Гіерогліфы для мабільных тэлефонаў былі вынайдзеныя ў Ізраілі, і карыстаюцца імі пакуль што толькі абанэнты ізраэльскіх мабільных сетак. Аднак у хуткім часе Zlango пашырыцца і на іншыя краіны.
Як сьцьвярджаюць стваральнікі, Zlango - простая, зразумелая і нескладаная для вывучэньня. Дастаткова гадзіны, каб засвоіць значэньне іконак. Яны падзеленыя на некалькі катэгорыяў: людзі, дзеяньні, месцы, эмоцыі, час, думкі і інш. Іконкі грунтуюцца на сымбалях, укаранелых у культуры. Напрыклад, лебедзь – гэта «прыгожы», брыдкае качаня – «брыдкі». Мозг азначае «разумны», перакрэсьлены мозг – «дурны». Слова «сказаў» – гэта дымок падобны да таго, што малююць у коміксах, а «ты» – чалавек, які паказвае пальцам на таго, хто глядзіць, водгалас вядомага плякату з часоў ІІ сусьветнай вайны «А ці ўступіў ты ўжо ў войска?»
На думку вынаходнікаў, знакі Zlango – інтуітыўныя, зразумелыя ў шмат якіх культурах і дастаткова крыху ўяўленьня, каб іх зразумець. Яйка – гэта «новы», сэрца – «каханьне», «паб» – хатка з куфлем піва зьверху.
- У Zlango – звыш 200 іконак. Зь іх дапамогай можна выказаць амаль усё сапраўды файным чынам – кажа Ёў Лорч (Yoav Lorch), дырэктар фірмы «Zlango», што і прапанавала ўнівэрсальную мову для мабільных тэлефонаў.
Стваральнікі настроеныя аптымістычна. На іх думку, дастаткова крыху досьведу ў разгадваньні рэбусаў, каб аргентынец мог паразумецца з кітайкай пры дапамозе Zlango. Новая мова дапамагае выказаць і даволі складаныя рэчы. На інтэрнэт-старонцы zlango.com зьмешчаная гісторыя Адама і Евы і казка пра Чырвоны Каптурок.
Назва "Zlango" пачынаецца зь літары "Z", у гонар нашага земляка Людвіка Замэнгофа – вынаходніка мовы эспэранта. Рэшта назвы паходзіць з ангельскай lingo – жаргон, слэнг і language – мова.