Мінскім чаргавікам, якія будуюць жыллё ў гарадах-спадарожніках, плануецца выдаваць ільготныя крэдыты пад стаўку 1% на 40 гадоў. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску 23 лютага паведаміў намеснік старшыні Мінгарвыканкама Сяргей Радаман.

«Прапрацоўваецца пытанне аб змене ўмоў крэдытавання чаргавікоў, якія стаяць на ўліку грамадзян, што маюць патрэбу у паляпшэнні жыллёвых умоў, у Мінску, з мэтай прыраўнаваць іх з умовамі давання крэдытаў у тых населеных пунктах, якія стануць гарадамі-спадарожнікамі. Калі ў Мінску крэдыт для тых, хто мае патрэбу, выдаецца пад стаўку 5% на 20 гадоў, то ў гэтых населеных пунктах — пад 1% на 40 гадоў», — паведаміў Радаман.

Ён падкрэсліў, што гэта робіцца для стварэння прывабных умоў па будаўніцтве жыцця ў гарадах-спадарожніках. Паводле слоў намесніка старшыні Мінгарвыканкама, сярод тых, хто мае патрэбу, было праведзена апытанне на прадмет іх жадання будаваць жыллё ў прыгарадзе сталіцы. Апытанымі былі выказаны супярэчлівыя меркаванні адносна перспектыў жыць у гарадах-спадарожніках.

«Таму, не стварыўшы больш ільготных умоў для будаўніцтва, мы не прыцягнем людзей у гарады-спадарожнікі», — падкрэсліў Радаман.

Ён адзначыў, што Мінгарвыканкам ужо ўнёс прапанову аб змене ўмоў крэдытавання ў Мінбудархітэктуры. Таксама гэта пытанне ўжо абмяркоўвалася на адной з нарад ва ўрадзе.

Ён згадзіўся, што новыя ўмовы крэдытавання стануць дадатковай нагрузкай на бюджэт па кампенсацыі працэнтных ставак, супраць чаго, верагодна, выступіць Міністэрства фінансаў. «Але мы будзем працаваць, каб да лета гэтага года атрымаць вынік, хаця б узгадненне, і ўнесці праект на разгляд кіраўніку дзяржавы», — паведаміў Радаман.

Ён нагадаў, што ў цэлым рэалізацыю праграмы па будаўніцтве буйных жылых раёнаў для мінчан плануецца правесці ў два этапы — у 2011–2015 і 2016–2020 гадах.

Гарадамі-спадарожнікамі
стануць Смалявічы, Заслаўе, Лагойск, Дзяржынск і іншыя населеныя пункты.

Ужо сёлета ў Смалявічах плануецца пачаць будаўніцтва першага дома для жыхароў сталіцы, якія маюць патрэбу. Усяго ў Смалявічах плануецца пабудаваць жыллё для 60 тысяч чалавек. Мяркуецца, што 15 тысяч чалавек змогуць атрымаць зямельныя ўчасткі і пабудаваць прыблізна 5 тысяч катэджаў, яшчэ 45 тысячам чалавек будуць прапанаваны дамы шматпавярховай забудовы.

Сёлета на рэалізацыю праграмы плануецца накіраваць прыкладна 17 млрд. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?