Як будзе распаўсюджвацца «Наша Ніва» ў 2007 годзе? Дакуль апазыцыя будзе грызьціся? У чым былі памылкі «Нашай Нівы»? На гэтыя ды іншыя пытаньні, зададзеныя падчас інтэрнэт-канфэрэнцыі радыё «Свабода», адказвае галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько.

Як будзе распаўсюджвацца Наша Ніва ў наступным, 2007-ым годзе?

Яна будзе зь вялікай доляй пэўнасьці выходзіць у Інтэрнэце. Але некаторыя іншыя спосабы магчымыя. Калі ўлады разгромяць «Нашу Ніву», гэта будзе з часам трактавацца як злачынства супраць беларускай культуры.

Andriej, Khachu Wam padziakawac za Wash tekst y Niwie jakogo sens shto zaraz usie bielarusy salidarny z Paliakami u Harodni, jakije doluchilisia do demokratychnogo ruchu i za to nie moguc pri getym rezhimie normalna razwiwat swojej diejnasci jak nacionalne mienshynstwo. Wash tekst byl drukowany w polskaj presie i adbilsja wialikim eham. Geta jeshche bolsh u Polshchy zrabilo nashu krainu salidarnuju z Wami. Wielmi Wam u wogule udziachny za Washu pracu. Trymajtie sia , Zhywie Bielarus ! Mariusz Maszkiewicz

Спадару амбасадар, а мы не забудземся, што Вы былі з намі на Акрэсьціна.

Do kakih por budet idti raskrutka skandalista i demagoga kasulina?On sanimaetsa tolko raskolom oppositsii,dumaet ne o narode ,a osebe.On egoist.Vmesto raboti v komande on kak i lebedko prodvigaet sebia v lideri.On takge davil v universitete vse belaruskoe.Kasulin - eto drugoi lukashenko.Do kakih por vi dumaete oppositsia budet gristsa megdu soboi?Ne pora li tem urodam kotorie vigoniaut ludei oppositsionerov s raboti,lishaiut sredstv suschestvovania davat otpor poniatnimi dlia ih metodami.Eti moralnie urodi ponimaiut tolko silu i strah.Esli mogete otvete tolko bes obshthshih fraz.

Апазыцыя будзе грызьціся да таго моманту, пакуль Вы будзеце нападаць на Казуліна. Пакуль чалавек у турме, галадае – толькі салідарнасьць. Усе палітычныя разыходжаньні хай застануцца на пасьля.

Даваць адпор панятнымі мэтадамі – толькі так. Мэтадам упартае вернасьці нашым законам і этыцы, мэтадам ўжываньня беларускай мовы і культуры ў кожнай магчымай сытуацыі, мэтадам маральнай і матэрыяльнай падтрымкі дзеячоў супраціву, мэтадам мэтадычнага і бескарысьлівага фінансаваньня ўсялякіх крыніцаў альтэрнатыўнае інфармацыі. Менавіта гэтых мэтадаў яны баяцца як ваўкі агню. Насільля – яны не баяцца. «Ужываньне насільля не рацыянальнае», як напісаў Рудкоўскі.

Андрэй, ці не здаецца вам, што пры рэсурсах, убуханых у НН, і яе штогадовым бюджэце, пару тысяч папяровых асобнікаў і вяла абноўлены Вэбсайт - гэта занадта малы вынік? Вядома, іншыя не робяць і таго, але ці не час быць больш выніковым?

НН і пры Ўласаву, і пры Дубаўцу, і пры мне рабілася мінімальнымі рэсурсамі. Думаю, ніводзін расейскамоўны СМІ пры такіх рэсурсах не праіснаваў бы й году. Яе трымае нацыянальная ідэя. Эфэкт НН, на пару з АRCHE і ў комплексе з існымі Інтэрнэт-СМІ, я ацэньваю вельмі высока. Зь іншага боку, зь нецярпеньнем чакаю ад моладзі, ад пакаленьня 20-25-гадовых, стварэньня зусім новых мэдыя-праектаў. Сярод усеагульнага прыстасавальніцтва цяпер сам Бог казаў рабіць бескампраміснае.

Наша ніва сёньня зьяўляецца адной зъ нешматлікіх крыніц незалежнай інъфармацыі ў пэрыядычным друку нашай краіны, таму Андрэй, дзякуй за працу, шчыра віншую Вас і нас са 100-ым юбілеям газэты. Але трошкі пра іншае. У апошні час НН становіцца прадказальнай. Так бы мовіць «саўбелка» з супрацьлеглым вэктарам. Прабачце. Але ўсё ж...

...Безумоўна, якасьць залежыць ад фінансаў, але хацелася б пажадаць, каб і ў гэтых умовах, на рубяжох другога стагодьдзя свайго існаваньня НН не губляла сваю марку, свой брэнд, каб яна заўсёды была сьвежай, у тым пляне, што падавала бы сьвежыя погляды, факты ня толькі ў кантэксьце іх негатыўнага ўспрыньняцьця, але іх аб’ектыўнага асэнсаваньня, угрунтаванага на ідэалах інфармацыйнага плюралізму і праўды. Бараніце чысьціню газэты і выдаляйце пустазельле з нівы, каб НН расквітала, а палітычная крытыка (і ўвогуле крытыка) не падмянялася нэгатыўным сьветаўспрыманьнем канкрэтных аўтараў.

Наконт нэгатывізму з вамі згодны. Гэта нацыянальная хвароба беларусаў.

Наконт прадказальнасьці – не. Гэта здаровая прадказальнасьць, вынік рэалізму і прынцыповасьці.

зачем вы выступили в защиту поляков? они ведь Беларусов за людей не считают

Вы ў сваім успрыманьні Польшчы засталіся ў даГедройцавых часах. Цяперашняя Польшча гэта ўжо ня тая, якая была ў 30-я гады.

