Альбін Макарэвіч, аграном, складальнік месяцавага календара, расказвае пра спосабы, умовы вырошчвання здаровых і смачных клубняў на дачных і прысядзібных участках, пра гатункі бульбы, пра шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб.

Рыхтуемся да пасадкі

Падрыхтоўку бульбы да пасадкі пачынаюць з перабірання насеннага матэрыялу, выбракоўкі механічна пашкоджаных, падмерзлых, падгніўшых, надта дробных і вельмі буйных клубняў. Для пасадкі трэба адабраць толькі здаровыя клубні вагой 70–100 грамаў.

Наступны этап падрыхтоўкі — яравізацыя, ці прарошчванне. Як паказала практыка і шматгадовы вопыт бульбаводаў-аматараў, прарошчванне праводзяць для таго, каб частку перыяду вегетацыі — пачатак яе росту і развіцця — перанесці ў закрытае памяшканне і тым самым паскорыць з’яўленне ўсходаў, пачатак утварэння клубеньчыкаў і павелічэння іх масы.

Правільна прарошчаныя клубні даюць усходы на 10–12 дзён хутчэй, чым не прарошчаныя. А гэта дапамагае раннім сартам пазбегнуць фітафторы, а познім — выратавацца і ад іншых хвароб.

Найбольш даступныя спосабы прарошчвання

Найбольш простым, самым танным і эфектыўным спосабам з’яўляецца прарошчванне клубняў на святле — у любым памяшканні, верандзе, калідоры, сенцах, дзе дастаткова святла і цёпла. Насенную бульбу засыпаюць ў неглыбокія скрыні і ставяць тарцамі да крыніцы святла. Калі бульбы садзяць шмат, скрыні ставяць адна на адну ці насыпаюць на падлогу ў два-тры слаі палосамі шырынёй 1,5–1,6 м з праходамі па 0,5 м. Для эканоміі аб’ёму памяшкання можна рабіць стэлажы такой жа шырыні, як палосы, у 4–5 ярусаў з адлегласцю паміж ярусамі 0,4–0,5 м. Каб бульба не звальвалася, па краі стэлажа трэба зрабіць борцікі.

Для таго, каб утварыліся моцныя і здаровыя парасткі, на клубні ўздзейнічаюць рознымі тэмпературамі. На працягу першых 7–8 дзён тэмпературу падтрымліваюць на ўзроўні 20 градусаў, а затым зніжаюць яе да 8–10 градусаў на ўвесь тэрмін прарошчвання.

Пры магчымасці, калі ёсць печкі, абагравальнікі, добра днём тэмпературу падтрымліваць на ўзроўні 12–15, ноччу — 4–6 градусаў. Такое хістанне тэмпературы стрымлівае хуткі рост парасткаў.

У канцы тэрміну прарошчвання для пасадкі адбіраюць тыя клубні, у якіх прабіліся парасткі даўжынёй 1–1,5 см. Бульба з такога пасадачнага матэрыялу раней зацвітае і раней утвараюцца клубні. Акрамя таго, павышаецца ўстойлівасць да вірусных і іншых хвароб. Тут лёгка можна выявіць клубні скрыта заражаныя грыбнымі і бактэрыяльнымі хваробамі. Пасадка прарошчанай бульбы паскарае з’яўленне ўсходаў і павышае ўраджай на 15–20%.

Прарошчваюць клубні ранніх гатункаў камбінаваным спосабам у вільготнай тарфакрошцы. Для гэтага бяруць такія ж скрыні, як і для светлавога прарошчвання, насыпаюць у іх тарфакрошку слоем 5 см, добра апырскваюць яе вадой, а пры неабходнасці растворам сумесі ўгнаенняў (на 10 л вады бяруць 30 г (2 ст. лыжкі) калійнай солі ці сульфату калію, 60 г (4 ст. лыжкі) суперфасфату і 15 г мачавіны ці 20 г аміячнай салетры (1–1,5 ст. лыжкі). На змочаны торф раскладваюць клубні ў адзін-два слаі і засыпаюць іх такім жа слоем змочанай тарфакрошкі. Тэмпературу падтрымліваюць у межах 12–15 градусаў. Праз 15–20 дзён на клубнях утвараюцца парасткі і карэньчыкі. У глебу прарошчаныя клубні высаджваюць з камяком зямлі ў найбольш спрыяльныя для пасадкі бульбы раннія тэрміны. Калі глеба надта сухая і дажджы не ішлі, то прарошчаную вільготным спосабам бульбу ў першыя дні пасля пасадкі трэба злёгку паліваць падагрэтай на сонцы вадой.

