Нерухомасць у Лондане і сродкі ў англійскіх банках, якія належаць Муамару Кадафі, у бліжэйшыя дні будуць канфіскаваныя, піша The Telegraph у пятніцу.
Выданню ўдалося высветліць, што казначэйства Вялікабрытаніі сфармавала спецыяльнае падраздзяленне для пошуку сродкаў сям’і Кадафі, перапраўленых у краіну.
Фота AP.
У ходзе расследавання высветлілася, што лівійскі лідэр мае шматмільярдавыя даляравыя рахункі ў ангельскіх банках, а таксама камерцыйную нерухомасць і асабняк у Лондане — на агульную суму $ 20 млрд.
Усе актывы спачатку будуць замарожаныя, адзначае газета.
«Галоўнай задачай уладаў цяпер з’яўляецца эвакуацыя брытанскіх падданых з Лівіі. Але адразу пасля гэтага мы зоймемся актывамі Кадафі, гэта прыярытэтны накірунак», — заявіла выданню крыніца ў брытанскім урадзе.
МЗС Лівіі ў чацвер увечары абверг інфармацыю аб наяўнасці ў швейцарскіх банках рахункаў Кадафі, пра што раней заявілі ўлады Швейцарыі. Раней Кадафі быў уступіў у дыпламатычны канфлікт са Швейцарыяй, якая спрабавала пакараць за злачынства ягонага сына Ганібала.
Тым часам сам Кадафі ўчора ў тэлефоннай размове з лівійскім дзяржаўным тэлебачаннем абвінаваціў у падзеяхЁн абяцаў падвышэнне заробкаў і дараванне крэдытаў.«Аль-Кайду» . Ён заявіў, што на вуліцы выходзяць юнцы. «Ніхто, каму больш за 20 гадоў, у гэтых падзеях удзельнічаць не будзе». Спрабуючы залагодзіць народ, Кадафі таксама даказваў, што ён ніякі не дыктатар, а проста «сімвалічны, маральны лідар, як брытанская каралева».
Тым часам учора ж спецчасткі Кадафі спрабавалі вярнуць кантроль над гарадамі Завія і Місрата. Паводле супярэчлівай інфармацыі, ім удалося разагнаць дэманстрантаў з цэнтра Завіі — горада на захад ад Трыпалі, дзе знаходзіцца найбольшы нафтаперапрацоўчы завод краіны. Для гэтага яны ўжылі кулямёты і артылерыю. У той жа час баі ў раёне аэрапорта Місраты скончыліся перамогай паўстанцаў. Місрата знаходзіцца за 200 км на ўсход ад сталіцы Трыпалі. Гэта трэці па памеры горад краіны.
Большая частка ўсходу краіны перайшла пад кантроль паўстанцаў. Старэйшыны і інтэлігенцыя фармуюць там часовыя органы кіравання.У прыватнасці, у Бенгазі гэтым займаюцца прафесары мясцовага ўніверсітэта. З усходу краіны даходзяць вычарпальныя звесткі, бо туды прыбылі дзясяткі замежных карэспандэнтаў.
Значную ролю ў самаарганізацыі вызваленых тэрыторый адыгрываюць вайсковыя часткі, аб’яднанні юрыстаў і судзейскі корпус, а таксама калектывы навучальных устаноў і мясцовыя радыёстанцыі.
Камандаванне паўстанцкімі сіламі ўзяла на сябе група з сямі палкоўнікаў арміі, якія знаходзяцца ў Бенгазі — горадзе, з якога пачаліся дэманстрацыі, што перараслі ў паўстанне.
Да паўстанцаў далучыліся генерал арміі, камандуючы ўсходняй акругай, а таксама міністры ўнутраных спраў і юстыцыі краіны.
Як перадаюць замежныя карэспандэнты з Бенгазі, цяпер камандаванне паўстанцаў высылае групы байцоў у мясцовасці вакол Трыпалі. З іх можа пачацца захоп сталіцы Лівіі.
Вернасць Кадафі захоўвае ягоная асабістая ахова, а таксама часткі на чале з ягонымі сынамі.