Працэс працягнецца 1 сакавіка ў сувязі з перакваліфікацыяй абвінавачвання.

 Іван Гапонаў (злева) і Арцём Брэус

Іван Гапонаў (злева) і Арцём Брэус

 Іван Гапонаў.

Іван Гапонаў.

 Арцём Брэус.

Арцём Брэус.

 Адвакаты Казак і Сяргеева.

Адвакаты Казак і Сяргеева.

16:32

Грамадзянскі пазоўнік адмовіўся ад пазову на 14 мільёнаў рублёў пасля таго, як суддзя прадэманстравала квітанцыі аб аплаце грамадзянамі тых самых 14 млн рублёў.

Пракурор просіць перанесці працяг суда на 7 дзён, каб перакваліфікаваць абвінавачванне.

Суд працягнецца ў аўторак, 1 сакавіка, пачатак, а 10-й.

16^31

Суддзя апытвае Гапонава, да яго пытанняў менш, бо на відэа Іван амаль не фігураваў.

16.29

Брэус у размове з адвакатам заявіў, што спроба «штурму» Дома Ўрада доўжылася некалькі хвілін, а потым ужо ніхто не спрабаваў яе аднавіць. Сам Брэус быў заняты сваёй траўмай, калі пачаўся разгон, яго затрымалі і зацягнулі ў аўтазак.

16:27

Суддзя пытае ў Гапонава, чаму ён быў на Плошчы. Іван адказвае тое ж, што і Брэус. Кажа, што яму проста было цікава.

16:24

Суддзя пытаецца ў Брэуса, як ён ацэньвае падзеі 19 снежня. Той адказвае, што нічога такога раней не бачыў, ведаў, што не збіраецца парушаць закон, a само знаходжанне на плошчы Незалежнасці ён не лічыў яго парушэннем.

16:19

Адвакаты задаюць пытанні сведку Якаўлеву. Рэч у тым, што ў пратаколе час затрымання Брэуса пазначыў Якаўлеў на 22:30. Але на відэа хлопец бачны на Плошчы яшчэ ў 22:35. Спецназавец прызнаўся, што не ведае, а якой насамрэч ён затрымліваў Арцёма.

16:14

Скончылі глядзець відэа.

Ніякіх доказаў віны Брэуса і Гапонава там няма.

15:48

Суддзя зноў угледзела на відэа Брэуса. Бачна, як ён падае ад штурханіны ў натоўпе. Сам Брэус кажа, што дрэнна памятае гэтым момант, спасылаецца на моцныя ўдары па галаве, якія атрымаў ад спецназаўцаў.

15:41

Сведка-спецназавец (калі хто забыў прозвішча — Якаўлеў), гуляючыся з мабільнікам, ўпусціў яго на падлогу — нарабіў грукату.

Суддзя тым часам працягвае прагляд відэа, але больш ні Брэуса, ні Гапонава там пабачыць нельга.

15:33

На відэа таксама бачна, што Гапонаў бароніцца ад спецназа, засланяецца выцягнутай наперад рукой.

Кадраў, дзе было б бачна, як грамадзяне Расеі б’юць супрацоўнікаў спецназа, няма.

15:28

Суддзя пазнала Брэуса на відэа. Паказала яму гэтыя кадры — ён пацвердзіў, што гэта можа быць ён. На відэа бачна, што Брэуса штурхаюць іншыя ўдзельнікі акцыі.

Гапонаў таксама сябе пазнаў. На відэа ён стаіць. Наперад не рухаецца, яго таксама штурхаюць ззаду мітынгоўцы. На відэа шмат людзей і твараў. Разабраць, што там адбываецца, складана.

15:26

Відэа ідзе без гуку. Магчыма, дзеля таго каб пазбегнуць казусу, як у выпадку з Парфянковым, калі было чутно, як супрацоўнікі спецслужбаў крычалі «Свае, свае!».

15:21

Абодва сведкі-міліцыянеры сядзяць побач з зале — ім прынеслі адмысловыя мяккія фатэлі. Глядзяць відэа і перашэптваюцца між сабой.

15:17

Суддзя пачынае глядзець відэазапіс з Плошчы. Глядзіць на вялікім тэлевізары «Гарызонт».

