Васямнаццаць грамадзянаў Астравецкага раёна паставілі свае подпісы пад калектыўным зваротам да міністра юстыцыі Беларусі і старшыні Гродзенскага абласнога суду. Грамадзяне патрабуюць, каб старшыні Астравецкага раённага суду Аляксандру Дзямешчыку мясцовыя ўлады выдзелілі ўрэшце асобную кватэру.

У звароце гаворыцца, што Аляксандар Дзямешчык працуе старшынёй раённага суду ўжо тры гады і ўвесь гэты час дабіраецца на працу са Смаргоні на ўласным аўто.

Грамадзяне ж, у сваю чаргу, занепакоеныя тым, што спадар Дзямешчык вельмі загружаны працай і практычна ня мае магчымасці бачыць сваю сям’ю, а таксама паўнавартасна адпачываць пасля працы.

У звароце таксама канстатуецца, што ўласныя кватэры і нават катэджы маюць у раёне не толькі ўсе чыноўнікі такога рангу, але і іх дзеці і блізкія.

Жыхары раёна, якія паставілі свае подпісы пад зваротам, лічаць, што старшыня Астравецкага райвыканкаму А. Кавалько такім чынам імкнецца «трымаць суддзю на кароткім павадку», бо той вельмі ўважліва і аб’ектыўна ставіцца да разгляду судовых спраў і тым самым бароніць правы звычайных грамадзян ад чыноўніцкіх здзекаў.

Ініцыятарам звароту выступіў астравецкі актывіст, сябра партыі АГП Іван Крук. Ён лічыць, што ад цяперашняй чыноўніцкай сваволі варта бараніць і саміх чыноўнікаў, якія «праўдай і верай служаць свайму народу».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?