Пры немагчымасці прарасціць клубні іх можна прагрэць у мяшках на працягу 3–5 дзён пры тэмпературы +20–25 градусаў ці двух дзён пры тэмпературы +30. На працягу гэтых двух дзён тэмпературу можна даводзіць і да 40 градусаў па 2–3 гадзіны ў суткі. Праграванне паскарае рост раслін, а ў выніку павышае ўрадлівасць.

Карысна і правяльванне бульбы на працягу 10–15 дзён на адкрытай сонечнай пляцоўцы, на буртавым полі ці іншым месцы на паўднёвым схіле, абароненым ад халоднага ветру. Участкі засцілаюць саломай ці сухім торфам слоем у 3–5 клубняў. Паміж радамі пакідаюць праходы шырынёй 1 м. Клубні закладваюць на правяльванне, калі знікае небяспека замаразкаў. Для ўкрыцця выкарыстоўваюць маты, салому. Каб не засмеціць бульбу, яе укрываюць спачатку плёнкай, а зверху — саломай. У непагадзь плёнка засцеражэ клубні ад намакання. У сонечныя дні слой саломы павінны быць тонкім, каб на бульбу пападала святло.

Пры такім спосабе ўтвараюцца кароткія моцныя парасткі, якія не абломваюцца нават пры машыннай пасадцы.

Эфектыўнасць прагравання і правяльвання ніжэйшая, чым прарошчвання, затое гэтыя спосабы простыя і даступныя кожнаму.

Абеззаражванне насеннай бульбы

Для гэтых мэт некаторыя бульбаводы прымяняюць так званую грымучую сумесь, у склад якой уваходзіць 0,5 кг драўнянага попелу, 2 г марганцоўкі, 50 г борнай кіслаты, 10 г меднага купарвасу, 10 г сульфату цынку, 10 г сульфату магнію. Спачатку кожны прэпарат асобна раствараюць у невялікай колькасці цёплай вады, потым зліваюць усё у адну ёмістасць. Ваду даліваюць, каб атрымалася 10 л раствору. Насенную бульбу яшчэ да прарошчвання ў сетках апускаюць у гэты раствор на 20–30 хвілін. Ад гэтага гінуць споры ўсіх грыбных хвароб, інфекцыя ўсіх відаў паршы. Калі такой сумесі няма, то пры пасадцы карысна апырскаць бульбу 1%-ным растворам меднага купарвасу ці папудрыць драўняным попелам — 1 кг на 50 кг бульбы.

Самыя спрыяльныя тэрміны пасадкі

Бульбу трэба высаджваць у глебу, калі яна на глыбіні 8–10 см прагрэлася да 7–8 градусаў. Да таго ж прайшлі замаразкі, якія шкодныя для ўсходаў. Звычайна такі час наступае, калі ў бяроз лопнуць пупышкі і з’явяцца маленькія лісточкі, зацвіце чаромха і ўсё кругом пажаўцее ад дзьмухаўцоў.

Важна яшчэ і на якую глыбіню садзіць бульбу. На цяжкіх глебах і якія марудна праграваюцца нельга клубні заглыбляць, на 5–7 см, а на лёгкіх пясчаных садзіце на глыбіню 8–10 см. Па меры росту 2–3 разы трэба акучваць. У засушлівых раёнах можна прымяняць пасадку на глыбіню 12–15 см і не акучваць, бо пры гэтым узмацняецца выпарванне і высушваецца глеба.

Важна пры пасадцы і шырыня між радкамі і адлегласць паміж раслінамі ў радзе. Звычайна бульбу садзяць з шырынёй міжраддзяў 70 см і 25–30 см у радзе, аднак на прысядзібных участках, дзе глеба ўрадлівая, шырыня між радкамі можа складаць 60 см, а адлегласць паміж раслінамі ў радзе — 20–25 см. Меншая плошча сілкавання патрабуецца для ранніх сартоў, а таксама для пасадкі дробнымі ці рэзанымі клубнямі. А для сярэдніх і позніх сартоў — большая, 70×25–30 см.