15:07

Характарыстыкі на Гапонава і Брэуса станоўчыя. Раней не прыцягваліся нават да адміністрацыйнай адказнасці, не стаяць на ўліку ў міліцыі і псіханеўралагічным дыспансеры. Псіхалагічныя характарыстыкі таксама станоўчыя.

15:04

Суддзя зачытала пратаколы ператрусаў, якія адбыліся ў Гапонава і Брэуса дома пасля іх затрымання.

Паводле пратаколаў, супрацоўнікі спецслужбаў па месцы жыхарства падазраваных нічога не знайшлі і нічога не канфіскоўвалі.

14:50

Зараз будзе агучаны пратакол агляду месца падзей, а таксама зачытаюць характарыстыкі на абвінавачаных.

14:48

У залу суда запусцілі журналістаў, працэс аднавіўся.

13:34

Абвешчаны перапынак да 14.35.

13:29

Зачыталі паказанні сведкаў следства. Цікава, што яны супадаюць цалкам у абодвух сведкаў, а іх паказанні на судзе адрозніваюцца. Якаўлеў тлумачыць гэта тым, што папросту забыўся ўжо на падрабязнасці.

13:25

Адвакат загнаў Якаўлева ў тупік, і ён проста замаўчаў.

Суддзя спрабуе дамагчыся ад сведкі адказаў. Зараз будуць чытаць паказанні Якаўлева, дадзеныя падчас следства 31 студзеня 2011 года.

13:23

Якаўлеў на судзе не можа расказаць, што рабіў Гапонаў, а што Брэус. Хаця падчас следства гэта дакладна тлумачыў. У рапарце ён пазначыў, што Брэус біў спецназаўцаў. Зараз кажа, што дакладна не можа сказаць, хто што рабіў на Плошчы. Як мантру паўтарае пра тое, што на Плошчы было 400–500 актыўных мітынгоўцаў і яны ўсе білі спецназ рукамі і нагамі.

13:12

Суддзя нагадала сведку Якаўлеву пра крымінальную адказнасць за хлуслівыя паказанні.

Спецназавец разгубіўся канчаткова.

Прызнаў, што на гадзіннік не глядзеў, а час вызначаў прыкладна. Пры гэтым падчас следства ён даваў канкрэтныя паказанні. Суддзя падрабязна распытвае яго пра гэта,

Якаўлеў не можа даць адказ на большасць пытанняў.

13:00

Якаўлеў таксама блытаецца ў часе затрымання Брэуса і Гапонава. Разбежка складае 30 хвілінаў.

12:49

Адвакат папрасіла сведку апазнаць абвінавачаных, ён назваў прозвішчы. Але калі адвакат папрасіла спецназаўца паказаць, хто з іх хто,

Якаўлеў упэўнена пераблытаў абвінавачаных.

Назваў Брэуса Гапонавым і наадварот. У зале пачалі смяяцца.

Увогуле Якаўлеў вельмі няўпэўнена дае паказанні. Не можа адказаць на большасць пытанняў.

Пракурор Сяргей Кунас яму падказвае правільныя адказы.

12:41

Сведка кажа, што дэманстранты на працягу пяці хвілін білі спецназаўцаў нагамі, рукамі і вудамі. Кажа, што яны хацелі захапіць Дом урада.

Кажа, што яму асабіста пабілі ногі. Білі рукамі, нагамі, адабранымі ў спецназа дубінкамі.

12:35

Пачаўся допыт другога сведкі — супрацоўніка палка міліцыі спецыяльнага прызначэння Аляксандра Якаўлева.

12.30

Дударчык заяўляе, што размаўляў з Гапонавым на Акрэсціна. Сам Гапонаў кажа, што не ведае Дударчыка і не памятае ніякай размовы з ім. Брэус таксама заявіў, што не ведае Дударчыка. Кажа, што ўсе супрацоўнікі міліцыі былі ў шлемах і хавалі твары.

12:17

Суддзя распытвае сведку, дзе і калі ён знаходзіўся. Дударчык блытаецца і не можа назваць канкрэтны час. Блытаецца нават у розніцы на 30 хвілін. Кажа, што да 22-й гадзіны быў на Кастрычніцкай плошчы. Aле падчас следства ён казаў, што ў жо, а 21.30 быў на Плошчы Незалежнасці.

