Вечарам 18 лютага журналістка Таццяна Снітко заўважыла сляды ўзлома дзвярэй свайго прыватнага дома ў Мінскім раёне. За некалькі гадзін да гэтага суседзі паведамілі яе мужу аб тым, што каля іх варотаў стаяла чужая машына і курылі трое людзей у цывільным.

Некалькімі днямі раней іншыя аднавяскоўцы таксама казалі пра візіт трох людзей у цывільным, падобных на супрацоўнікаў спецслужбаў. Яны распытвалі суседзяў пра сям’ю, называючы прозвішча мужа журналісткі Змітра Гарбунова, але суседзі дружна адказвалі, што не ведаюць, дзе ён жыве.

Па словах Таццяны Снітко, дробныя непаладкі з уваходнымі дзвярыма яна заўважыла яшчэ раніцай 17 лютага, калі ішла на працу. Але спісала іх на выпадковасць і проста замкнула іншыя дзверы, што вядуць з веранды ў дом. Назаўтра, да яе здзіўлення, тых непаладак ужо не было, і гаспадыня забылася пра гэты выпадак. Але вечарам пасля працы ўжо былі пашкоджаныя іншыя дзверы.

«Я пабачыла, што яны шчыльна не зачыняюцца, бо тырчаць вывінчаныя шурупы,

— удакладніла журналістка. — Па выніках апытання, ніхто з маіх членаў сям’і гэтага не рабіў. Наш 9-гадовы сын мае ключы і не губляў іх пасля таго, як мы нядаўна змянілі замок. Я б не звярнула ўвагі на ўсё гэта, але занадта шмат супадзенняў». Абодва разы, у панядзелак і пятніцу, невядомыя прыязджалі ў вёску сярод дня, калі дома не было гаспадароў. «Магчыма, яны былі тут яшчэ і ў чацьвер. Прынамсі, у аўторак — дакладна не, бо цэлы дзень нехта быў дома. У сераду нікога з нас не было толькі невялікі час увечары: я ехала з Мінска, а муж і сын якраз выгульвалі сабаку. Верагодна, спроба ўварвання адбывалася ў некалькі этапаў з вечара серады па дзень пятніцы, калі са школы прыйшоў сын. І апошні раз у іх было яўна мала часу», — кажа журналістка. З дома, дадае яна, пры беглым аглядзе нічога не прапала.

«Думаю, мэта спецслужбаў — у нашую адсутнасць паспрабаваць знайсці кампрамат на іншых людзей, верагодней за ўсё — звязаных са штабам Саннікава, у ініцыятыўную групу якога ўваходзіў мой муж, — лічыць Таццяна. — Аднак я не выключаю і правакацый супраць нас саміх».

Падчас выбараў-2010 Таццяна Снітко як журналістка брала ўдзел у кампаніі «Правабаронцы за свабодныя выбары».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?