Гродзенскі журналіст падзяліўся з «НН» уражаннямі пра ўтрыманне на Акрэсціна.

Відэа baj.by

25 лютага ў пятніцу з невялікімі прыгодамі быў вызвалены з СІЗА на Акрэсціна гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут. З тэрыторыі цэнтра прафілактыкі правапарушэнняў вывезлі на аўто пад руляй аўтамата, гадзіну вазілі па горадзе і потым высадзілі ў цэнтры сталіцы — амаль на тым самым месцы, дзе і затрымалі 19 снежня, як удзельніка «несанкцыянаванай акцыі». Андрэй падзяліўся з «НН» уражаннямі пра ўтрыманне на Акрэсціна.

«Запалохваць пачалі адразу»

На Акрэсціна журналіста асабіста сустракаў начальнік установы маёр Сяргей Карповіч. «Адразу пачаў палохаць дадатковым тэрмінам арышту, казаў, што ёсць нагода, маўляў, я пабіў міліцыянта, — расказвае Андрэй. — У мяне юрыдычная адукацыя, з курса крымінальнай псіхалогіі я ведаю пра падобныя спосабы застрашвання».

У часе ўтрымання ў дачыненні да журналіста, па яго назіраннях, ахоўнікі некалькі разоў выходзілі за межы сваіх службовых абавязкаў. За гадзіну да вызвалення яго перавялі ў пустую камеру. Прыйшоў маёр Карповіч і завёў старую песню, ці не хоча журналіст застацца ў іх яшчэ. Пачуўшы, што той гатовы пасядзець, калі будзе дадатковы тэрмін, маёр пачаў настойваць, каб Пачобут не даваў інтэрв’ю і не кранаў тэмы Акрэсціна.

За дзвярыма турмы Андрэя чакала машына. «Я пачаў адмаўляцца ехаць, казаў, што не ведаю горада, пачаў патрабаць адпаведных папер. Міліцыянты разгубіліся, было бачна, што яны не хацелі ўжываць сілу». Афіцэр, што кіраваў канваірамі, з кімсьці параіўся і даў загад «пакаваць».

Па словах Андрэя, побач з ім сеў міліцыянт з аўтаматам. Зброю паклаў сабе на калені, рулю накіраваў у бок журналіста і загадаў: «Ніводнага руху цяпер!»

Але Андрэй парушыў загад: за брамай пабачыў калегаў і паказаў ім пальцамі знак «вікторыі». Міліцыянты на гэта прамаўчалі.

Яшчэ адзін сюрпрыз чакаў Андрэя, калі ён застаўся адзін на незнаёмай вуліцы недзе ў цэнтры — ягоныя тэлефоны былі заблакаваныя. Але ён здолеў сустрэцца з калегамі і даць ім інтэрв’ю акурат пад сценамі СІЗА, як таму ні супраціўляўся маёр Карповіч.

«Там было брудна і халодна»

«Трапіўшы на Акрэсціна, я не чакаў таго, што там убачу. Думаў, што гэта рэспубліканскі ізалятар, што тут усё павінна быць на ўзроўні. А тут брудная падлога, брудныя нары, шуба на сценах. Вокны няшчыльныя, адно ўвогуле разбітае», — расказвае журналіст. Кожную раніцу на пытанні ахоўнікаў пра скаргі,

Андрэй казаў, што ў камеры халодна. «Яны на гэта задаволена ўсміхаліся і раілі займацца фізічнымі практыкаваннямі для сугрэву».

Пачобут прыгадвае, што такія камеры яму даводзілася бачыў пры канцы 90-х у Гродне, а таксама ў часе затрыманняў у ізалятарах Ліды і Шчучына. Цяпер у гродзенскім ізалятары значна лепш, ёсць матрацы, у камерах чыста і не так халодна.

Ад холаду ратавалі цёплыя рэчы, перададзеныя з волі калегамі і неабыякавымі людзьмі. Трошкі ўтульней, хоць і тлуму было больш, рабілася, калі камера напаўнялася вязнямі.

Турэмныя ўніверсітэты

Андрэй быў адзіным «палітычным» у камеры. Ягоныя суседзі — людзі самых розных лёсаў і гісторый. Малады хлопец, 23 гады, сірата. Акуратна, але сціпла апрануты: лёгкія красоўкі на нагах, тонкія джынсы, пад якімі ніякай зімовай бялізны.

Доўга маўчаў, але потым прызнаўся, што не меў за што купіць паесці, таму ежу проста скраў у краме.
Такіх, што кралі прадукты ў краме, было некалькі. Мужчына, які выпіў пляшку «бырла» проста на парозе РАУС. Рабацяга, які некалі працаваў у Драздах. Хваліўся, што ў басейне, дзе ён клаў кафлю, купаецца Лукашэнка. Працаваў і ў Жадобіна.

Большасць арыштантаў маюць судзімасці. «З рэцыдывістамі можна размаўляць на розныя тэмы — па турмах яны шмат чытаюць. Некалі я чытаў у Пясэцкага пра крымінальнікаў пачатку ХХ ст., а тут пазнаёміўся з крымінальным светам пачатку ХХІ-га», — смяецца Андрэй.

«Мяне выкралі і незаконна ўтрымлівалі»

Калі рыхтавалася касацыя на прысуд, Андрэй Пачобут дамовіўся з адвакатам, што ў скарзе будзе ўзнятае пытанне пра яго затрыманне 12 студзеня. У той дзень да журналіста прыйшлі з ператрусам, пасля чаго яго пасадзілі ў аўто і адвезлі ў Мінск. Ноч ён правёў у пастарунку, адкуль яго адвезлі ў суд, дзе пакаралі штрафам. «Як высветлілася, нідзе ў маіх паперах гэты факт не адзначаны.

Наконт майго затрымання, вывазу ў сталіцу і ўтрымання да суда няма ніводнага дакумента, у тым ліку і ў адміністрацыйнай справе. А ніякіх іншых спраў у дачыненні да мяне не заводзілася. Таму я схільны лічыць, што мяне выкралі і незаконна ўтрымлівалі»,
— кажа журналіст. Ён будзе абскарджваць дзеянні спецслужбаў.

Андрэй прыгадавае, што па вызваленні даведаўся пра хвалю салідарнасці, пра заявы кіраўніка Еўрапарламента, прэзідэнта Польшчы. «Вось чаму за ўсе 15 сутак да мяне не прыйшлі з КДБ». Андрэй падзякаваў усім, хто яго падтрымліваў у гэтыя дні.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?