Учора быў незвычайна багаты на сустрэчы дзень. І ня толькі саміт лідэраў краінаў СНД важны для нашай краіны…

У Рызе праходзіў саміт NATO, самай моцнай вайсковай арганізацыі сьвету, яднаючай 26 краінаў. На гэтым саміце сярод асноўных тэм праходзіла тэма энэргетычнай бясьпекі, так важная ня толькі для Беларусі, але і для ўсяго сьвету. Варта зьвярнуць асаблівую ўвагу на прапанову дапоўніць Дамову пунктам, па якому энэргетычнае эмбарга супраць адной з краін-чальцоў можа разглядацца як напад на ўвесь Альянс.

Які паварот! Калі б гэты пункт быў дзейсны ўжо зараз, і Украіна з Грузіяй ужо пасьпелі атрымаць жаданы статус чальцоў NATO, наколькі тады б усё зьмянілася ў іхных перамовах з Расеяй? І ў наколькі б горшай сытуацыі была б Беларусь, у якой няма такой моцы за сьпінай. Дарэчы, ці не энэргетычнае пытаньне стала прычынай таго, што У. Пуцін так і не патрапіў у Рыгу?

Таксама ўчора адбылася гістарычная сустрэча Папы Бэнэдыкта XVI з Патрыярхам Барталамэем у спрэс мусульманскай Турэччыне. А ў свой час Папу не пусьцілі ў Беларусь, дзе ледзь не палова насельніцтва вызнае яго за намесьніка Бога на Зямлі. Як так адбываецца, што ўва ўсім сьвеце людзі ідуць насустрач, і нават такія антаганісты, як каталіцтва і праваслаўе, як хрысьціянства і іслам, знаходзяць агульнае і ідуць разам; і толькі ў нашай краіне (і ў адной вядомай краіне на ўсход ад нас) з усёй моцы адмяжоўваюцца ад астатніх?

Цікава, як можна адмежавацца, калі чальцамі таго ж NATO зьўляюцца тры з нашых пяцёх суседзяў?

І вось учора ў Менску адбыўся саміт лідэраў краінаў СНД. Выглядае на тое, што толькі дзякуючы такому саміту атрымліваецца рабіць выгляд, што СНД яшчэ існуе. Ужо настолькі розныя краіны ўваходзяць у гэтую арганізацыю, з зусім рознымі поглядамі, што цяжка зразумець, што ж агульнага яны маглі абмяркоўваць. А, як вядома, дзякуючы ўчорашняму скандалу, інфармацыі з саміту значна менш, чым магло быць.

Самае цікавае пытаньне з гэтага саміту асабіста для мяне - чаму насамрэч усе расейскія мэдыі зьдзейсьнілі гэты акт салідарнасьці зь відавочна «апазыцыйнымі» (ня толькі Лукашэнку, але й пуцінскаму рэжыму) мэдыямі? Нават тыя, ад якіх мы звыклыя чуць толькі салодкія прамовы пра Лукашэнку? Ці нешта зьмянілася? З гэтай падзеі можна зрабіць істотны вывад - усё ж такі нельга ацэньваць усю расейскую прэсу толькі па тых ейных прадстаўніках, што езьдзяць на рэгулярную прэс-канфэрэнцыю Лукашэнкі для «рэгіёнаў». Сапраўды, цэнтральныя мэдыі ўжо сталі ці болей эўрапейскімі, ці болей залежнымі ад расейскай улады, якая зараз даволі халодна ставіцца да Лукашэнкі. Як звычайна, незразумела, ці гэта лепш для нас, простых людзей, ці як заўсёды, мы станем закладнікамі сытуацыі?

p.s.: Дарэчы, усе тыя нязручнасьці, якія давялося паспытаць менчукам учора (перакрыцьцё трансфэрных станцыяў мэтро «Купалаўскай» і «Кастрычніцкай», перакрыцьцё цэнтру вакол Цэнтральнага пляцу, «людзі ў чорным» праз кожныя сто мэтраў), ня йдуць ні ў якае параўнаньне з тым, што было ў Рызе. Там горад патрулявалі 9000 вайскоўцаў і паліцыянтаў зь гелікоптэрамі; вялікая частка цэнтру была перакрытая, шмат крамаў вымушаныя былі закрыцца, і людзі нават зьяжджалі з гораду…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?