Што вы на гэта скажаце? (Бабкоў: ) «Праглядаю НН прыблізна 5-7 хвілінаў і звычайна больш не вяртаюся. І так ужо год. Парадаксальна, але замест таго, каб скардзіцца што «сапсавалі газэту», я думаю што гэта і ёсьць крытэр яе пасьпяховасьці. «НН» нарэшце стала сапраўднай газэтай -- чымсьці што праглядаеш 5 хвілін і выкідаеш у сьметню без шкадаваньня». (Каляда: ) «Мне «Наша Ніва» больш падабалася ў тым фармаце, у якім яна выходзіла на пачатку 1990-х гадоў – у форме літаратурнага альманаху. А калі яна ператварылася ў газэту з навінамі… Мне не прынцыпова ў якой мове я пачую навіны. Мне галоўнае іх пачуць, і аб’ектыўна. Ня тое, што не падзяляю пункт гледжаньня «Нашай Нівы», але ёй не стае аб’ектыўнасьці».

Як крытык, я б раіў беларускім літаратарам больш цікавіцца сапраўднымі газэтамі й навінамі.

Андрэй! З юбілеем НН! Дзякуй Вам за вашу працу. Назавіце 20 ідэальных для Вас герояў з гісторыі Беларусі розных часоў. Можаце 30. Чаму яны такія для Вас? З павагай

Мой выбар будзе досыць выпадковы праз тое, што я павярхоўна ведаю беларускую гісторыю. Зь дзяржаўных дзеячоў Вітаўт Вялікі – за арганізацыю Грунвальду, за добрае адміністраваньне, за прытулак, дадзены татарам і жыдам, Леў Сапега – ён даў беларусам закон, каралева Бона – будаўніца (пара нам вуліцы імёнамі гэтых людзей называць). З інтэлектуалаў Францішак Скарына – за прадуктыўнасьць і сьветліню, за тое, што «адплаціў народу, чым моц яго магла». Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Вацлаў Іваноўскі – якія здолелі з нуля, пры мінімуме рэсурсаў, хутка і эфэктыўна выбудаваць інфраструктуру нацыянальнага руху. Алаіза Пашкевіч -- самаахвярніца, Алесь Гарун, Ларыса Геніюш, Максім Танк, Прытыцкі, Філістовіч – розныя героі розных партый аднае нацыянальна-вызвольнае барацьбы. Мялеці Сматрыцкі, Францішак Багушэвіч, Брыль, Карпюк, Быкаў, Дзяргай, Валянцін Тарас – этычныя настаўнікі ў сытуацыях выбару. Машэраў, Мінай Шмыроў і падобныя да іх героі Другой сусьветнай. Быкаў яшчэ раз – як прыклад паводзінаў у часе вайны. Шалайка, Астрэйка, Севярынец, Дашкевіч, Фінькевіч, Браніцкая, Сасім для мяне ня меншыя героі – яны пайшлі ў турму, ахвяруючы сваёй маладосьцю, каб толькі падарваць легітымнасьць рэжыму, які спрабуе навекі абяскровіць беларускую культуру. Мне іхны подзьвіг падаецца тым большы, што яны зрабілі гэты выбар у дэмабілізуючай сытуацыі спажывецкага грамадзтва. Мірон і Касьпяровіч для мяне таксама героі, верныя сьцягу сваёй нацыі.

Pryvitanne, Andrej! NN - hazeta, jakaja dapamhaje smat kamu na adlehlasci ad siabrou adcuvac jich prysutnasc. Velmi vysoka acenivaju menavita jadnajucuju rolu NN, prynamsi dlia tych z nas, chto zyve pa-za mezami Belarusi. Sto zdarylasia z hazetaj aposnim casam - jana pradkazalnaja, kudy padzelisia sapraudnyja asoby? Spazijusia, sto maja zauvaha ne pakryudzic, ale NN - hazeta nia tolky dlia padletkau. Cakaju analityku. Dziakuj, z najlepsymi pazadanniami, Andrej.

Перасталі пісаць у газэту Дубавец, Сагановіч, Глёбус, Адамовіч Славамір, Квяткоўскі, Бабкова Вольга, Антанян, Караткевіч Вольга, Бушлякоў, Пазьнякоў. У кожнага зь іх прычына свая. Хтосьці разышоўся з намі ідэалягічна, хтосьці проста перастаў пісаць, хтосьці ўнікае палітыкі. Пачалі пісаць у газэту за апошнія гады Ушкін, Класкоўскі, Жукоўскі, Сіліцкі, Рудкоўскі, Шніп з Сабачымі гісторыямі, Алесь Белы, Богдан, Павач, Фядута, Расінскі, Панкавец, Печанко, усіх не пералічыш, мо каго й забыўся, вярнуліся Тарас і во Дзярновіч – аўтары розныя, кожны з аналітычным голасам. Прыйшлі два геніяльныя фатографы – Дарашкевіч і Лянкевіч. Нарэшце, у газэце сабраўся ўнікальны аркестар тэхнічных супрацоўнікаў – Бакшанская, Лява, Мацяш, Маладзяшын, Кандраценка. Нават у нэрвовай абстаноўцы гэтага году, калі ўлада рэалізуе сваё «канчатковае рашэньне» па незалежнай прэсе, калі ўвесь час прыходзілася ісьці на балючыя ахвяры дзеля захаваньня галоўнага, мы не расьцягнулі інструмэнты, а засталіся аркестрам, і таму працягваем сваю місію. У грамадзтве, што паддалося русіфікацыі, мы захавалі беларускую душу газэты. І пры гэтым газэта ня стала для тых, каму за трыццаць – толькі гэта было б непрыемна (хоць нават гэта не было б фатальна ў гістарычнай пэрспэктыве).

Дык чаму сыходзіце? Цяжка ўявіць газэту бяз вас!!!

Сыходжу з пасады галоўнага рэдактара, але застаюся ў «НН» на іншых функцыях.

Сыходжу, бо людзі на пасадах мусяць мяняцца, каб кроў мянялася. Я шэсьць стаханаўскіх гадоў адбыў!

Застаюся, бо «Наша Ніва» здаецца мне справаю майго жыцьця.

Вы все время делаете акцент на белорусском языке, хоть никто никого тепеерь за язык не преследует, это тупиковый путь. Если бы оппозиция вместо языка больше говорила об экономике, она бы уже у власти была. Евгений

Я вам раскажу, Яўгене, новую інфармацыю, якую мы маем. Правадніцам цягнікоў, якія ідуць за мяжу, дадзенае заданьне прыкмячаць асобаў, якія размаўляюць па-беларуску, і сыгналізаваць пра іх памежнікам. Я схільны давяраць гэтай інфармацыі.

