Палітолаг Андрэй Іларыёнаў пра падзеі ў Мінску сказаў: «З расійскага боку рыхтавалася правакацыя пад назваю „Імітацыя аранжавай рэвалюцыі“. Менавіта такога кшталту правакацыю расійскія ўлады і рыхтавалі…» Я б не паверыў Іларыёнаву, каб не ведаў імітатара. Безумоўна, наш Някляеў як быў, так і застаўся імітатарам. Усё, за што ён колісь браўся, было развалена, разбурана і панішчана. Ён разваліў самы ўплывовы часопіс «Крыніца», ён разваліў Саюз пісьменнікаў, ён развальвае і дыскрэдытуе апазіцыйны рух. Ніякіх палітычных перакананняў у імітатара няма і ніколі не было; ні тады, калі ён чытаў вершы на з’ездзе КПСС, ні цяпер, калі чытаў гумарыстычныя куплеты замест праграмы неабходных дзеянняў. Някляеў стаў закладнікам сваёй непамернай пыхі. Праз цёмныя калідоры ён узлез на вяршыню апазіцыйнай піраміды і разгубіўся. Ён пачаў выконваць усё, што яму казалі дарадцы. «Ён зробіць усё, што мы яму скажам!» — смяялася мне ў твар журналістка Марына. Жах у тым, што Марына казала праўду. Някляеў цалкам падпарадкоўваўся чужой волі. Пагаджаючыся з Іларыёнавым пра наяўнасць імітатараў у рэвалюцыі, я не магу адназначна прыняць ягоныя словы пра расійскі бок. На мой розум, каб за імітатарам стаяла Масква, ён не стаў бы блытацца з абхазскім пытаннем. Калі ў Някляева запыталіся: «Ці прызнаяце незалежнасць Абхазіі?», ён пачаў расказваць, што ведае пра існаванне абхазаў. Прамаскоўскі палітык сказаў бы, што прызнае Абхазію незалежнай дзяржавай. Высновы, якія я зрабіў, разважаючы над словамі Андрэя Іларыёнава, даволі сумныя… Дзяржава не адрознівае імітатараў рэвалюцыі і рэвалюцыянераў, яны для яе ўсе на адзін твар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?