12:14

Дударчык не здолеў адказаць, калі ён бачыў Брэуса і Гапонава, а таксама колькі часу ён знаходзіўся на Плошчы, таксама не здолеў адказаць, чаму яго паказанні следчаму і ў судзе адрозніваюцца. Следчаму Дударчык сказаў пра пяць удараў па шчытах і пра ўдары вудай.

Таксама ў рапарце Дударчык пісаў пра антыдзяржаўныя лозунгі «Жыве Беларусь!».
Рапарт той Дударчык складаў пад адміністрацыйны працэс (суткі) над Брэусам і Гапонавым.

12:02

Брэус пытаецца Дударчыка,

чаму той не ахоўваў Дом урада, а лічыў, колькі ўдараў дэманстранты нанеслі па шчытах спецназаўцаў.

Дударчык нічога не можа адказаць.

11:59

Сведка апазнаў Брэуса і Гапонава і нават назваў іх прозвішчы. Сведка кажа, што бачыў, як Брэус біў спецназаўцаў па шчытах (кажа пра два ўдары). Таксама падкрэслівае, што памятае Гапонава — ён біў па шчытах спецназаўцаў. Дударчык нават здолеў узгадаць, як былі апранутыя Брэус і Гапонаў. Таксама зазначае, што бачыў Брэуса і Гапонава на відэа і можа іх апазнаць.

11:54

Дударчык кажа, што дэманстранты нападалі на спецназаўцаў, выхоплівалі ў із дубінкі і збівалі потым міліцыянтаў.

Таксама кажа, што асобы, якія штурмавалі Дом Урада, дзейнічалі няўзгоднена. Бутэлек і арматуры ён не бачыў.

11:46

Суд аднавіўся. Пачаўся допыт сведкі Алега Дударчыка. Ён міліцыянер, працуе ў Галоўным упраўленні унутраных спраў Мінгарвыканкама.

11:20

Абвешчаны перапынак на 10 хвілін, да 11:30.

11:18

Грамадзянскі пазоўнік кажа, што прэтэндуе не на 29 млн, а на 14 млн, бо была зроблена пераацэнка. Таксама сказаў, што ўчора грамадзяне прадаставілі грамадзянскаму пазоўніку дакументы аб аплаце 14 мільёнаў, і сёння яны чакаюць паступлення грошай. Пры гэтым ён не сказаў, ці адмовяцца ад патрабаванняў у выпадку паступлення сродкаў.

11:15

Суддзя апытвае прадстаўніка грамадзянскага пазоўніка Дзмітрыя Лепеша.

11:11

Брэус падчас гутаркі з адвакаткай Казак распавёў, што падчас утрымання ў следчым ізалятары на Валадарцы

следчыя яму пагражалі фізічнай расправай, калі ён не прызнаецца з змове з кіраўнікамі беларускай апазіцыі.

11:05

Брэус расказвае, што бачыў, як спецназ збіваў людзей і не дазваляў ім разысціся.

Зараз Брэуса апытвае адвакат, той расказвае, як яго збіваў спецназ і як ён страціў прытомнасць.

10:58

Пракурор пачаў допыт Брэуса. Той кажа, што ў палітычных арганізацыях не ўдзльнічае. Зазначае, што трапіў на акцыю выпадкова, там захапіўся і пайшоў з усімі у бок Плошчы Незалежнасці. Хто кіраваў — ён не ведае,

у руках дэманстрантаў зброі і бутэлек не бачыў.

Кажа, што крыкнуў лозунгі «Жыве Беларусь!».

10:40

Пракурор скончыў допыт Гапонава. Цяпер з ім раўмаўляе адвакат. Гапонаў заявіў, што не бачыў у прысутных на плошчы людзей у руках нейкіх прадметаў, а таксама не бачыў, хто б’е шкло, толькі чуў гук пабітага шкла.

10:36

Гапонаў кажа, што не бачыў, хто б’е шкло, не ведае палітыкаў, якія кіравалі мітынгам з трыбуны. Кажа, што людзі не супраціўляліся спецназу.

Супрацоўнікі міліцыі ў зале суда пільна сочаць за фота і відэа. Карэспандэнта НН прымусілі апусціць тэлефон на ўзровень каленяў, каб ён не мог выкарыстоўваць фотакамеру мабільніка.

