Ахвотнікі прымяраюць новыя целы й вандруюць па віртуальнай рэчаіснасьці

У фільме «Аватар» дасьледнікі плянэты Пандора стваралі адмысловыя целы-аватары ды зьмяшчалі туды свае сьвядомасьці. Цяпер навукоўцы зрабілі крок да таго, каб зьдзейсьніць гэта напраўду ў лябараторных умовах.

Яны пасьпяхова «перанесьлі» людзей у лічбавыя аватары з мажлівасьцю рухацца па віртуальным асяродзьдзі. Удзельнікі экспэрымэнту маглі рабіць зь віртуальнымі целамі што заўгодна, прычым некаторыя атрымалі целы супрацьлеглага полу.

Галоўная мэта гэтага дасьледаваньня — зразумець, як мазгі апрацоўваюць інфармацыю, што ідзе ад органаў пачуцьцяў, каб вызначыць пазыцыю цела ў прасторы.
Акрамя гэтага вынікі могуць быць пасьпяхова выкарыстаныя ў кампутарных гульнях наступнага пакаленьня ці, напрыклад, для людзей, якія хочуць віртуальна перамясьціцца ў іньшае месца (віртуальныя вандроўкі).

Олаф Блянк, нэўроляг інстытуту Ecole Polytechnique Fédérale у Лязане, Швайцарыя, з’яўляецца арганізатарам гэтага дасьледаваньня. Каб дасягнуць сваіх вынікаў, ён стварыў адпаведны мэханізм: абсталяваньне зь віртуальным асяродзьдзем атрымлівае сыгнал ад камэраў, злучаных зь відэадысплэямі, якія мацуюцца да галавы чалавека. Блянк прэзэнтаваў сваю працу ў чацьвер на штогадовай сустрэчы American Association for the Advancement of Science (Амэрыканскай асацыяцыі дапамогі разьвіцьцю навукі).

Насамрэч гэтыя экспэрымэнты — пашырэньне мінулай працы гэтых жа дасьледнікаў, галоўнай мэтай якой было аднаўленьне досьледаў «пазацелавага стану». «Пазацелавы стан» — гэта стан, калі чалавек, цалкам знаходзячыся ў прытомнасьці, бачыць сваё ўласнае цела як бы аднекуль збоку. Гэта можа быць выклікана парушэньнем функцыі мазгоў у выніку пашкоджаньняў, эпілепсіі ці ўжываньня наркотыкаў. Звычайна ў жыцьці такое адбываецца пасьля атрыманьня траўмаў у выніку аўтааварый ці на вытворчасьці.

Паводле гэтых экспэрымэнтаў, якія Блянк і ягоныя паплечнікі распачалі ў 2007 годзе, добраахвотнікі надзявалі адмысловыя акуляры з унутранымі відэаэкранамі, відарыс на якія падаваўся зь дзвюх камэраў, усталяваных ззаду ад удзельнікаў. Розум успрымаў дзьве карцінкі з экранаў як адну ды аб’ядноўваў іх — такім чынам людзі бачылі трохмерную выяву сябе са сьпіны.

Навукоўцы праводзілі яшчэ шэраг досьледаў, зьмяшчаючы розныя прадметы ў поле зроку камэраў і назіраючы за рэакцыяй ахвотнікаў.

Тыя пасьля расказвалі, што падчас экспэрымэнту нібыта знаходзіліся па-за камэрамі й назіралі за чужымі целамі.

У сваёй апошняй працы ахвотнікі Блянка праз модуль віртуальнае рэчаіснасьці (ВР-модуль) падарожнічалі па розных трохмерных навакольлях ды сусьветах. У гэты момант дасьледнікі пэрыядычна далучалі й адлучалі іх ад віртуальных людзей, каб праверыць, ці ўсьведамляюць тыя, дзе знаходзяцца іх целы ў віртуальнай прасторы.

Навуковец таксама зьмяшчаў валянтэраў-мужчын у жаночыя аватары, пры гэтым камэры ўсталёўваў так, каб віртуальная рэальнасьць успрымалася ад першае асобы. Па выніках гэтага экспэрымэнту Блянк адзначаў, што валянтэры рэагавалі на ўсё, што адбываецца ў віртуальным сьвеце зь іх аватарамі, і паводзілі сябе адпаведна.

Яны пачыналі думаць, што аватары — гэта іх уласныя целы — сказаў Блянк. Мы зрабілі адмысловы досьлед «пазацелавага стану». Мы змаглі разьяднаць дотык і зрок і такім чынам прымусілі людзей думаць, што іх цела знаходзіцца за два мэтры ад іх.

Ахвотнікі надзявалі шлемы з убудаванымі электродамі, якія дазвалялі адсочваць электрычную актыўнасьць мазгоў. Інфармацыя, што была запісаная ў выніку гэтага, паказвала павялічаную актыўнасьць у скронева-цеменнай і лобнай зонах. Гэтыя зоны адказваюць за дотык, зрок і іх правільнае спалучанае ўспрыманьне.

Блянк падсумаваў вынікі экспэрымэнту:

«Штучнае ўзьдзеяньне паказала, што „пазацелавы стан“ — гэта нічога большага, чым дысфункцыя мазгоў».
Ёсьць такі фантом канцавіны (калі чалавек пасьля ампутацыі канцавіны адчувае, нібыта яна ўсё яшчэ зьвязаная зь яго целам) — гэта падобныя зьявы. «Гэта ня нейкі цуд Божы, проста ўспрыманьне, зьбітае з панталыку», — сказаў ён.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?