Паведамленне пра тое, што ў Кот-д’Івуары прызямліўся беларускі самалёт з верталётамі, якое з’явілася раней, было памылковым, заявіў 2 сакавіка на брыфінгу ў штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку намеснік генеральнага сакратара па аперацыях па падтрыманні міру Ален Леруа.

Паводле звестак Цэнтра навінаў ААН, Леруа прынёс прабачэнні паверанаму ў справах Беларусі пры ААН Зоі Калантай за нанесены ўрон іміджу Беларусі. Ён заявіў, што даклад з Місіі ААН у Кот-д’Івуары быў памылковым.

Калантай са свайго боку заявіла, што ў Беларусі створана эфектыўная сістэма экспартнага кантролю над узбраеннямі. Яна пацвердзіла прыхільнасць краіны да выканання рэжыму санкцый ААН, зазначаецца ў паведамленні.

27 лютага офіс генеральнага сакратара ААН Пан Гі Муна ад яго імя выступіў з абвінавачаннем Беларусі ў парушэнні міжнароднага эмбарга. У адпаведнасці з гэтай заявай Беларусь паставіла тры баявыя верталёты ўзброеным сілам, якія падтрымліваюць не прызнанага сусветнай супольнасцю кіраўніка Кот-д’Івуара Ларана Гбагбо.

Кіраўнік ААН «з вялікай трывогай даведаўся, што, згодна з паведамленнямі, тры баявыя верталёты і адпаведнае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне з Беларусі дастаўляюцца ў Ямусукро для войскаў спадара Гбагбо», цытуе заяву генсакратара сайт ААН.

«Згодна з паведамленнямі, першая партыя была дастаўлена рэйсам, які прызямліўся гэтым вечарам, і на заўтра запланаваны дадатковыя рэйсы, — гаварылася ў заяве. — Гэта сур’ёзнае парушэнне эмбарга ў дачыненні да Кот-д’Івуара, якое дзейнічае з 2004 года».

Аб парушэнні ўмовы эмбарга Беларуссю быў праінфармаваны камітэт Савета бяспекі ААН, адказны за санкцыі ў дачыненні да Кот-д’Івуара. Генсек ААН спадзяецца, што гэтае пытанне будзе абмеркавана на экстраным пасяджэнні Савета бяспекі.

Прэс-сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных заявіў БелаПАН, што «Беларусь заўсёды вельмі адказна ставілася да выканання ўсіх патрабаванняў і рашэнняў Савета бяспекі ААН», у краіне «створана эфектыўная сістэма экспартнага кантролю над узбраеннем».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?