Гатункі бульбы, якія добра садзіць на дачных і прысядзібных участках

З ранніх добра зарэкамендавалі сябе новыя гатункі беларускай селекцыі Лілея і Уладар. Клубні іх устойлівыя да бульбяной нематоды, фітафтарозу, гнілі. Добры ўраджай даюць і раннія гатункі Аксаміт, Дэльфін, Лазурыт, Капрыз. Сярэдняраннія Брыз, Архідэя, Явар, Дзіна, Адысей даюць высокі ўраджай смачных клубняў з працяглым перыядам спакою. Бульбянік і клубні іх устойлівыя да хвароб і шкоднікаў. Такімі ж якасцямі валодаюць і сярэдняспелыя гатункі Жывіца, Крыніца, Скарб, Янка, Дубрава, Талісман, сярэдняпознія Акцэнт, Журавінка, Маг, Ласунак, Рагнеда, познія Атлант, Здабытак, Зарніца, Вяснянка, Усход (Восток).

Ці на любой глебе можна вырошчваць бульбу?

Бульба можа добра расці і даваць высокія ўраджаі на любой глебе, за выключэннем пераўвільготненай, а таксама сыпучых пяскоў. Але найбольш спрыяльныя для яе супесі, лёгкія і сярэднія суглінкі з добрым водаабменам і водазабяспечанасцю.

Для ранніх гатункаў лепш за ўсё падыходзяць лёгкія супясчаныя глебы, якія рана праграваюцца і хутка аддаюць элементы харчавання раслінам. У гэтым выпадку нават засуха і працяглыя дажджы не вельмі адмоўна ўплываюць на прадуктыўнасць раслін: раннія гатункі бульбы паспяваюць выкарыстаць вільгаць, якая накапілася за зіму, а пры празмернай вільгаці хутка вызваліцца ад яе лішкаў. Бульба сярэдняспелых і позніх гатункаў лепш расце на сугліністых глебах.

Калі ёсць магчымасць, то лепш садзіць бульбу на добра асветленых, узвышаных участках, якія схаваныя ад паўночнага ветру, са схілам на поўдзень, дзе хутчэй растае снег і праграваецца глеба.

Свежы гной — ні ў якім разе

Паступовае гніенне свежага гною садзейнічае развіццю вялікай колькасці мікраарганізмаў, якія спажываюць лёгказасваяльнымі раслінамі злучэнні азоту і фосфару. Акрамя таго, ён часцей ўтрымлівае вялікую колькасць насення пустазелля, а не перагніўшыя рэшткі гною — спрыяльнае асяроддзе для размнажэння ўзбуджальнікаў паршы і «перасялення» іх на клубні.

Карысныя ўгнаенні для бульбы

Лепш за ўсё гэта перапрэўшы гной з разліку 400–500 кг на сотку. На гліністых і сугліністых глебах яго ўносяць восенню, а на пясчаных і супесях — вясной. Можна прымяняць і кампост, галоўнае, каб ён быў добра перапрэўшы.

Замест гною можна ўносіць пад бульбу торф, які добра перапрэў, пры гэтым на 4–5 кг торфу дадаваць 200–300 г драўнянага попелу.

Карысна прымяняць і сапрапель — азёрны глей. Эфектыўнасць 300 кг глею прыкладна такая, як і 100 кг гною.

Добра прымяняць і зялёныя ўгнаенні. Найлепш падыходзіць для бульбы горкі аднагадовы лубін. Поле дзеляць на дзве роўныя часткі. На адной садзяць бульбу, на другой сеюць лубін. У фазе шызых стручкоў яго заворваюць. Маса лубіну хутка перагнівае ў глебе і садзейнічае размнажэнню бактэрый, якія прыгнятаюць узбуджальнікаў паршы і іншых хвароб. На наступны год на гэтым месцы садзяць бульбу, а там, дзе была бульба, — лубін.

Карысна на ўчастку пасеяць у канцы лета — восенню азімае жыта, а вясной яго заараць і пасадзіць бульбу.