Ва ўрадзе, парлямэнце і прэзыдэнцкай адміністрацыі няма ніводнага беларускамоўнага. І гэта роўнасьць? Чалавеку, які аддае беларускай культуры перавагу перад савецкай, немагчыма трапіць у афіцэрскі корпус. Нашы спэцслужбы працягваюць выглядаць як каляніяльныя інстытуты, створаныя для лепшага кантролю за акупаванай тэрыторыяй з прыцягненьнем кадраў зь ліку асыміляванага насельніцтва. Мае дзеці ня маюць магчымасьці глядзець мультыкі на роднай мове, гартаць аўтамабільныя часопісы на роднай мове і ня маюць шанцаў трапіць на дзяржаўную службу, калі будуць захоўваць вернасьць роднай мове, як і я ня мог. І гэта роўнасьць? У такой сытуацыі сьвядомыя беларусы супраціўляюцца як могуць і будуць супраціўляцца як могуць.

Калі апазыцыя будзе гаварыць пра эканоміку талкова і зь любоўю да людзей, яе на любой мове зразумеюць. Беларусы любяць сваю мову.

Andrej, chym vy najbolsh hanarcesia sa zroblenaha u NN? Volha

Выбудовай сайту, павелічэньнем аб’ёму газэты, самараспаўсюдам.

Sp. Dynko, vasha NN kali nebudz pryznaje svaje pamylky -- kshtaltu adkryccia sviatkavannia 100 hoddzia imem Fiaduty, uvohule -- mahli b vy sami nazvac nekalki prykladau takih pamylak dlia pachatku? Stanislau Volchak

Мы адкрывалі сьвяткаваньне падзеямі, якія нам ладзілі, і не адмаўлялі нікому. Выйшла так, што першымі нам зладзілі вечарыны Нямецка-беларускае таварыства ў Бэрліне, Фядута з нагоды выхаду ягонай кнігі ў Менску і падпісчыкі з Наддзьвіньня ў Полацку. Зладзілі б Вы – прыехалі б да Вас.

Фядута між іншым – аўтар газэты з такімі ж правамі, як і ўсе астатнія аўтары. Калі б Вы былі аўтарам, і Вы б мелі такія ж правы на «НН».

З памылак:

па-першае, пасьля прыходу ў рэдактары я задоўга стараўся трымацца старой, дубаўцоўскай канцэпцыі газэты, капіяваў яе, тады як становішча краіны й наяўныя кадравыя ды матэрыяльныя рэсурсы вымагалі новае канцэпцыі. Гэта было маладое віно ў старыя мяхі. У выніку некалькі гадоў газэта тапталася на месцы, была няцэльнаю і непасьлядоўнаю.

Па-другое, былі маральныя памылкі. Напрыклад, неэтычна было друкаваць у 2001 годзе Пазьняковы словы на адрас зьніклага Ганчара, што ён скора выскачыць, як чорт з табакеркі. Быў беспадстаўны дурны наскок на генэрала Піскарова. Былі бестактоўныя шпількі добрых ніўскіх аўтараў на ўдаву кампазытара Паліводы і лідэра гей-супольнасьці Тарлецкага. Мне не хапіла пільнасьці, каб вытлумачыць тым добрым аўтарам, што гэтага друкаваць ня варта.

Такіх нячуйнасьцяў было болей.

Буйных палітычных памылак у нашых ацэнках і прагнозах я ня бачу. «НН» і «ARCHE» першымі заўважылі і ўлічылі эканамічны рост 2001-2006-га, лібэралізацыю 2002-га, сканчэньне інтэграцыйнага праекту з Расеяй, аб’яднаньне апазыцыі, не памыліліся ў ацэнках таго, якія з кандыдатаў у прэзыдэнты наймацнейшыя, назьбіраюць найбольш подпісаў і г.д., і, здаецца, беспамылкова прадбачылі, як гэтыя ўсе факты й тэндэнцыі адаб’юцца ў доўгатэрміновым пляне на беларускай культуры ў шырокім сэнсе гэтага слова. Мо палітычныя пралікі проста выяўляюцца з даўжэйшай пэрспэктывы.

Пра ўнутрырэдакцыйныя памылкі гаварыць ня буду.

Добры дзень. Андрэю, скажыце, калі ласка, як вы ўспрымаеце заўвагі некаторых інтлектуалаў аб тым, што «Наша Ніва» ў часе вашага рэдактарства стала «папсова-глямурнай» ды заідэалягізаванай і багата страціла таго, чым была за Дубаўцом. Дзякуй!

Пра папсова-глямурнасьць – гэта пустаслоўе, тасаванньне словаў бяз думкі пра іхны сэнс і ўплыў. Калі маецца на ўвазе, што «Наша Ніва» спусьцілася зь нябёсаў на зямлю, то мы зрабілі правільна.

Спадар Дынько, вы, паводле самаадчуваньня, беларускі ці ўкраінскі літаратар? Ала

Вядома ж, беларускі.

Dobry dzien, spadar Andrej. Dzie mozna praczytac Vasz akrescinski dzionnik chacia b na adnoj z szacsi movau? Ludzi palityki baczac adziny dyjaloh z gramadzianami - heta vybary, a ludzi tvorczasci szukajuc hetaha dyjalohu praz svoj talent. M. Riabczuk jadnaje Dvie Ukrainy (Uschodnuju i Zachodniu), a jak abjadnac nam dzvie Belarusi(bielaruskamounuju, prazachodniuju z rasiejskamounaj pra za Belarus)? Dziakuj. Nasta, Bierascie

Пашукайце пошукам на nn.by або charter97.org. Я б не драматызаваў наступстваў расколу паміж беларусамі й савецкімі людзьмі. Барацьба супярэчнасьцяў прыводзіць да руху наперад. Галоўнае, каб беларусы зацята трымаліся свайго.

Сп.Андрэй, віншую «Нашу Ніву» са стогадовым юбілеем, жадаю ёй заставацца заўсёды такой, якой яна ёсьць сёньня. Не маглі б Вы ў некалькіх словах расказаць пра журналістаў «НН»Сямёна Печанка і Зьмітра Панкаўца. Што гэта за хлопцы, як яны зьявіліся ў газэце, а таксама ці жанатыя яны? Яшчэ раз віншую зь юбілеем. Вольга, чытачка.

