Гэта здарылася 27 лютага на «Мінск-Арэне».

Лукашэнка прысутнічаў на чацвёртым матчы серыі ¼ фіналу Заходняй канферэнцыі. Зала ўзарвалася напалову воплескамі, а напалову — свістам, пасля таго як дыктар абвесціў аб прысутнасці кіраўніка дзяржавы.

Месцамі свіст быў такі моцны, што «закладала вушы», паведаміў «Нашай Ніве» прысутны там чытач. Другі чытач лічыць, што «воплескаў было болей, чым свісту, але вялікая частка залы сапраўды свістала».
На матчы прысутнічала каля 16 тысяч гледачоў
 — такую масу людзей немагчыма кантраляваць з дапамогай падсадных агентаў.

«Дынама» саступіла на «Мінск-Арэне» яраслаўскаму «Лакаматыву» з лікам 2:4 (1:2, 0:2, 1:0). Учора Лукашэнка не прысутнічаў, а нашы перамаглі. Забабонная частка гледачоў актыўна абсмоктвала гэты момант пасля матчу.

Факт асвіствання Лукашэнкі абмяркоўваецца на форумах «Прессбола» як незвычайны.

Варта нагадаць, што ў свой час рэвалюцыя ў Румыніі пачалася з абсвіствання дыктатара на мітынгу, які ён сабраў у сваю падтрымку.
Свіст тады нагэтулькі збянтэжыў Чаўшэску, што той перарваў прамову і сышоў з трыбуны.

У Беларусі публічная крытыка Лукашэнкі не гучыць. Так званыя «дзяржаўныя СМІ» даюць толькі пазітыўную інфармацыю пра яго і ягоную дзейнасць і не дазваляюць ніякіх негатыўных ацэнак.

Сам Лукашэнка ў апошнія гады з’яўляецца толькі ў падрыхтаваных аўдыторыях, якія знаходзяцца пад строгім кантролем ягонай Службы аховы, што стварае спецыфічную псіхалагічную атмасферу.

Паводле некаторых ацэнак, рэйтынг Лукашэнкі ў Мінску напярэдадні выбараў складаў усяго ад 30 да 40 працэнтаў. У адрозненне ад мінулых часоў, кляцьбу на ягоны адрас цяпер можна нярэдка пачуць у грамадскім транспарце і чэргах на поштах і ў банках.

Асвістванне 27 лютага, як выглядае, было спантанным. Яго не справакавала ніводная з апазіцыйных груп. Прынамсі, ніводзін апазіцыйны вэб-сайт пра яго пакуль не паведамляў. Не выстаўлена і відэа эпізоду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?