Суддзю Вольгу Комар, якая вынесла першы крымінальны прысуд па справе аб “беспарадках” 19 снежня, пазналі яе былыя сябры. Як выявілася, яна выпускніца знакамітага, пазней забароненага Коласаўскага ліцэя.

Суддзя Комар. Фота радыё «Свабода».

Суддзя Комар. Фота радыё «Свабода».

Вольга Комар часоў ліцэя - фота з karyzna.livejournal.com.

Вольга Комар часоў ліцэя - фота з karyzna.livejournal.com.

Разгарэлася дыскусія, у якую ўключылася і сама Вольга Комар (у дзявоцтве — Канойка). Вось што яна на пісала на Фэйсбуку ў адказ на адно рэзка крытычнае выказванне:
«Я прачытала спасылку тваю, Надзя, вялікі табе дзякуй, што ты салідарная з гэтымі выдатнымі дэмакратычнымі маладымі людзьмі і не вельмі. Я рада, што ты і яшчэ нейкая колькасць людзей жадаюць, каб вырвалі руку мне, маім дзецям і бацькам. Галоўнае, што гэта ўсё вельмі ў духу дэмакратыі.

Герой Беларусі — чалавек, які неаднаразова судзімы за дробныя крадзяжы, а таксама знішчэнне маёмасці асабліва небяспечным спосабам, шляхам падпалу, які адбывае ўжо пакаранне ў месцах пазбаўлення волі. Гэта твой ідэал? Наперад, Надзя. Толькі не забудзь, што маю асабістую інфармацыю, фатаграфіі без маёй згоды не варта размяшчаць у Інтэрнэце. Я кіруюся законам, і толькі».

Гэтыя словы толькі падлілі алею ў агонь.

Вось што адказаў ёй блогер Уладзімір Бараніч: «Яна яшчэ і ганарыцца сваім учынкам. Казалі, што прысуд быў вынесены ў Адміністрацыі прэзідэнта. А тут усё добраахвотна і з вялікім імпэтам.
Маральных тармазоў ня тое што няма, але наадварот — педаль газу ў падлогу. Такія могуць саджаць, забіваць, катаваць. Без прымусу, з пачуццём сваёй карысці. І на вачах усяго свету (інтэрнэт). Жудасць».

Рамуальд Улан са Смаргоні: «Шмат цяпер людзей камунікуюць у сацыяльных сетках — няхай ведаюць меркаванне людзей пра сябе!»

Перакладчык Сяргей Сматрычэнка: «А чаму б ёй не засудзіць яшчэ аднаго выпускніка нашага ліцэя Алеся Міхалевіча? Вяршыняй было б, калі б працэс адбываўся ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска (Кірава, 21). [У 2003-м ліцэй быў афіцыйна ліквідаваны, а ў будынку зрабілі суд]».

Гісторык Ірына Кашталян, аднакласніца Комар (Канойкі): «Канойка была, як мне помніцца, вельмі амбітнай».

Пазней суддзя зрабіла звесткі пра сябе на Фэйсбуку і ў Аднакласніках даступнымі толькі для сяброў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?