«Рома быў добрым чалавекам. Іграў на барабанах у рок-гурце. Гэта быў вельмі светлы чалавек, і нам яго не хапае», — сказала нам яго былая класная кіраўніца.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?