Рашэнне прынятае адзінадушна, у тым ліку галасамі Расіі і Кітая.

Для Кадафі было важна, каб пра яго гаварылі: няважна, добра ці кепска. На фота: на парадзе ў Трыпалі, 2009 год.

Для Кадафі было важна, каб пра яго гаварылі: няважна, добра ці кепска. На фота: на парадзе ў Трыпалі, 2009 год.

Сёння, уначы па мінскім часе, Рада Бяспекі ААН у Нью-Ёрку адзінагалосна прыняла рэзалюцыю па сітуацыі ў Лівіі. Яна беспрэцэдэнтная.

Па-першае, яна заклікае ўлады Лівіі «неадкладна спыніць гвалт і адказаць на законныя патрабаванні насельніцтва».

Па-другое рэзалюцыя заяўляе, што

напады на мірных грамадзян могуць быць расцэнены як злачынствы супраць чалавецтва. У гэтым выпадку справа можа быць разгледжана ў Міжнародным трыбунале ў Гаазе.
Рада Бяспекі ААН прыняла рашэнне пра замарожванне ўсіх рахункаў і маёмасці, што належыць сям’і Кадафі.

Уводзіцца эмбарга на пастаўкі зброі ў Лівію.

На Кадафі, ягоных дзяцей і кіраўнікоў сілавых структур Лівіі накладаюцца візавыя санкцыі.

Рэзалюцыя таксама заклікае лівійскія ўлады зняць абмежаванні на дзейнасць СМІ і прыняць меры для забеспячэння бяспекі замежных грамадзян.

За рэзалюцыю галасавалі ў тым ліку Кітай і Расія, якія рэдка падтрымліваюць ініцыятывы, звязаныя з правамі чалавека. Вар’яцкія паводзіны Кадафі, аднак, аб’ядналі процілеглыя лагеры ў міжнароднай супольнасці.
Намеснік кіраўніка лівійскай місіі пры ААН прывітаў прынятую рэзалюцыю як «маральную падтрымку народа Лівіі». Ён выказаў надзею, што яна паскорыць канец «гэтага фашысцкага рэжыму».
Як і дзясяткі іншых дыпламатаў і чыноўнікаў, ён перайшоў на бок апазіцыі.

Папуліст Кадафі быў эксцэнтрычным лідарам. Ён адмаўляў дэмакратыю заходняга ўзору і разлічваў перадаць уладу сваім сынам. З часам ён стаў лічыць сябе непераможным, геніяльным палітыкам. На пачатку свайго кіравання ён насіўся з ідэямі стварэння адзінай арабскай дзяржавы і нават заключыў дамову пра саюзную дзяржаву з Егіптам і Сірыяй. Аднак у выніку рассварыўся з саюзнікамі. У Лівіі ён стварыў сістэму псеўдадэмакратыі: Джамахірыю. Пры гэтым кіраўніцтва краіны не выбіралі, а ўлада фармальна належала бутафорскаму прадстаўніцтву кшталту «Ўсебеларускага народнага сходу».

Па сваім палітычным стылі Кадафі быў тыповым папулістам. Для яго было важна, каб пра яго гаварылі: няважна, добра ці кепска. Сябе ён пазіцыянаваў як самародка з народа.

Ён правёў у Лівіі пэўную мадэрнізацыю. Аднак у цэлым сістэма была скіраваная не на ўстойлівае развіццё, а на захаванне кантролю над грамадствам. Кадафі доўгі час прыкрываў рэпрэсіі супраць апазіцыі неабходнасцю барацьбы з радыкалізмам.

Палітычныя эліты як Захаду, так і арабскага свету ўспрымалі Кадафі як выскачку. Ён, у сваю чаргу, пазіцыянаваў сябе на кантрасце з імі. Ён быў перасвараны з большасцю калег, у тым ліку суседзямі. Пасябраваў ён апошнім часам з Лукашэнкам, Чавэсам і непераборлівым Берлусконі
 — для якога маюць значэнне толькі бізнэс-інтарэсы. Урэшце сталася так, што цяпер Кадафі — унікальны выпадак — няма куды ўцякаць з краіны. Ягоны туніскі калега знайшоў прытулак у Саудаўскай Аравіі. Мубарака ахоўвае войска. А Кадафі раскрытыкавала нават Венесуэла. Гэта можа зрабіць ягоны канец больш крывавым. Як пазбегчы такога варыянта, цяпер ламаюць галовы заходнія дыпламаты. Можа быць, Мінск? Беларускія ўлады маўчаць.
У часе дыскусіі ў Радзе Бяспекі ААН Расія выступіла супраць сілавога ўмяшання ў Лівіі.
На думку расійскага прадстаўніка, гэта магло б «ускладніць сітуацыю» ў краіне. Справа можа быць у тым, што магчымасці для ваеннай аперацыі там мае толькі НАТО, а гэта ўзмацніла б пазіцыі краін альянсу ў новай Лівіі, чаго Расія не хоча.
Не ўвяла Рада бяспекі ААН і забарону на палёты над Лівіяй, што прасіла лівійская апазіцыя.
Самалёты ёсць толькі ў Кадафі, і гэта стрымлівае паўстанцаў ад вайсковай аперацыі супраць дыктатара. Устрыманне міжнароднай супольнасці ад такіх мераў можа прывесці да зацяжкі канфлікту, новых ахвяраў і ўтварэння патавай сітуацыі.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?