Ён змяшчае фотаздымкі пераможцаў аднайменнага конкурсу.
У літоўскім выдавецтве «Arx Baltica» выйшаў фотаальбом «Прэс-фота Беларусі 2010». У ім размешчаныя фотаздымкі пераможцаў аднайменнага конкурсу, які быў запачаткаваны ў мінулым годзе.
«Альбом, які вы трымаеце ў руках, — вынік першага ў гісторыі конкурсу фотажурналістаў, своеасаблівы зрэз прафесійнага майстэрства беларускіх фатографаў, што працуюць у сферы медыяў», — гаворыцца ў звароце арганізатараў конкурсу.
У конкурсе «Прэс-фота Беларусі 2010» прынялі ўдзел 96 фатографаў, які прадстаўляюць як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя СМІ. Сярод пераможцаў пераважную большасць складаюць фатографы, што жывуць і працуюць у сталіцы, але ёсць сярод лаўрэатаў і прадстаўнікі рэгіёнаў.
Арганізатары конкурсу плануюць, што «Прэс-фота Беларусі» стане штогадовы. «Спадзяемся, што гэта паспрыяе фармаванню высокіх стандартаў у айчыннай фотажурналістыцы і абмену прафесійнай інфармацыяй ды досведам паміж пакаленнямі беларускіх фатографаў».
Нагадаем, што адным з пераможцаў «Прэс-фота Беларусі 2010» стала фотакарэспандэнтка «Нашай Нівы» Юлія Дарашкевіч. Яна з’яўляецца рэдактарам конкурснага фотаальбома.
«Наша Ніва» з’яўляецца адным з інфармацыйных партнёраў конкурсу.