Міністры замежных спраў Латвіі і Эстоніі Гіртс Валдзіс Крыстоўскіс і Урмас Паэт выступаюць за ўзмацненне жорсткасці санкцый Еўрасаюза ў дачыненні да беларускага кіраўніцтва.
Пра гэта міністры заявілі на прэс-канферэнцыі паводле вынікаў сваёй сустрэчы ў Рызе 2 сакавіка, паведамілі ў прэс-службе МЗС Латвіі.

Крыстоўскіс, адказваючы на пытанне, ці падтрымаюць міністры ўзмацненне жорсткасці санкцый ЕС у дачыненні да Мінска, калі пацвердзіцца інфармацыя аб пастаўцы Беларуссю зброі ў Лівію і аб катаваннях арыштаваных апазіцыянераў, заявіў: «Становіцца ўсё больш і больш відавочным, што ЕС сапраўды павінен зноў звярнуцца да гэтага пытання і што мы ў ЕС павінны абмеркаваць гэты аспект сітуацыі ў Беларусі».

Кіраўнік МЗС Латвіі выказаў упэўненасць, што на найбліжэйшай сустрэчы прадстаўнікоў знешнепалітычнага ведамства ЕС з міністрамі замежных спраў краін Еўрасаюза будзе выпрацаваны «больш эфектыўны падыход адносна паляпшэння сітуацыі ў Беларусі». «Час прыйшоў», — падкрэсліў Крыстоўскіс.

Міністр замежных спраў Эстоніі са свайго боку лічыць, што адной з магчымасцяў уплыву на афіцыйны Мінск могуць быць «вельмі дакладна нацэленыя эканамічныя санкцыі» ў дачыненні да беларускіх кампаній, якія «цесна супрацоўнічаюць з рэжымам і дапамаглі яму ўчыняць усялякага кшталту жудасныя рэпрэсіі».

«Мая пазіцыя такая: так, ЕС павінен прааналізаваць гэтую магчымасць, каб вельмі добра падрыхтаваць мэтавыя санкцыі», — заявіў Паэт.

Кіраўнік эстонскага МЗС таксама выступіў за працяг двухвектарнай палітыкі ЕС адносна Беларусі, што, паводле яго слоў, «прадугледжвае поўную падтрымку крохкай грамадзянскай супольнасці, а таксама даванне грантаў беларускім студэнтам на навучанне ў заходніх універсітэтах». Паэт падкрэсліў неабходнасць падтрымкі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ў Вільні, дзе вучацца беларускія студэнты, і выступіў за спрашчэнне візавага рэжыму для грамадзян Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?