Станіслаў Шушкевіч ганарыцца тым, што ўдзельнічаў у падпісаньні дамовы пра спыненьні існаваньня СССР і лічыць надзвычай важным, што сёньняшняму прэзыдэнту не дасталася ядравая зброя. «Гэта гарантыя таго, што Эўропа жыве спакойна».

«Наш прэзыдэнт – чалавек малаадукаваны, мае правінцыйную пэдагагічную адукацыю, і некаторыя рэчы да яго вельмі павольна даходзяць. Вось ён заявіў, што дужа задаволены, што існуе СНД. А галоўнай жа падзеяй, якая адбылася ў Менску пятнаццаць гадоў таму, было менавіта стварэньне СНД, таму што Саюз фактычна разваліўся нашмат раней», – цытуе Шушкевіча Telegraf.by.

Галоўным жа станоўчым вынікам сваёй дзейнасьці былы беларускі лідэр назваў адмову ад ядравай зброі. «Гэта я залічыў у свае дасягненьні пасьля таго, як Паўночная Карэя выпрабавала нейкую жалю вартую бомбачку. Нагадаю, што ў нас была восемдзесят адна супэрсучасная ракета, зь іх дзевяць – з разьдзяляльнымі боегалоўкамі. Дык вось тое, што гэта было вывезена і ня трапіла ў рукі сёньняшніх беларускіх кіраўнікоў, – гарантыя таго, што Эўропа жыве спакойна», – адцеміў Шушкевіч.

На ягоную думку, некаторыя краіны былога СССР загразьлі ў «манархічным цемрашальстве». «Гэта бачна і ў Азэрбайджане, і дзе-нідзе ў Расеі», – заявіў Шушкевіч і дадаў, што ў Беларусі ўсталяваная «дыкататура прымітывізму».

Раней Лукашэнка не аднойчы крытыкаваў Шушкевіча, Ельцына і ўкраінскага лідэра Леаніда Краўчука за «трагічную памылку», якую яны дапусьцілі, калі падпісалі ў 1991 годзе ў Белавескай пушчы пакет дакумэнтаў, якія фактычна паклалі канец існаваньню СССР, – нагадвае «Лента.Ру»

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0