Нежанатыя, талковыя і працавітыя, рэкамэндую. Адзін прыехаў у газэту працаваць з Карэліцкага, другі – з Барысаўскага раёнаў. Так даслоўна й было – прыехалі з сваіх вёсак, кажуць, хочам працаваць. Я адгаворваў, яны настоялі.

Хто для вас узор ці ідэал -- калі такія ёсьць -- сярод вашых сучасьнікаў у прафэсійным і маральным пляне?

У прафэсійным -- Гермянчук, Калінкіна Сьвятлана, Лунёва Люба, Максімюк Ян, Вацлаў Гавал, з рук якога я атрымаў прэмію, Рабчук Мікола, напрыклад. У этычным – Булгакаў, кардынал Сьвёнтак, айцец Надсан, брат Пётра Рудкоўскі, інжынэр Даніла Жукоўскі, Быкаў Васіль, пры якім я працаваў намесьнікам у ПЭН-Цэнтры, Тарас Віталь, Вольскі з Арловым, якіх я шаную бязьмежна. Я тут губляюся ў пераліку, бо ў цяперашняй Беларусі настолькі пульсуе жыцьцё, маем столькі сьветлых людзей, а я праз сваю пасаду ў Ніве з многімі зь іх пазнаўся. Вось, напрыклад, ведаю трох самаахвярных сьвятароў з Полаччыны -- айцоў Вячаслава Барка, Віктара Місевіча, Генадзя Добрука – а там, здаецца, а болей іх ё.

U chym pazytyu Lukashenki dlia Belarusi? Mikalaj

У тым, што гэта кіраўнік рацыянальнага складу, які ня любіць праліваць кроў і не дапусьціў безуладзьдзя. Пры той калянізаванасьці элітаў, дрымуча нізкім узроўні адукацыі і канфармізьме інтэлігенцыі, што мы мелі на пачатак 1990-х, магло быць і горш – да ўлады мог прарвацца і поўны ідыёт.

Пытанне такое. Я ведаю, што вашыя дзеці, які і дзеці шмат якіх беларускамоўных бацькоў, ходзяць у расейскамоўныя садкі. З чым гэта звязана? Якая мова маўлення ў выніку ў вашых дзяцей? Як вы думаеце ці павінны вядомыя беларускамоўныя быць прыкладам для астатніх у гэтым пытанні? І калі так ці патрэбныя беларускамоўныя групы садаўскія ў Беларусі, калі шмат якія беларускамоўныя бацькі ад іх адмаўляюцца? І апошняе: што павінна адбыцца, каб вы вырашылі аддаць дзяцей у беларускія садкі? Як вы бачыце іх далейшую адукацыйную будучыню? Ці працягнуць яны вывучацца па-расейску і ў школцы? Вольга

Мае дзеці ходзяць у садок, які ў маім доме. Зьвязана гэта з банальнымі прычынамі, што на час, калі сын ішоў у садок, не было беларускамоўнага садку, у які можна было б даяжджаць безь перасядкі, а мы ня мелі машыны. Вазіць дзяцей зь перасядкай было б пагрозай іхнаму здароўю. Да таго ж, на той год не было добрых выхавацелек у беларускамоўных групах. Дзьве гэтыя прычыны пераважылі ахвоту беларускага садка. Цяпер мяняць ня хочам, бо гэта было б траўматычна для малых.

Калі б яны ішлі сёньня ў садок, калі мы маем магчымасьць дастаўляць іх і калі ёсьць лепшы выбар садкоў, мы б паслалі іх у беларускамоўны, безумоўна.

Мае дзеці шпараць па-беларуску і па-расейску ўмеюць. Ці захавае дзіця любоў да мовы, залежыць ад таго, як да мовы ставяцца ўдома і якія ў дзяцей адносіны з бацькамі. У беларускамоўных школах і садках могуць і развучыць мове, а ня толькі навучыць.

Змагацца трэба за кожны белмоўны садок і клясу, за кожны элемэнт нацыянальнай інфраструктуры, адназначна. Я галасую за беларусізацыю адукацыі. Зь іншага боку, няможна выкарыстоўваць малы’ як інструмэнт самасьцьверджаньня дарослых. І яшчэ болей трэба змагацца за нармальную ўладу, пры якой мова ўвойдзе ў норму.

Спадзяюся, пойдуць у беларускамоўную гімназію. Прынамсі, мы пад гэта падладжваем сваё жыцьцё. Аднак тое будзе ня дзеля веданьня мовы. Калі там мы сутыкнемся з зусім нізкай якасьцю адукацыі, прыйдзецца думаць.

Бачыце, у маім выпадку дзеці жывуць ва ўнікальна беларускім сьвеце – у нас беларускамоўныя сябры, беларускамоўная музыка дома, яны езьдзяць у беларускамоўную царкву, моляцца па-беларуску. Тата чытае кніжкі на пяці мовах, аўтаматычна перакладаючы іх на беларускую. То для нас гэтае пытаньне беларускасьці не стаіць, яна як бы сама сабою разумеецца. Былі б мы ў іншай сытуацыі, я б мо па-іншаму мадэляваў бы жыцьцё дзецям. Бо для мяне істотна, каб яны вырасьлі актыўнымі людзьмі. Мне будзе канец сьвету, калі ў мяне ўнукі ня будуць беларускамоўнымі калісьці.

У цэлым мой рэцэпт на моўнае змаганьне: мусім быць цьвёрдымі, але без фанатызму.

Andrej, shto vy planujece rabic pasla Nashaj nivy? Georg

«Нашу Ніву» і кнігі.

Добры дзень, Андрэй. Як Вы ставіцеся да выхаду маладога дэпутата Украіны Мікалая Кацярынчука з ’’Нашай Украіны’’. Як Вы ліцыце, ці магчымае я го паверненьне ў партыю. Дзякуй.

Якія, аднак, праблемы клапоцяць аўдыторыю «Свабоды»... Ня ведаю, хто такі Кацерынчук, але зычу яму разарваць з карумпаванай украінскай палітычнай элітай, заснаваць новую палітычную сілу, якая б зьмяніла правілы палітычнай культуры ўкраінцаў і зрабіла Ўкраіну прыкладам для беларусаў. Мне не падабаюцца палітыкі, якія езьдзяць на «мэрсэдэсах» і «фэрары», а ўкраінскія спрэс такія.

