Рок-каранацыю ажывіў ШОС
N.R.M. — «гурт 15-годдзя» і «альбом 15-годдзя». Без Вольскага NRM меладычна быў той самы, але з горшымі тэкстамі.
У мінскім клубе «Рэактар» прайшла 15-я«Рок-каранацыя» . N.R.M. — «гурт 15-годдзя» і «альбом 15-годдзя». Без Вольскага NRM меладычна быў той самы, але з горшымі тэкстамі.
Сёлета каранацыя прайшла без узнагароджаванняў: арганізатары вырашылі зладзіць гала-канцэрт, і сімвалічна выбраць найлепшы альбом і найлепшы гурт за апошнія 15 гадоў.Пасля праблем з пажарнай сігналізацыяй мерапрыемства перанеслася з канцэртнай залы «Мінск» у клуб «Рэактар». Тут, дарэчы, карані яшчэ адной спрэчкі – ці клубнае гэта мерапрыемства.
Здаецца, «Рэактар» для каранацыі ідэальны: усё ж такі слухаць рок-музыку ў крэслах, у абсалютнай цвярозасці і без магчымасці танчыць могуць, бадай што толькі ў нас.А клуб стварае сваеасаблівую рок-н-рольную атмасферу. З іншага боку,
на каранацыю прыйшло чалавек 500.Хутчэй за ўсё праз тое, што не ва ўсіх знайшлася магчымасць змяніць планы, дый абмен квіткоў заўжды адсейвае пэўную колькасць народу.
Ад блюзу да ШОСу
Вялі мерапрыемства Аляксандр Памідораў і Іна Кашырына. Калі Памідораў ужо заслужаны вядоўца, які, калі што, зможа выцягнуць усё мерапрыемства «на сабе», то спадарыня Кашырына, відаць, трошкі з іншай оперы — такую манеру весці канцэрт звыкла было б бачыць у філармоніі, але ніяк не на рок-канцэрце. Распачалося ўсё з выступу Drum Ecstasy — тры бубначы і гітарыст. Відаць менавіта так, з гучнай і адначасова цяжкай ноты і павінен пачынацца рок-фэст.
«Крама» (дарэчы, самыя першыя рок-каралі) выдала класічную порцыю хард-блюзу, з традыцыйна моцнымі сола на губным гармоніку (дарэчы, у Беларусі вельмі рэдка сустракаецца). Публіка паспела расслабіцца пасля працоўнага дня і з задавальненнем падпявала Варашкевічу. Але тут і з’явілася тое адчуванне, якое трымалася першую гадзіну: як быццам бы прысутнічаеш не на рок-каранацыі, а на вечары памяці ў рокерскім разуменні такога панятку. Пасля «Крамы» на сцэну выйшлі Kriwi – чарговы склад гурту адначасова змешвае фолк-матывы, фанк, кабарэ, рок-н-рол, этніку ды і астатнія жанры. Вераніка Круглова цягам адной песні пераўвасабляецца з Лайзы Мінэлі ў Бобі Макфэрына і наадварот.
Зміцер Вайцюшкевіч, адразу ж пасля вітання, тройчы прамовіў: «ШОС!» І аўдыторыя адразу ж перамянілася: як быццам трапіўшы ў іншую энэргетычную плынь.Вайцюшкевіч з акустычнай гітарай пераплюнуў усіх папярэдніх выступоўцаў. Сольная акустыка — рэч увогуле спецыфічная для любога музыканта, але ўжо пасля першай песні (на словы Караткевіча), людзі адчулі каларыт менавіта той напаўпадпольнай рок-каранацыі, якую так хацелася б аднавіць.
«Я нарадзіўся тут» (з ужо звыклымі словамі пра пецярбуржца Скарыну) спявалі хорам, а Вайцюшкевіч «узмацняў» рытм ШОСам.
Стары новы NRM
Піт Паўлаў адразу заявіў, што сёння прагучаць песні з новага альбома, які цяпер пішацца. Асноўнае пытанне – хто будзе на альбоме адказным за вакал – такім чынам закрылася. Выступ NRM быў галоўнай інтрыгай мерапрыемства: як будзе гучаць гурт без Вольскага і ці варта лічыць такі гурт NRM. Некаторыя прынцыпова не пайшлі на каранацыю праз адсутнасць Вольскага.
NRM меладычна быў той самы, але тэксты Вольскага нашмат лепшыя.
Песню «Аўтарадыё» разам з энэрэмаўцамі выканала Ірына Львова – праграмная дырэктарка радыёстанцыі. Неўзабаве песня з’явіцца ў інтэрнэце. А вось «Тры чарапахі» прагучалі не так, як раней, хаця ў музычным плане там нічога не змянілася. Толькі кожны радок цяпер спяваюць папалам Паўлаў і Дземідовіч. Але, што не дзіўна, публіка рэагавала станоўча – старыя песні самі сабой горшымі не сталі, і хай спявае лепш Паўлаў, чым ніхто. Тым больш Лявон Вольскі цяпер працуе з зусім іншай музыкай. Але вось пусты вакальны мікрафон, які стаяў пасярэдзіне сцэны ўвесь час нагадваў, што калісьці гэта быў іншы гурт. Хаця мелодыка і хітовасць класічнага NRMу засталася і ў новых песнях.
NRM былі прызнаныя найлепшым гуртам 15-годдзя, з найлепшым альбомам за той жа перыяд.
«Нейра Дзюбель» як эмацыйны цэнтр
А народнымі героямі, як і ў мінулым годзе, сталі «Нейра Дзюбель». Яны ўжо даўно даказалі, што могуць дазволіць сабе ўсё: хоць запісваць і спяваць кавер-версіі Давіда Тухманава. Усе гэтыя «Дзеці галактыкі» ўсё адно прагучаць так, як быццам іх напісаў Кулінковіч. Такое адчуванне, што ўсё шоу ладзілася выключна, каб сыграў гэты гурт: можна доўга апісваць, як літаральна за тры хвіліны «на вушы» паднялася ўся зала, як шаманіў са сцэны, сагнуўшыся «пытальнікам» Кулінковіч, але
калі на самым ускрайку танцпола мы заўважылі мужчыну ў афіцыйным касцюме, з залачонай асадкай у кішэні і агромністым чырвона-зялёным значакам на лацкане, які, ускідваючы ўверх рукі, спяваў «І так можна жыць» – стала зразумела, хто тут сапраўдныя рок-каралі.Асабліва пасля досыць спрэчнага выступу класічнага беларускага рок-гурту «Сузор’е», якія хоць людзі вельмі заслужаныя, але трошкі заблуканыя ў часе.
Адразу ж
пасля выступлення «Нейра Дзюбель» на сцэну выйшла Кася Камоцкая і пад гітарны акампанемент Памідорава, праспявала песню «Мая краіна», у памяць Таццяны Сапач. У канцы песні зала пракрычала «Жыве Беларусь».На гэтым эмацыйная частка рок-каранацыі скончылася. Таму што нават «Палац» з найлепшымі сваімі хітамі выглядаў пасля гэтага эмацыйнага ўсплёску блёкла. А «Без Білета», якія маюць мала дачынення да рок-музыкі, толькі нагадалі, што цяперашняя рок-каранацыя – абсалютна іншая, як бы мы да гэтага ні ставіліся.
Каментары