А яшчэ добра зарэкамендавалі такія зялёныя ўгнаенні, як рапс, гарчыца, рэдзька алейная. Высяваюць іх паржышчава пасля жыта, іншых культур — папярэднікаў бульбы. Такія ўгнаенні — вялікія санітары глебы, засцерагаюць яе ад шкоднікаў і ўзбуджальнікаў хвароб, перашкаджаюць вымыванню асеннімі дажджамі азоту, здзіманню глебы.

Каб маса гэтых раслін інтэнсіўна накоплівалася, хутка перагнівала і давала даступны раслінам азот, пад іх трэба ўносіць невялікія дозы мінеральнага азоту.

Дозы і суадносіны мінеральных угнаенняў вызначаюць у залежнасці ад колькасці ўнесеных арганічных і тыпу глебы. На супесях у параўнанні з суглінкамі агульная колькасць усіх відаў пажыўных рэчываў павінна быць большая прыкладна ў 1,5 раза.

Да арганічных угнаенняў на такіх глебах дадаюць азотныя у дозах 20–25 г/кв.м мачавіны ці 25–30 г/кв.м аміячнай салетры, 25–30 г/кв.м двайнога суперфасфату і 30–40 г сернакіслага калію. А лепш за ўсё прымяняць нітрафоску, амафоску і агародныя сумесі, якія ўтрымліваюць комплекс пажыўных рэчываў. Дозы і спосабы іх прымянення ўказаныя на ўпакоўцы.

Каб бульба смачная была

Каб бульба не цямнела пры варцы, добра разварвалася і была смачная, трэба пазбягаць унясення хлорных угнаенняў. Хлорысты калій замяняць сернакіслым каліем ці драўнінным попелам (300 г/кв.м). Пры ўнясенні мінеральных угнаенняў у лункі дозы іх паменшыць у 2–3 разы. Непасрэдна пад бульбу нельга ўносіць вапну і вапнавыя ўгнаенні.

Ад чаго залежыць смак бульбы

На смак і пах бульбы ўплываюць эфірныя алеі, мінеральныя рэчывы і свабодныя амінакіслоты. Найлепшае спалучэнне іх і вызначае добры смак і рассыпістасць. Важна яшчэ, каб бульба саспела, бо калі яе выкапаць раней — яна траціць свой смак. Не ўсе ведаюць, што бульба гатовая не да моманту ўборкі, а прыкладна праз 40–45 дзён пасля яе, калі цалкам сфарміруецца лупіна.

Ці абавязкова акучваць бульбу?

Бульба любіць, каб вакол яе была рыхлая і паветрапранікальная глеба. У цяжкай глебе карані яе прарастаюць глыбей, дзе мякчэй. Клубні фарміруюцца крывымі, з вырастамі, увагнутасцямі. Больш тады і дробнай бульбы. Таму акучванне — абавязковы аграпрыём.

На лёгкіх глебах раннюю бульбу акучваюць толькі адзін раз, а на цяжкіх і на цяжкіх і пераўвільготненых (асабліва позніх сартоў) — да трох раз на глыбіню 10–12 см. Апошняе акучванне праводзяць да змыкання бульбоўніку, бо пазней яно траўмуе карані. Пасля акучвання карысна падкарміць вадкім угнаеннем, а міжраддзі замульчыраваць, каб абмежаваць доступ святла і прытармазіць усходжасць пустазелля. Ці без мульчыравання знішчыць пустазелле матыкай.

Надзейная і экалагічна бяспечная ахова ад фітафторы, паршы і іншых хвароб

Захоўваючы звычайную агратэхніку: прарошчванне клубняў, апырскванне іх перад пасадкай растворам меднага купарвасу (2 г) ці борнай кіслатой (50 мг), ці марганцоўкі (10 мг на 10 л вады), пасадка ў прагрэтую да 8–10 градусаў глебу, а на гліністых глебах — у грабяні, своечасовую ўборку са скошваннем бульбоўніку за 7–10 дзён да пачатку ўборкі можна значна знізіць шкоднасць гэтага захворвання. А калі вырошчваць ўстойлівыя да фітафтарозу гатункі, захоўваць севазварот, то можна і цалкам пазбавіцца ад захворвання.

