Любімы сын Кадафі Сейфуль-Іслам — другі па ўзросце, ад другога шлюбу Муамара Кадафі. Многае сведчыла, што менавіта яму разлічваў перадаць уладу бацька. Ён выконваў функцыі дыпламатычнага і палітычнага прадстаўніка бацькі. Афіцыйна Сейф уль-Іслам (у перакладзе — Меч Іслама) займае пасаду кіраўніка Асацыяцыі наркакантролю і дабрачыннага фонду. Ён праславіўся сваімі раскошнымі вечарынкамі на дні нараджэння на самых дарагіх еўрапейскіх курортах, з удзелам еўрапейскіх мільярдэраў, у тым ліку Дзерыпаскі.Акурат Сейф
уль-Іслам выступіў з тэлезваротам пасля таго, як стала немагчыма далей замоўчваць пратэсты. Ягоныя аргументы перагукаюцца з тымі, якія беларусы чуюць на БТ.
Сын Кадафі пагражае патапіць краіну ў крыві.
«Муамар Кадафі краіны не здасць. Ён тут і будзе змагацца да апошняй хвіліны, да апошняга патрона»
«Гэта бандыты і наркаманы».
«За беспарадкамі стаяць замежныя элементы. Туніскія і егіпецкія найміты таксама тут, і пры тым яны ўзброеныя. Яны хочуць расчляніць і падзяліць нашу краіну. Спецслужбы раскрылі шпіёнскую сетку, якая складаецца з грамадзян іншых арабскіх дзяржаў».
«Лівія — не Туніс і не Егіпет. Для Лівіі непрымальны і немагчымы сцэнар рэвалюцый».
«Кадафі — не Мубарак і не Бэн Алі, класічныя тыраны. Ён — народны лідар».
«У выпадку працягу пратэстаў краіна пагрузіцца ў крывавую грамадзянскую вайну».
«У нас будзе новы сцяг і гімн. Але ў нас не будзе нафты, і хлеба таксама не будзе. Цяпер мы смуткуем па 200 загінулых, а будзем смуткаваць па ста тысячах».
* * *
У 2008 годзе Сейф уль-Іслам Кадафі абараніў доктарскую дысертацыю ў Лонданскай школе эканомікі на тэму «Роля грамадзянскай супольнасці ў дэмакратызацыі міжнародных інстытутаў: ад «мяккай сілы» да калектыўнага прыняцця рашэнняў?»
Другі сын Кадафі Мутасім працуе «каардынатарам сілавых структур», дарадцам па нацыянальнай бяспецы. Трэці, Хаміс, узначальвае брыгаду тыпу беларускага СОБРа. Усяго ў Кадафі 8 сваіх дзяцей, у тым ліку 7 сыноў, і двое прыёмных дзяцей.