Сёння, 25 лютага, у Іраку пачаўся агульнанацыянальны Дзень гневу — акцыя, падчас якой жыхары збіраюцца патрабаваць ад уладаў вырашыць пытанне недахопу працоўных месцаў, харчавання, электраэнергіі і вады.

Як паведамляе Reuters, на акцыі пратэсту выйшлі тысячы іракцаў. Дэманстрацыі ахапілі шмат буйных гарадоў па ўсёй тэрыторыі краіны — ад Кіркука на поўначы да Басры на поўдні.

Паводле дадзеных СМІ, ужо ёсць першыя ахвяры: падчас сутычак дэманстрантаў з супрацоўнікамі сілавых структураў у Кіркуку загінулі два чалавекі і каля 30 атрымалі раненні.

Цяпер сотні дэманстрантаў спрабуюць прарвацца на багдадскую плошчу Тахрыр. Ім перашкаджаюць паліцыя і вайскоўцы, якія заблакавалі подступы да запланаванага месца збору маніфестантаў.

Заклікі выйсці 25 лютага на масавыя дэманстрацыі на плошчу Тахрыр у цэнтры Багдаду і ў іншых гарадах Ірака распаўсюджваліся ў апошнія два тыдні ў сацыяльных сетках Facebook і Twitter, на шэрагу іракскіх сайтаў, а таксама рассылаліся па электроннай пошце.

У адрозненне ад іншых арабскіх краін, пратэсты ў Іраку не скіраваныя на зрынанне рэжыму. Іх удзельнікі заклікаюць перш за ўсё вырашыць пытанне недахопу працоўных месцаў і бытавыя праблемы.

Учора ў Багдадзе быў арыштаваны журналіст Мунтазер аз-Зейд, які праславіўся ў снежні 2008 года тым, што кінуў у тагачаснага прэзідэнта ЗША Джорджа Буша-малодшага абодва свае чаравікі. Яго затрымалі непасрэдна перад прэс-канферэнцыяй, якую ён склікаў у Багдадзе, каб паведаміць, што вярнуўся ў краіну з Лівана для ўдзелу ў прызначанай на пятніцу дэманстрацыі.

Прэм’ер-міністр Ірака Нуры аль-Малікі напярэдадні заклікаў насельніцтва краіны не ўдзельнічаць у Дні гневу. Ён прызнаў, што грамадзяне Ірака маюць права на адкрыты пратэст у любым месцы і ў любы час, але заявіў, што акцыі ў межах Дня гневу не толькі «выклікаюць падазрэнне», але і «падтрымліваюцца прыхільнікамі Садама Хусэйна, тэрарыстамі і Аль-Каідай, таму прыстойным іракцам у іх удзельнічаць не варта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?