На пытаньне «Начной Свабоды» пра ацэнку Вашай дзейнасьці на пасадзе галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец сказаў, што гэта - подзьвіг. Якія беларускія праекты Вы лічыце моцнымі і знакавымі?

Так? Дзякуй.

Не люблю словаў «праект» і «знакавы». Калі я вучыўся, гэтыя словы ў такіх значэньнях не ўжываліся, таму для мяне яны па-ранейшаму гучаць як моднасьці. У нас ужо і Мілінкевіч «праект», і кніга Гальпяровіча «знакавая». У мяне трохі іншыя погляды на рэальнасьць і сэміётыку.

Дапусьцім, Вы маеце на ўвазе культурныя, не палітычныя праекты. Моцныя тыя праекты, рэалізацыя якіх не залежыць ад самадурства дзяржаўнай адміністрацыі, якія так проста не зачыніш, як часопіс «Крыніца».

На адной з мiнулых он-лайн канферэнцый (Калi яшчэ НН адносна нармальна выходзiла) Вас запыталi, аб тым, што тады НН стала больш камфармiстскай газэтай у дачыненнi да улады. Вы адказалi. што час пакажа цi зяяуляецца правльным такое рашэнне. Ну i што паказау час? Ctts

Я не сказаў, што НН стала канфармісцкай. Я сказаў, што час пакажа, якой яна стала.

Спадар Андрэй! Што цяпер робіць НН, каб зрабіць газэту больш цікавай, як у тыя часы, калі кожны нумар прачытваўся «ад коркі да коркі». Можа, варта б было апытаць чытачоў? Таксама тых, хто чытае яе ўжо ня першы год? Тады вырашыць з улікам розных меркаваньняў, што зьмяніць да лепшага?

Цяпер маем статыстыку прачытаньня артыкулаў у Інтэрнэце, абсалютна дакладную, кампутар робіць. У газэце цяпер выдрукоўваем хіба толькі адну пятую з матэрыялаў сайту, толькі самыя папулярныя і/або істотныя.

Цi рыхтуецца якая-небудзь вялiкая iнфармацыйна-агiтацыйная кампанiя да 25 сакавiка 2007? Наогул, у нас ёсьць шанец сабраць вясной на плошчы больш 100 тыс. чалавек?

Першае пытаньне не да «Нашай Нівы».

Патрэба такая, мяркуючы па Вашым пытаньні, ёсьць. А калі ёсьць патрэба, ёсьць і шанец.

Мне такія ідэі падабаюцца. Толькі каб гэта зьдзейсьніць, трэба месяцамі, гадамі і дзесяцігодзьдзямі працаваць, выхоўваць зь людзей беларусаў і грамадзянаў з пачуцьцем нацыянальнай і чалавечай годнасьці. За два тыдні такое ня робіцца.

Сп.Андрэй! Ня так даўно разгарэўся скандал зь Фядутам -- ён быў злоўлены на плагіяце. Ці не пара паставіць і вам кропку ў сваіх узаемаадносінах з гэтым чалавекам, які для беларусаў старэйшага пакаленьня ўвасабляе амаральнасьць? Няўжо ў нашай літаратуры настолькі не хапае людзей, што даводзіцца карыстацца яго паслугамі? Гэтыя раздачы нобеляў ужо сталі анекдотам! Няўжо вы гэта не адчуваеце?

У «Нашай Ніве» ён плягіяту не друкаваў.

Публікацыі на сайце «НРС» без спасылак на «Белорусскіе новості» ён патлумачыў тым, што – вось знайшоў у Інтэрэце: «по независящим от меня обстоятельствам редакция сайта «НРС» начала снимать из текстов указания на источник републикуемой информации. Произошло это где-то после 3 ноября: там, пролистав архив, я ссылки на источники еще обнаружил. Есть ссылка, например, и в информации от 20 ноября. Но в ряде случаев ссылка действительно снята. Я это прозевал. Но в том, что в нескольких цитируемых Еленой Новожиловой текстах она была, я убедился, посмотрев исходные материалы, отосланные мною в редакцию НРС с ноутбука. Это слабое утешение – понимать, что твоя вина меньше, чем вина кого-то другого. Нужно принимать на себя ответственность, что я и делаю. Мне остается извиниться перед г-жой Новожиловой и «Белорусскими новостями». Что я также делаю с искренним сожалением».

У «Нашу Ніву» мае права пісаць кожны. Залежыць ад зьместу і формы тэксту, друкуем мы яго ці не друкуем. Але ніяк не ад асобы аўтара. Гэтым мы і розьнімся ад лукашэнкаўскіх выданьняў.

На вечарыне НН вы двойчы ў прысутнасці вялікай колькасці людзей аб»явілі пра свой сыход. А на другі дзень у рэдакцыі прызналіся З.Панкаўцу, што гэта толькі піяр-ход. Можа гэта і ўдалы піяр-ход, але ж даверу да вас пасля такіх дурных жартаў не чакайце. P.C.І не сорамна вам браць прэмію за «асабістую творчасць?»Можа рэдактар вы і неблагі, але ўжо пісьменнік з вас ніякі.Віталь

Вы, Віталю, яўна чалавек неабыякавы да беларускіх пасадаў і мяне асабіста. Паколькі ў маім кабінэціку падчас гаворкі з Панкаўцом нікога не было, мусіць, гэтак Вы інтэрпрэтуеце запісы ў Інтэрнэт-дзёньніку Панкаўца. Дык вось, там запісана, што Дынько сказаў, што будзе сядзець на тым самым месцы. Бо я застаюся ў «Нашай Ніве» і буду працаваць далей у іншай функцыі.

Увогуле ж, Віталю, я нярэдка гавару мэтафарамі.

Спадар Андрэй! Якія Вы мыеце ў жыцці захапленні? Міхась.

«Наша Ніва» і «ARCHE». Астатняе – бляклы цень гэтых двух вялікіх захапленьняў.

Якое вашае стаўленьне да тых сьвядомых беларусаў, каторыя сьвядома працуюць у дзяржаўных структурах, бо гэта ж ёсьць фактычнае супрацоўніцтва з рэжымым?

Па-першае, як сказаў сьвяты Аўгустын: любі Бога, і рабі што хочаш. Калі яны працуюць сумленна, яны робяць правільна. Калі ж дзеля грошай яны робяць паскудзтвы і махінацыі, яны парушаюць маральны закон.

