Пасяджэньне Гаспадарчага суду Менску па справе аб скасаваньні дамовы арэнды з МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (старшыня Рады – Алена Макоўская) прызначана на 5 сьнежня. Яно адбудзецца ў 14.30 у будынку Гаспадарчага суду Менску па адрасе: вул. Сьвярдлова, 3, каб 301. Справу будзе разглядаць судзьдзя Мельнікава.
На падрыхтоўку да суду «Бацькаўшчына» мае літаральна 5 дзён, 2 зь якіх – выходныя, бо вызначэньне аб прыняцьці ці іскавай заявы ад КУП «Менская Спадчына» і ўзбуджэньні справы аб скасаваньні дагавора арэнды Згуртаваньне атрымала 30 лістапада.
Нагадаем, што права арэнды на 25 гадоў (да 2018 г.) у будынку па вул. Рэвалюцыйнай, 15, «Бацькаўшчына» атрымала ў адпаведнасьці з пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і распараджэньнем Менгарвыканкаму. Ніводны з гэтых дакумэнтаў ня страціў юрыдычнай сілы.
Сёлета было прынята рашэньне аб правядзеньні будаўніча-мантажных работ у згаданым будынку, у сувязі з чым і былі выселеныя ўсе арандатары. «Бацькаўшчына» ня стала выняткам і 7 жніўня вызваліла займаныя памяшканьні, каб не замінаць праводзіць будаўнічыя работы (якія, дарэчы, так і не пачаліся).
У судзе «Бацькаўшчына» гатова абгрунтавана выкласьці сваё бачаньне сытуацыі і аргумэнтавана даказаць, што юрыдычных падставаў для скасавання дамовы арэнды – адпаведна, пазбаўленьня Згуртаваньня юрыдычнага адрасу – няма.