У Гомелі, які абвешчаны ў 2011 годзе культурнай сталіцай Беларусі і СНД, плануецца правесці больш як 150 мерапрыемстваў, у тым ліку Дні культуры краін Садружнасці.

Пра гэта паведаміў міністр культуры Беларусі Павел Латушка на прэс-канферэнцыі 28 лютага ў Гомелі пасля ўрачыстага ўручэння абласному цэнтру сертыфіката культурнай сталіцы.

Паводле слоў Латушкі, жыхароў Гомеля ў 2011 годзе чакаюць выставы, канцэрты, прэм’еры фільмаў, фальклорныя і абрадавыя мерапрыемствы, фестывалі, а таксама мадэрнізацыя і рэканструкцыя помнікаў гісторыі і культуры.

Фінансаванне будзе ажыццяўляцца з гарадскога, абласнога, рэспубліканскага бюджэтаў, а таксама з прыцягненнем сродкаў спонсараў і мецэнатаў. Фінансаванне таксама абяцана з боку Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД. У 2010 годзе гэты фонд на правядзенне 13 розных мерапрыемстваў у Беларусі выдзеліў больш як 50 млн. расійскіх рублёў.

Як зазначыў міністр інфармацыі сустаршыня Савета па гуманітарным супрацоўніцтве дзяржаў — удзельніц СНД Алег Праляскоўскі, праект «Гомель — культурная сталіца» будзе канцэнтраваць рэсурсы — як матэрыяльныя, гэтак і чалавечыя.

Павел Латушка падкрэсліў, што адна з мэтаў акцыі — паказаць, што грамадзяне Беларусі незалежна ад таго, жывуць яны ў сталіцы, у раённых ці абласных цэнтрах, маюць права атрымліваць такія ж «культурныя даброты», як і жыхары Мінска. Ён зазначыў, што акцыя павінна актывізаваць культурнае жыццё горада, а таксама пазіцыянаваць Гомель з пункту гледжання культурнага цэнтра дзяржавы ў рэкламна-турыстычных мэтах.

«Важна пазіцыянаванне Гомеля і на міжнароднай арэне, рэалізацыя гэтага праекта дае нам такую магчымасць — больш шырока азнаёміць жыхароў краін СНД з Гомелем. Думаем, у нас з’явяцца новыя магчымасці пашырыць міжкультурны дыялог, а значыць будаваць добрыя адносіны з нашымі суседзямі — краінамі СНД», — мяркуе міністр культуры.

Ён запэўніў, што на працягу года ў Гомель будуць накіраваны 25 калектываў са статусам «нацыянальны» — тэатр оперы і балета, дзяржаўныя ансамблі, хор імя Цітовіча, пройдуць выставы з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея. Будзе зняты дакументальны фільм «Гомель — культурная сталіца Беларусі і Садружнасці 2011 года».

Урачыстыя мерапрыемствы ў Гомелі пачаліся з адкрыцця выставы Вітольда Бялыніцкага-Бірулі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?