Па-другое, рэальна структураў, якія парушаюць правы грамадзянаў і канстытуцыйныя нормы, у нас лічаныя адзінкі – гэта найперш ідэалягічная вэртыкаль, а па-другое, асобныя аддзелы спэцслужбаў. Без астатніх грамадзтва ня можа абысьціся. Ні без судоў, ні бяз мытні, ні без органаў аховы правапарадку. Сьвядомыя беларусы маюць права ў іх працаваць. Бяда ў іншым – што беларускамоўных людзей ці людзей з палітычнымі поглядамі ў нас дыскрымінуюць і не бяруць на дзяржаўную службу. Тым самым аслабляючы нацыянальную дзяржаўнасьць.

Як вы ставіцеся да праблемы білінгвізму ў нашай краіне?

Як да непазьбежнасьці.

Якія ў вас самыя прыемныя ўспаміны з вашага дзяцінства?

Стравы зь печы, садавіна з кустоў, грыбы каля ганку. Поўнае шчасьце. Маленькі-маленькі сьвет. І ўсе вакол гавораць на адной мове, якая мне родная.

Ці варта ў паслялукашэнкаўскай Беларусі прымаць закон аб люстрацыі і ў якой форме і межах гэта рабіць?

Ня варта, таму што парушэньні закону ў нас не набылі масавага характару. Панесьці адказнасьць мусяць толькі канкрэтныя асобы, якія ўчынялі злачынствы і наносілі іншую шкоду грамадзянам і прадпрыемствам. Аднак з гэтых асобаў ніхто не павінен сысьці ад юрыдычнай адказнасьці.

Каго вы можаце назваць, як прыклад, зь беларускіх дзеячоў, што называецца не зь першай абоймы (г.зн. чые імёны не на слыху), але якія ў гісторыі Беларусі пакінулі важкі сьлед і сімпатычныя ўласна вам.

Напрыклад, айцец Адам Станкевіч, айцец Уладзіслаў Чарняўскі, паэт Сяргей Дзяргай. Браты Луцкевічы адназначна. Глядзіце таксама вышэй мой адказ пра гістарычных асобаў, каб мне не паўтарацца.

У выпадку зьнішчэння «НН» і вашага актыўнага перасьледу ці дапускаеце вы думку пра эміграцыю?

Не. Хіба што працоўную. Але ў нашых умовах лепш не заракацца.

Якія выданні ўсіх часоў вы маглі б параўнаць з «Нашай Нівай»?

Цяпер мы ўнікальныя, бо наша нацыянальная сытуацыя ўнікальная.

Ці адчуваецца ў «НН» кадравы голад?

Увесь час, бо ў Беларусі мала прафэсіяналаў, гатовых працаваць за невялікія грошы з манаскай адданасьцю і безь ніякіх гарантый.

Якое вашае стаўленне да веры?

Я веру.

Як вы лічаце, ці варта ў Закапаным аднавіць магілу заснавальніка «Нашай Нівы» Івана Луцкевіча?

Я меркаваў, што яна адноўленая ў 80-я. Даведаюся.

Андрей добрый день! Вы молодец!!! Так держать! Скажите почему на Ваш взгял люди которые называют себя оппозицией ничего не делают. Вот меня интересует вопрос нелигитимности гражданина А. Лукашенко. Его полномочия истекли 20 сентября 2006 года. По Конституции юридически легитимным и.о. Президента стал С.Сидорский. Почему только политзаключенный Козулин, опальный академик Войтович, экс-кандидат в Президенты 2001 года Гончарик, бывшие судьи КС ставят этот вопрос ребром, пишут письма Сидорскому и требуют от него стать и.о. Президента? Почему Вы как главный редактор молчите? Почему молчат Милинкевич, Лебедько, Вечерко, Калякин и др.? Почему молчит радио «Свобода»? Этот воопрос сегодня главный. Почему еще не один журналист за 2 месяца не задал Сидорскому напрямую этот вопрос? Вы же журналист? Звоните в приемную примьера каждый день, каждый час и спрашивайте почему он нарушает Конституцию. Чем больше мы будем давить, тем увеличиваем шансы. Либо требуйте отставки Сидорского как труса. Вы что не видите, что его Лукашенко сейчас боиться больше всего. Он уже два месяац в постоянных ссылках и отпусках. Его не показывают нигде и никто о нем не пишет.

Званіць у прыёмную прэм’ера журналісту «НН» бессэнсоўна.

Легітымнасьць – гэта прызнаньне чыёйсьці ўлады законнай справядлівай насельніцтвам і органамі ўлады. Гэта ня тое, што там нехта ў адозьве напісаў.

А Лукашэнку я ўчора бачыў па БТ і сёньня ў «СаўБеліі».

Прывітаньне, Андрэй! Чым узбагаціў цябе вопыт рэдактарства «Нашаю Ніваю»? Якія набыткі атрымаў, дзе зможаш іх выкарыстаць? Дзякую, Вэрця Кандраль

Я стаў чалавекам, упэўненым у сабе і набыў сяброў на ўсё жыцьцё. Выкарыстаю ў «Нашай Ніве» і іншых беларускамоўных выданьнях нашага «канцэрну».

Вы называеце ў ліку аўтараў нейкага Рудкоўскага, вядомага толькі тым, што абгажвае Пазьняка. Выглядае, гэта зрабілася і часткай рэдакцыйнай палітыкі. Не кажучы пра тое, што Пазьняк і нейкі Рудкоўскі -- гэта слон і моська.

Ваша пытаньне хамскае і глупае.

Дык як нам ізалявацца ад Расеі, спадар рэдактар? Алег

Ня трэба нам ізалявацца ад Расеі. Наадварот, і дзяржаве, і грамадзтву патрэбная зацікаўленая ўсходняя палітыка. Наша будучая вага ў Эўропе будзе залежаць ад нашае вагі ў Расеі і нашага веданьня Расеі. Аднак выбудоўваць адносіны з Расеяй трэба на грунце аксіёмы нацыянальных інтарэсаў, каб Расея была як «іншае», а не як «мы такія ж, толькі са знакам якасьці».

Добры дзень, Андрэй! А хто наагул займаецца пытаннем прызначэння галоўнага рэдактара НН? Ёсьць нейкi савет? Дзякуй, Сяргей, Вялейка

Не, усё рашаецца больш нефармальна. На ўзроўні калектыўнага рашэньня асобаў, якія маюць адпаведныя паўнамоцтвы.