10:34

Гапонаў: «Я выкрыкваў: «Жыве Беларусь».

10:29

Вінавацяць таксама ва ўзброеным супраціве спецназу з выкарыстаннем адмысловых прыладаў (магчыма, маецца на ўвазе арматура). Гапонаў кажа, што з Брэусам знаёмы не быў, у партыях не ўдзельнічаў. Цяпер пракурор апытвае яго аб падзеях 19-га снежня.

Пытанні пракурора дастаткова агрэсіўныя, ён іх амаль выкрыквае,

стаўленне да Гапонава негатыўнае; пракурор дазваляе сабе заўвагі, якія датычаць асобы Гапонава.

10:26

Брэуса пракурор Сяргей Кунас вінаваціць у актыўным удзеле ў беспарадках, пашкоджаннях Дома ўрада, супраціўленні супрацоўнікам унутраных спраў — удары па шчытах спрецназаўцаў, сума агульнай нанесенай шкоды — 29 млн. Гапонаву закідаюць тое ж самае.

Абодва не прызналі сябе вінаватымі.

10:15

Апытваюць Брэуса, таксама выглядае стомленым, адказвае больш разняволена, голас ціхі, адчуваецца хваляванне.

10:12

Суддзя Любоў Сямахіна апытвае Гапонава. Ён адказвае даволі ўпэўнена, выглядае стомленым, але адказы канкрэтныя і дакладныя.

10:05

Забаранілі фота і відэаздымку, пачынаецца працэс. Суддзя Сямахіна зайшла ў залу толькі пасля таго, як выйшлі фатографы.

10:02

Суддзю і дзяржаўнага абвінаваўцу здымаць забаронена. З залы вывелі ўсіх, каму не хапіла месца на лаўках. У просьбе прынесці дадатковыя месцы адмовілі. У зале засталося каля 60 чалавек.

9:55

Журналістаў шмат, таксама ў залі прысутнічаюць праваабаронцы на чале з Алесем Бяляцкім, ёсць нямецкія і англамоўныя журналісты, прысутнічаюць усе цэнтральныя расійскія тэлеканалы.

9:50

Журналістаў запусцілі ў залу. Але дазваляюць сядзець толькі на двух апошніх шэрагах (усяго іх 5), хоць зала дастаткова вялікая. Падсудныя таксама тут, суддзі пакуль няма. Таму дазволена фота і відэа. Людзей у залу запускае асабіста палкоўнік Яўсееў, вядомы актыўным удзелам у разгоне акцый 19 і 20 снежня, а таксама збіцці журналіста Уладзя Грыдзіна.

* * *

22 лютага ў Маскоўскім судзе Мінска пачынаецца працэс над грамадзянамі Расіі Іванам Гапонавым і Арцёмам Брэусам, якіх абвінавачваюць ва ўдзеле ў так званых «беспарадках» у Мінску 19 снежня.
У той вечар дзясяткі тысяч грамадзян выйшлі на вуліцы, каб запатрабаваць вяртання народаўладдзя і сыходу Лукашэнкі. Дэманстрацыю разагналі. 54 удзельнікаў падзей вінавацяць ці падазраюць ва ўдзеле ў «масавых беспарадках». Сярод іх аказалася і двое грамадзян Расіі.

Суддзя — Любоў Сямахіна, унесеная з сьпіс неўязных у ЕС пад нумарам 140. Дзяржаўны абвінаваўца — старшы памочнік пракурора Маскоўскага раёна Мінска Сяргей Кунас.

***

На мінулым тыдні адбыўся суд над першым фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках.

17 лютага суд Фрунзенскага раёна (суддзя Вольга Комар) прызнаў 27-гадовага Васіля Парфянкова вінаватым ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

Парфянкоў прыгавораны да чатырох гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі строгага рэжыму,

а таксама да штрафу больш чым на 14 млн. рублёў у якасці кампенсацыі за разбітыя падчас акцыі дзверы ў Доме ўрада.

***

Артыкул 293 «Масавыя беспарадкі»

1. Арганізацыя масавых беспарадкаў, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады, караецца пазбаўленьнем волі на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў.

2. Удзел у масавых беспарадках, які выявіўся ў непасрэдным учыненні дзеянняў, названых у частцы першай, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?