Сёньня Бэнэдыкт XVI наведаў Блакітны мячэт у Стамбуле. Аўтар гэтых радкоў пабыў там чатырнаццаць гадоў таму.

Мы з Сяргеем Плыткевічам (абодва працавалі ў "Народнай газеце", яшчэ той, што была сьцягам дэмакратаў) прыляцелі ў Стамбул чартэрам. Рэгулярных рэйсаў тады не было. Наша публіка яшчэ не аблюбавала недарагія курорты Антальі. Турцыю толькі пачыналі адкрываць чаўнакі. Цягнулі адтуль у клятчастых валізах на нашыя базары (слова, дарэчы, турэцкае) розную адзежу зь несапраўднымі лэйбламі знакамітых фірмаў...

Мы ж на запрашэньне іхняга МЗС зрабілі цудоўную вандроўку па ўсёй краіне — ад Басфору да Эўфрату.

Потым надрукавалі сэрыю артыкулаў пра турэцкі досьвед мадэрнізацыі. Тады здавалася, што калі ўжо мусульманская краіна здолела так хутка вэстэрнізавацца, дык маладая Беларусь стане цалкам эўрапейскай за лічаныя гады!

Між іншым, туркі працавітасьцю ды цярплівасьцю падобныя да беларусаў. Нават дзівісься сам сабе, што такі рахманы этнас за часамі Асманскай імпэрыі трымаў у страху паўсьвету.

Зрэшты, людзі, як і ў нас, розныя. У Стамбуле, напрыклад, расслабляцца нельга. Горад надта тлумны. Ня горад нават, а мэгаполіс. І абчысьціць могуць у тым мэгаполісе — вокам не міргнеш.

Бачыце, я на здымку сумку да сябе прыціскаю. Бо можа наляцець, атачыць натоўп падшыванцаў — цыгарэту там просяць ці што, а потым чалавек без партаманэта застаецца...

Між тым у Сяргея — шыкоўная фотаапаратура "Нікан", рэдакцыйны скарб. Калі страцім — рэдактар Сярэдзіч галовы паадрывае! А Плыткевіч (ён выдатны фотамайстар, пацікаўцеся творчасьцю!) увесь час шчоўкае камэрай і ня можа сачыць за кофрам са зьменнымі аб'ектывамі, што целяпаецца за сьпіной. Такая спакуса для злодзеяў!

І тады мы ўжылі тактыку пілётаў-зьнішчальнікаў. Як вядзёны ў пары прыкрывае хвост вядоўцу, так і я прыкрываў Сяргееў кофар. Адшываў усіх падазроных тыпаў.

Перад уваходам ў Блакітны мячэт, як і належыць, памылі ногі. Там, бачыце, усё прадугледжана.

Не абмінулі і Ая-Сафію — колішні праваслаўны храм, потым перароблены асманамі, натуральна, у мячэт і, нарэшце, ператвораны за Ататуркам ў музэй. Бачыце, вось тут ягоны выразна бізантыйскі купал на заднім пляне.

Карацей, усё ішло выдатна. Калі не лічыць пары дробных прыгодаў, пра якія мо' шчэ будзе нагода распавесьці.

А вось на фінішы чакаў сапраўдны сюрпрыз. Наступны чартэр — той, на які ў нас былі зваротныя квіткі — у Стамбул не прыляцеў. Ці то пасажыраў не набралася, ці то якія тэхнічныя праблемы...

І вось сядзім мы ў аэрапорце імя Ататурка без адзінае ліры (каліва той валюты расшасталі, думалі ж, вось-вось у Менску апынемся), рыхтуемся ціха паміраць з голаду. Наступны самалёт з сінявокай Радзімы — аж праз сем дзён!

Прыляглі на лавах у залі чаканьня, абутак ськінулі... Але гэты малюнак, звыклы для "саўка", адразу прыцягнуў увагу паліцыянтаў. Падышлі і бразгаюць кайданкамі: маўляў, зараз забярэм у пастарунак як валацугаў!

Нам з Плытом (падпольная мянушка :) нічога не заставалася, акрамя як пацягнуцца з заплечнікамі прэч. Атабарыліся ў лагчынцы непадалёк ад узьлётнае паласы. Дасталі рэшткі сухога пайку і пляшку нейкага дзіўнага мясцовага брэндзі (бралі як сувэнір дадому, але ж тут такі форс-мажор!).

Адкаркавалі, я пачаў прамаўляць тост і раптам зьнямеў. Да нас набліжаўся вайсковы патруль з аўтаматамі і сабакам.

Мы жахнуліся. Увесь тыдзень ва ўсіх кутках Турцыі (нават пры дзьвярах супэрмаркетаў) бачылі да зубоў узброеных жаўнераў. У іх жа там галоўная стрэмка — курдзкія тэрарысты.

І вось мы паглядзелі на сябе вачыма ахоўнікаў. Побач з аэрадромам — стратэгічным аб'ектам! — заляглі падазроныя суб'екты з заплечнікамі. Натуральна, тэрарысты з выбухоўкай!

Думаем: ну, усё, капец, зараз дзеля надзейнасьці спачатку ўлупяць з аўтаматаў, а потым ужо будуць вывучаць прадзіраўленыя дакумэнты... Устаць, закрычаць на незразумелай тутэйшаму люду мове, што мы мірныя людзі — тым болей нарвесься на сьвінцовую чаргу.

Карацей, урасьлі ў турэцкую глебу, ня дыхаем. Самае дзіўнае, што пры гэтым злаўчыліся высмактаць з рыльца брэндзі. Каб не даставаўся чужынцам. Дый увогуле, мо' апошняя асалода ў жыцьці.

Сёньня мы з Сяргеем (вось ён тут на здымку) згадваем тую прыгоду са сьмехам, а тады не да жартаў было.

Аднак вецер, на шчасьце, дзьмуў у наш бок, і сабака нічога ня зьнюхаў.

Патруль патаптаўся за нейкую сотню крокаў ад нашага логава — і пашыбаваў назад.

Назаўтра, пакусаныя на начлезе гіганцкімі мурашамі (сапраўдныя янычары!), мы спрабавалі дамовіцца з прадстаўніком расейскага "Аэрафлёту", каб вылецець у любы горад суседняе дзяржавы. Але той толькі пакпіў: маўляў, вы ж цяпер сувэрэнныя, вось і выблытвайцеся як хочаце!

У рэшце рэштаў нас падманам правялі на борт у складзе сваёй групы чаўнакі-летувісы. Проста ад рукі дадалі ў сьпіс. А туркі-памежнікі пад люпай паперу не вывучалі. Так мы і прасьлізнулі.

Перагружаны "Ан-24" прабег цераз усю паласу і, ледзьве не чапляючы хвалі Мармуровага мора, зь цяжкім чмяліным гудам стаў набіраць вышыню.

Ляцелі, праўда, у Каўнас. Але гэта ўжо мала хвалявала. З мусульманскага краю мы вярталіся на гістарычны абсяг Вялікага княства. Лічы, дадому.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?