У выніку інцыдэнту ў бразільскім горадзе Порту-Алегры ніхто не загінуў.
У бразільскім горадзе Порту-Алегры аўтамабіль на высокай хуткасці ўрэзаўся ў натоўп веласіпедыстаў. У выніку інцыдэнту ніхто не загінуў, усе параненыя пазней былі выпісаныя з бальніцы.
Не менш за 12 чалавек пацярпелі на мерапрыемстве па папулярызацыі ровараў.
Інцыдэнт адбыўся яшчэ ў пятніцу ўвечары, 25 лютага, пазней на бразільскія тэлеканалы патрапіла аматарскае відэа, якое захавала момант наезду. На кадрах бачна, як аўтамабіль тараніць на высокай хуткасці натоўп, раскідваючы ровары і людзей.
Кіроўца аўтамабіля VW Golf знік з месца здарэння, аднак паліцэйскія адшукалі яго, выявіўшы кінутую машыну. У панядзелак аўтамабіліста Рыкарду Нэіша дапыталі ў паліцыі.
Паводле яго слоў, ён запанікаваў, калі велаактывісты акружылі яго машыну з усіх бакоў і пачалі па ёй грукаць.
Па словах следчага Гілберта Монтэнегра, мужчыну могуць быць прад'яўленыя абвінавачванні ў замаху на забойства. Зараз віноўнік інцыдэнту застаецца на свабодзе.
Самі веласіпедысты сказалі, што ніхто не пагражаў аўтамабілісту.
Акцыя ў абарону правоў веласіпедыстаў Critical Mass («Крытычная масса») перыядычна праходзіць у розных гарадах свету. Нярэдка велаактывістаў абвінавачваюць у тым, што яны наўмысна перашкаджаюць праезду машын.
У акцыі ў Порту-Алегры на поўдні Бразіліі прынялі ўдзел больш за сто чалавек.