23 лютага дэпутаты палаты прадстаўнікоў на пазачарговай сесіі маюць разгледзець ініцыятыву сваіх калег з міжнароднай камісіі. Тыя прапануюць звярнуцца ў Канстытуцыйны суд для таго, каб вызначыць адпаведнасць польскага закону «Пра карту паляка» агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнароднага права.

Такая ініцыятыва ўзнікла 22 лютага у камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах і сувязях з СНД.

«Але пакуль без каментароў. Будзе ў нас 23-га паседжанне пленарнае, там усё і стане вядомым», — сказала сяброўка камісіі Валянціна Лявоненка.

Парлямент Польшчы прыняў закон пра «карту паляка» ў 2007 годзе, а дзейнічаць ён пачаў у 2008-м. «Карта» пацвярджае прыналежнасць этнічных палякаў, якія жывуць у СНД і Прыбалтыцы, да польскага народу і дае ім палёгкі ў афармленні візаў у Польшчу, гарантуе падтрымку пры вядзенні бізнэсу, працаўладкаванні і паступленні на вучобу ў Польшчы.

Улады Беларусі, як і Літвы, крытыкавалі практыку распаўсюду «картаў паляка». На іх думку, гэта стварае пэўныя небяспекі, з улікам наяўнасці застарэлых ранаў у адносінах Польшчы й Беларусі, Польшчы й Літвы.
Праблема яшчэ і ў тым, што эканамічна Беларусь слабейшая і не можа прапанаваць уласным суайчыннікам за мяжой чагосьці сувымернага.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?