Аляксандр Мілінкевіч зрабіў заяву па выніках прысуду ўдзельніку акцыі пратэсту 19 снежня Васілю Парфянкову, якога пакаралі чатырма гадамі калонніі строгага рэжыму.

Падчас учорашняга разгляду справы Васіля Парфянкова у судзе Фрунзенскага раёна Мінска стала відавочна, што прыцягненне яго да крымінальнай справы ў якасці абвінавачанага не мае пад сабой ніякіх прававых падстаў. Адзінае, што можна інкрымінаваць Парфянкову − гэта ўдзел у масавай акцыі, на правядзенне якой не быў атрыманы дазвол у гарадскіх уладаў. Аднак, Васіль Парфянкоў ужо панёс адміністрацыйнае пакаранне за ўдзел у несанкцыяванай акцыі пратэсту.

Адзіным справядлівым рашэннем у дадзеным выпадку павінна было быць поўнае апраўданне падсуднага. Улады маглі захаваць твар, калі б пакаралі удзельніка акцыі пратэсту ўмоўным тэрмінам. Але пакаранне Васіля Парфянкова чатырма гадамі калоніі строгага рэжыму не толькі неадэкватнае, але і амаральнае. Людзі выйшлі на вуліцы, каб выказаць свой пратэст супраць фальшаванняў на прэзідэнцкіх выбарах, на што маюць, як грамадзяне, поўнае права. Удзельнікі акцыі, а многія прыйшлі цэлымі сем’ямі, паводзілі сябе выключна мірна і падкрэслена карэктна.

З прысуду вынікае, што ўлады свядома ўзялі курс на пагаршэнне стасункаў з дэмакратычнымі краінамі свету і ўзмацненне атмсферы страху ў беларускім грамадстве.
Усё станоўчае, што значнымі высілкамі выбудоўвалася ў стасунках з Еўразвязам, знаходзіцца пад пагрозай разбурэння. Рэжым палічыў магчымым ахвяраваць добрымі стасункамі з цывілізаванымі краінамі света дзеля захавання сілавымі, неканстытуцыйнымі метадамі сваёй улады. Гэта немінуюча прывядзе да ўзмацнення эканамічнай і палітычнай залежнасці ад Расіі, для кіраўніцтва якой дэмакратычныя каштоўнасці і грамадзянскія правы не з’яўляюцца прыярытэтнымі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?