Андрэй, якiя ў вас планы што да работы сайта НН? Цi ёсьць намер рабiць англамоўную вэрсiю? Дзякуй, Сяргей

На тое няма ні грошай, ні патрэбы, здаецца. Пару матэрыялаў у дзень па-ангельску быў бы сэнс зрабіць, але гэта такая дарагая цацка, што нерэальна.

Андрэй, цi былi вам прапановы аб працы за мяжой? Калi так, то ў якiя краiны? Антон

Так, у Швайцарыі, Украіне й Чэхіі.

Ваш любiмы беларускi гурт (апасьля НРМ)? Света

Гуда. Вайцюшкевічаву Цацачную краму вывучыў на памяць праз тое, што мае дзеці пэўны пэрыяд слухалі яе суткамі. Увогуле то я больш люблю ўсякіх Рахманінавых, Грыгаў, а яшчэ ўсякіх Нікаў Кейваў, альтэрнатыўны рок, да якога мяне прывучыў Булгакаў.

Цi трэба нам уступаць у Эўразьвяз? Можа лепш пайсьцi па шляху такiх краiн, як Нарвегiя, Iсляндыя, якiя ўваходзяць у НАТА, але не з’яўляюцца чальцамi Эўзьвязу? Кастусь

Можа быць. Трэ будзе вырашаць па сытуацыі. Толькі мы не такія самадастатковыя, як багатая Нарвэгія. Беларусі ня можна бяднець. Зьбяднеем – станем голымі і дурнымі, перафразоўваючы аднаго пэрсанажа.

Вам не кажется, что вся текущая борьба с режимом в Беларуси свелась к практике мелкой «фиги в кармане»? Все эти флэш-мобы, бряцание словами почти в кухонном интерьере и прочее - как мертовму припарка, 96 год даже близко не напоминает. А все в итоге решится (а по некоторым данным - уже решилось) в кабинетах Кремля.

Усё ў выніку вырашыцца на кухнях і вуліцах беларускай сталіцы. Так было ў Кіеве, Варшаве і Тбілісі. Так будзе і ў нас. У нас жа не магнітная анамалія, а такая сама ўсходнеэўрапейская нацыя, як і іншыя.

Андрэй, дзень добры! Калі ласка, распавядзіце пра вашых дзетак: Усьціньню і Якуба. Колькі ім год? Дзе навучаюцца? Як вы іх выхоўваеце? Ці выязжалі вы ўсей сям’ёю за межы Беларусі, каб пабачыць сьвет і сябе паказаць? Дзякуй за Вашу працу. Ляксей.

Усьціньні хутка будзе чатыры, а Якубу шэсьць. Ходзяць у садок (глядзі вышэй). Выхоўваем у свабодзе. За мяжу не выяжджалі ні разу пакуль, затое яны першы раз гэтым летам правялі месяц без бацькоў у бабуляў, якія ў нас жывуць у іншым горадзе.

Спадар Андрэю, віншую Вас з юбілеям «Нашай Нівы» і выказваю падзяку за адданую працу. Маё пытаньне такое: шчыра кажучы, я хачу каб адразу пасьля зьмены ўлады была спынена не толькі фармальна дзейнасьць РНЕ і іншых такога кшталту груповак у Беларусі. Як Вы лічыце, ці не станецца так, што праз намаганьні апошніх дэмакраты будуць выглядаць як выкараніцелі іншадумцаў? І якія самыя жорсткія меры павінны ужывацца ў дачыненьні да сяброў гэтых груповак, на Ваш погляд? Зьміцер

Іншадумства і прапаганда нянавісьці – гэта розныя рэчы. Закон, грамадзтва і праваабаронцы іх выразна адрозьніваюць. У Беларусі няма вялікіх падставаў для пашырэньня экстрэмізму, хіба што адбудзецца нейкі эканамічны абвал. Таму ня думаю, каб мы мелі з гэтым нейкія праблемы. Калі цяперашняя, слабая ўлада дае рады гэтым праблемам, моцная, дэмакратычная тым больш знойдзе рашэньне для таго.

Андрэй. Я глянуў свой архіў «Нашай Нівы» з канца 1993 года па сёнешні час. Да 1996-га года - адна газета, пасля 1996 да 2000 года - другая, зараз - яшчэ іншая. Змены ўражальныя. Гэта - зусім розныя газеты. Таму пытанне - чаму Вы лічыце, што Ваша «Наша Ніва» ёсць узноўленная «Наша Ніва» 1900-х гадоў? І якая, на Вашу думку, газета (1991-1996, ці 1996-2000, ці 2000-?) наібольш адпавядае той, пачатковай? Леанід Гарустовіч

Гэта адна газэта, бо яна называецца «Наша Ніва», выходзіць па-беларуску і мае ў аснове тыя самыя прынцыпы й жаданьні. Пачатковай найбольш адпавядае цяперашняя, аднак такая не магла паўстаць у 1991 годзе. Глебы не было, кадраў, традыцыі. Каб падрыхтаваць гэтую газэту, мусілі спачатку адбыцца тыя, што былі ў 1991-1996, 1996-2000. Дык што ўсё ідзе добрай дарогай пакуль. Дай Бог, хопіць цьвёрдасьці ўсім нам і вам, каб дайсьці да мэты і ня ўпасьці.

Спадару Андрэю! ці настане такі час, што аўтарам «нашае нівы» пачнуць плаціць за свае артыкулы? Андрэй Мялешка

Адразу ўспамінаецца наш вялікі паэт-камуніст Танк: «Ня плач, наш дзень настане, Хоць адступілі ўчора. Зацісьні моцна рану! Хай не сьмяецца вораг!..»

Андрэй, растлумач, калі ласка, бягучую сітуацыю вакол Нашай Нівы. Калі зыходзім у падполье? Жадаю не губляць мужнасці і аптымізму. Калі ў гэтым пекле ў Беларусі выжывуць дзве незалежныя газеты, я перакананы - адна з іх будзе Наша Ніва! Трымайся! Віталь С.