Каб аслабіць актыўнасць узбуджальніка паршы, не вапнуйце глебу ў год пасадкі бульбы, не кладзіце свежы гной, а ўносьце ўгнаенні, якія падкісляюць яе — сульфат амонію, суперфасфат ці калійную магнезію, 30 г на 1 кв.м, пры пасадцы — жменьку драўнянага попелу ў лунку. Аздараўляе глебу і горкі лубін.

Ачысціць глебу ад інфекцыі раку бульбы (за 5–7 гадоў) можна за кошт вырошчвання гатункаў, устойлівых да раку, захоўвання падбору папярэднікаў (буракі, капуста, рэдзька, радыска), які не паражаюцца інфекцыяй.

Небяспечныя шкоднікі бульбы

Пазбавіцца ад бульбяной нематоды можна толькі за кошт вырошчвання ўстойлівых да нематоды сартоў — Архідэя, Атлант, Дэльфін, Лазурыт, Дзіна, Дубрава, Жывіца, Журавінка, Крыніца, Скарб, Блакіт, Верас і інш., увядзення чатырохпольнага супрацьнематоднага севазвароту з чаргаваннем такіх культур, якія не паражаюцца нематодай, — збожжавыя, зернебабовыя, кукуруза, агуркі, капуста, проса.

Асноўнымі мерамі засцярогі ад драцяніка з’яўляецца знішчэнне пырніку і іншых злакавых шкоднікаў, вапнаванне кіслай глебы пад папярэднікі бульбы даламітавай мукой, вылоўліванне драцянікаў на прынады са скрылькоў бульбы, якія заглыбляюць у глебу на 5–10 см зрэзам уніз і пазначаюць дубчыкамі іх месцазнаходжання вясной да пасадкі бульбы ці ў міжраддзі летам. Праз 3–4 дні прынады ўжо з драцянікам выкопваюць і знішчаюць.

Добры вынік дае пратраўліванне клубняў перад пасадкай прэпаратам «Прэстыж», які яшчэ да таго ж выключае апрацоўку супраць каларадскага жука і значна памяншае заражанасць рызактаніёзам.

Засцерагчы бульбу ад каларадскага жука на невялікіх участках сама лепш механічным спосабам і агратэхнічным. Калі ў аптымальныя тэрміны пасаджаныя менавіта гатунковыя і здаровыя клубні, то і ўсходы будуць дружныя, а расліны — моцныя, якіх нават сам жук баіцца.

Калі ж участак вялікі і знаходзіцца далёка ад агарода і пчальніка, то можна апрацаваць прэпаратамі люспілан, актора ці банкол або іншымі. Але апрацоўвайце строга па інструкцыі і ранічкай ці позна вечарам.

Як паскорыць саспяванне бульбы?

У халоднае лета, асабліва ў паўночных раёнах, бульба не паспявае саспець. Каб паскорыць гэты працэс прымяняюць дэсікацыю бульбоўніку (апырскванне яго за 8–15 дзён да ўборкі растворам меднага купарвасу, 50 г на 10 л вады). Апырсканы бульбоўнік засыхае, а частка пажыўных рэчываў з яго пераходзіць у клубні і павышае іх ураджай і якасць.

На тарфянікаў і ў нізінах у дажджлівае лета прымяняюць сенікацыю пасадак бульбы. Для гэтага ў перыяд цвіцення ці пасля яго пасадкі апырскваюць суспензіяй суперфасфату.

Бяруць два вядры. У адно засыпаюць 2 кг суперфасфату, заліваюць яго вадой і добра перамешваюць. Затым сумесі даюць адстаяцца і зліваюць у другое вядро. На сотку расходуюць 5–10 л суспензіі. Апырскваюць расліны ў поўдзень, калі абсохне раса і расліны падвянуць.

Дзе ўзяць сартавое насенне?

Ад сакавіка насенную бульбу айчыннай і замежнай селекцыі рэалізуе РУП «Навукова-практычны цэнтр НАН Беларусі па бульбаводстве і плодаагароднінаводстве».

223013. Мінскі раён, пас. Самахвалавічы, вул. Кавалёва, 2а. Тэл. прыёмнай (8–017) 506-61-41. Тут можна даведацца адрасы і тэлефоны насенняводчых гаспадарак па бульбе і ў іншых абласцях Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?