Валерый Кавалеўскі, які правёў трое сутак у следчым ізалятары КДБ, пацвердзіў словы Алеся Міхалевіча аб ужыванні там катаванняў.

Як паведаміў 3 сакавіка Кавалеўскі на прэс-канферэнцыі кампаніі «Страху няма», ён быў затрыманы 25 снежня і змешчаны ў следчы ізалятар КДБ па падазрэнні ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня ў Мінску. Падазрэнні не пацвердзіліся, і 28 снежня ён быў вызвалены з СІЗА КДБ.

«Я меў унікальную магчымасць пабыць у СІЗА КДБ і паглядзець, якія там парадкі, як абыходзяцца з людзьмі. Я магу пацвердзіць, што многае з таго, што агучыў Алесь Міхалевіч, насамрэч праўда. Гэта мела месца і ў дачыненні да мяне: тыя ж самыя расцяжкі, раздзяванні, прысяданні, святло ў камерах. Можа, з пункту гледжання бяспекі ў гэтым і ёсць нейкая логіка, але я магу пацвердзіць на сваім вопыце, што такія рэчы ўжываліся і ў дачыненні да мяне», — заявіў Кавалеўскі.

Ён не выключыў, што такая ж практыка магла ўжывацца і ў дачыненні да іншых людзей, якія ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ.

Нагадаем, 28 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску былы кандыдат у прэзідэнты Алесь Міхалевіч заявіў, што з СІЗА КДБ яго выпусцілі пасля згоды зрабіцца агентам. Па словах палітыка, на гэты крок ён вымушаны быў пайсці «праз жудасныя ўмовы ўтрымання ў СІЗА, якія можна расцаніць як катаванні». Як сцвярджае Міхалевіч, у турме КДБ яго ставілі на расцяжку ў кайданках, выводзілі на холад, прымушалі стаяць каля сцяны 40 хвілін, не выключалі электрычнае святло ў камеры, падлогу ў камеры фарбавалі фарбай на ацэтоне і прымушалі зняволеных дыхаць гэтымі выпарэннямі, утрымлівалі ў перапоўненай камеры.

Кіраўнік цэнтра інфармацыі і грамадскіх сувязяў КДБ Аляксандр Антановіч абверг заяву Міхалевіча аб умовах утрымання ў СІЗА. «Што да катаванняў, то гэтая заява адназначна не адпавядае рэчаіснасці», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?