Бягучую сытуацыю растлумачыць цяжка. Калі коратка: нас душаць, а мы не здаемся. Чым гэта скончыцца, ня ведаю. Што да падпольля, дык прызнаюся шчыра, што я па натуры не падпольшчык. Можа малодшае пакаленьне?.. Зрэшты, выглядае, што мусіць падпольля ў чыстым выглядзе ня будзе. Так усё і будзе ў выглядзе паўсвабоды, маўмагчымасьцяў і паўрэпрэсій. Да такой рэальнасьці мусім і дастасоўвацца, каб дзейнічаць эфэктыўна, а не карцінна. Пэўнасьць такая: ствараючы беларускі інфармацыйны і культурны прадукт, мусім распаўсюджваць яго самымі эфэктыўнымі спосабамі з магчымых.

Як на вашую думку «Нашая ніва» і «Архэ» стануць калі небудзь выданьнямі без унутранай цэнзуры?(я маю наўвазе допісы на апошняй старонцы «нашае нівы» у «паштовай скрынцы») Андрэй Мялешка

Гэта не цэнзура, гэта адбор самага вартага і важнага, безь якога ня можна. Іначай будзе навал, а не яснае выданьне.

Шаноўны спадар Андрэй! Скажыце калі ласка ці не стане ваш адыход з пасады галоўнага рэдактара фатальным ударам па шаноўнай «Нашай Ніве», ці ў гэтым абсалютна няма нічога фатальнага і гэта цалкам нармалёвы працэс у развіцці газэты? Яшчэ раз віншую «Нашу Ніву» са 100-годдзем! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ! А. Дарэўскі

Думаю, не. Наадварот, гэта абновіць кроў. Маладзейшае пакаленьне падаецца мне сьмялейшым і больш прафэсійным за мяне.

Уразіў кошт квітка на імпрэзу на святкаванне 100-годдзя «нашай нівы». Добры каментар змешчаны на старонках учарашняй «Белгазеты» на гэты конт. Чаму няма маштабнай акцыі на паветры, без грошай і з добрым настроем адзінства для ўсіх нацыянальна свядомых беларусаў, якія чытаюць «НН»? Ці працуе»НН» з маладымі аўтарамі, журналістамі і дзе гэта можна ўбачыць? Я.

«БелГазета» – увогуле ня тое выданьне, якое тут варта слухаць. І тым больш рабіць нейкія высновы, паглядзеўшы празь яе прызму, ня варта. Праўда вось якая: нашаніўскіх юбілейных вечарынаў і ўрачыстых сходаў было ўжо аж пяць, і ўсе яны былі бясплатнымі, і набілася на апошнія зь іх многа людзей, і было ўсё цудоўна. А вы блытаеце вечарыны і ўрачыстыя сходы з адмысловай «вячэрай дзеля збору грошай на газэту». Каб трапіць на яе, сапраўды трэ было пераказаць ахвяраваньне.

Калі быць рэалістамі, акцыя на паветры сёньня мажлівая толькі на Бангалоры. Нам гэта ня трэба. Калі на паветры, я б зладзіў фэстываль «Нашай Нівы» пад адкрытым небам у дастойным месцы, як робяць «Юманітэ» ці «Уніта», але такое пры гэтай уладзе немагчымае.

Пабачыць нашу працу можна на паперы і на сайце nn.by.

Пытаньне зададзена праз СМС (рэд.) Андрэй,на пачатку 90х выйшла кнiга Аляксандра Лукашука ’’вяртанне нацыяналiста’’ пра Янку ФIлiстовiча. Цi змогуць чытачы пазнаемiцца з iм?

Для гэтага трэба пайсьці ў кнігарню ці бібліятэку. У газэце друкаваць таго ня будзем, што ёсьць ужо кнігай. Дарэчы, за час пасьля выданьня кнігі ў заходніх архівах знайшліся новыя матэрыялы пра Філістовіча – героя, але і ахвяру свайго часу. Я знаёміўся зь імі. Магчыма, з часам нехта з гісторыкаў падрыхтуе іх да друку.

Dzien’ dobry! U minie zjavilasia pytannie bols takoha technicnaha planu, sto li. U Praze, napryklad, ad navinau’ Mlada Fronta vydajecca jasce Expres casovis, vydajecca pa pracounym dniam. Sam casopis nicoha nie kastuje, dziela cytacou i jaho mahcyma uziac, napryklad, u mietro, ci u roznych navucalnych ustanovach. Tak, ci mahcyma takoje zrabic’ na Bielarusi, kali mahcyma, to jak? Dziakuju, Maxim

Такое будзе магчыма ў Беларусі пры дэмакратыі. Пакуль толькі нацыянальна стэрыльныя выданьні маюць магчымасьць распаўсюджвацца бясплатна.

Ci varta bylo tak huczna razhortvac’ spreczku z babkovym? czytajuczy jaje na live-journal-e dzivu dajeszsia - niauzho udzelnikam bolsz niama czym zaniacca. mo varta bylo b iraniczna stavicca da krytycznyx zauvahau? Jazapat

О, там аб прынцыповых рэчах гаварылася. Дасьць Бог, я на грунце яе яшчэ і эсэ напішу. Гаворка ішла пра агалцелы рэлятывізм пэўнай групы беларускіх інтэлектуалаў, калі яны ўсё падаюць адносным. Трыюмф рэлятывізму – адна з характэрных рысаў лукашызму і сучаснае Беларусі. У гэтай мадэлі чалавек займаецца толькі тым, што падлічвае плюсы і мінусы. Мне гэтая тэма цікавая.

Прызнаюся Вам, што я надта люблю палемікі й дыскусіі. У іх нараджаюцца праўды.

А якія казкі любіць слухаць твой сын Якуб? Адам Глобус

Якая добрая публіка сабралася на нашу канфэрэнцыю!

Пра машыны любіць, пра машыны. А Вашых пакуль яму не чытаем. Хіба што сам чытае, а маме ня кажа?

?

Разьвітваючыся з вамі ў якасьці галоўнага рэдактара, я хацеў бы, каб мы разам згадалі добрымі словамі Сяргея Дубаўца, без чыёй прароцкай волі «Наша Ніва» не адрадзілася б. Пасьля, каб мы згадалі ўсіх добраахвотных распаўсюднікаў газэты, безь якіх газэты не было сёлета. І нарэшце – усіх ахвярадаўцаў газэты, безь якіх нічога не было б. Дай вам Бог усім дажыць да гадоў «Нашай Нівы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?