…пра Беларусь у цэнтры Еўропы, бітву пад Оршай і простыя пясчынкі, якія хацелі стаць залатымі.

Нядаўна Белнэт гуў ад імені суддзі Вольгі Комар. Якая дала чатыры гады турмы фігуранту справы аб «масавых беспарадках» Васілю Парфянкову. Цымес быў у тым, што Комар (у дзявоцтве Канойка) скончыла апальны Гуманітарны ліцэй імя Якуба Коласа. Той самы, дзе вучыўся і Алесь Міхалевіч, і многія з тых, хто атрымліваў «суткі» за ўдзел у мітынгах пратэсту.

Мала таго — прынцыповая суддзя некалі спрабавала пісаць прозу па-беларуску. Яна наведвала літаб’яднанне пры часопісе «Першацвет», што яднала беларускую творчую моладзь у сярэдзіне 1990-х. Яе апавяданнем «Вандроўка ў пустэльні» адкрываўся № 6 часопіса «Першацвет» за 1996 год.

Вольга Комар часоў ліцэя - фота з karyzna.livejournal.com.

Вольга Комар часоў ліцэя - фота з karyzna.livejournal.com.

Вольга Канойка. Вандроўка ў пустэльні

    Мне проста хочацца жыць.
    Жыць недзе ў спакоі…
    Цягнуцца адною рукою да зор,
    а другую бяспечна трымаць у кішэні.
    Няхай яны мітусяцца, таўкуцца
    ў сваёй абыдзённасці.
    Я ж буду стаяць над імі,
    спаважна глядзець уніз —
    там квёла пластуюць кузуркі,
    баючыся адчуць поціск важкага бота.

Дзень быў, і мы ішлі. Едкі пыл упіваўся ў твар, стомленасць валіла з ног, і да таго ж вельмі хацелася піць. Засталася ўсяго адна бляшанка з вадой. Навокал не бачылася прынаднага месца, якое схавала б ад надакучлівае спёкі. Калі ўжо зусім не хапала сіл, сабака пабег нечага ўбок. Праз паўгадзіны хады ў гэтым кірунку перад намі паўсталі муры разбуранага замка. Аднекуль з-пад камення прабівалася маленькая чыстая крынічка. З неспадзяванае радасці мы крычалі й скакалі, нібы ў дзікім танцы звар’яцелых абарыгенаў. Напіўшыся вады, уселіся пад самы высокі мур так, што жорсткае сонца ўжо не магло нас дастаць. Я ў асалодзе прымружыла вейкі. А Стас вырашыў агледзець муры і крыху расчысціць месца. Пачуўшы яго здзіўлены вокліч, я нехаця расплюшчыла вочы — Стас разгублена і з цікаўнасцю пазіраў то на мяне, то на пліту перад ім, што цяпер вызваліласЯ са жвіру і бітага камення.

— Лесь, глянь! Тут пліта і, здаецца, надпіс нейкі ёсць…

— Што? Не жартуеш?!. — яшчэ не верачы, я падышла і стала таксама адграбаць пясок. Пальцы, і праўда, адчувалі на паверхні пліты нейкія паглыбленні і пукатасці, быццам нешта выдрана ці выбіта. — Якіясьці кручкі-загагуліны

Мокрыя і тлустыя ад поту валасы ўвесь час заміналі, лезлі ў вочы і ў рот, як іх ні папраўляй, зноў і зноў выбіваліся. Нарэшце мы нясмела пачалі чытаць пазначанае на пліце: «Яна блукае ў зацішы і цемры. Разам з ёй верны сябра. Удвох яны імкнуцца дагнаць сваю будучыню… Так было і так будзе. Але нішто ў свеце не вечнае». Пад гэтым загадкавым пасланнем стаяла пячатка ў выглядзе залатой гусі. Мы са Стасам пераглянуліся.

— Цікава, што гэта ўсё азначае! Можа, здані тут з’яўляюцца і пішуць дзіўныя лісты на камянях?!

— Так, так! Будзе нам весела, асабліва калі ўлічыць, што ўжо цямнее! Ха-ха!.. — падскочыла да Стаса і жартам ушчыкнула яго за плечы.

Цёмна. Мае вочы нібыта змярцвелі і больш не могуць успрымаць сваімі колбачкамі і палачКамі ні святла, ні колеру. I гэта не таму, што я аслепла, а толькі з-за хмар, што засланілі месяц і зоры. Мне страшна. Цемра палохае мяне і, здаецца, уцягвае, паглынае. Прыціснуўшы галаву да каленяў, я слухаю… Слухаю пустэльную цішыню. Хоць нельга яе назваць суцэльнай цішай. Я чую, як вецер пераносіць пясок, рухаецца ў нейкім сваім напрамку. Набраўшы жменю, я паволі перасыпаю пясок з далоні ў далонь. I з кожным наступным пярэсыпам пясчынак робіцца ўсё менш і менш. Альбо вецер зносіць іх, альбо выслізгваюць самі з-за маёй нядбайнасці. Праз колькі хвіляў у далоні застаецца пара мізэрных пясчынак. Адну за адной здзьмуваю іх. I ў далонях больш нічога няма. А пясок усё сунецца ў пэўнай мэце сваёй ці бязмэтнасці. У галаву лезуць дзіўныя думкі.

«Гэта не пясок. Гэта натоўп. А пясчынкі — людзі. Самастойна яны не могуць вырашыць, куды ісці. Іншае вызначае іх шлях, і яны паслухмяна рухаюцца, самі не ведаючы куды. Мяняецца вецер — мяняецца моц і напрамак руху.
А пясчынкі застаюцца ўсё тыя ж. Адно некалькі з іх у стане адарвацца ад астатніх і быць самі па сабе… Але гэтым надвор’я не робяць. I яны таксама залежныя, нягледзячы ні на што. I нас са Стасам занесла нашым ветрам у гэтую пустыню. Дзякуй Богу, мы разам. I ён спіць, стомлены і такі мілы. А я заснуць не магу…».

Механічна я схілілася над Стасам і пацалавала яго. Не зразумеўшы ўва сне, што адбылося, ён з усмешкаю перавярнуўся на другі бок.

«Нашыя жаданні не супалі з памкненнямі большасці, і мы апынуліся далёка ад Радзімы…

Мы жылі ў СССР. Складалі вершы, песні, рэспублікі братнімі называлі. Але я ніколі не адчувала, што Расія, Грузія і Казахстан з Узбекістанам былі блізкімі для мяне… Беларусь — краіна ў цэнтры Еўропы.
Дзівосныя лясы і маляўніча-загадкавыя рэкі з азёрамі — гэта незабыўна… А як мы (я і двое маіх старэйшых братоў) насіліся па лесе, а потым сядзелі вакол вогнішча і маўчалі! Кожны думаў пра сваё, а непадалёк шчабяталі птушкі, дзесьці ў гушчары кукавала зязюля, час ад часу патрэскваў наш агонь. I ад усяго гэтага станавілася лёгка і радасна на душы. Раптам нехта ўзгадваў, што трэба з’ездзіць да старой бабулі забраць яблыкі, і мы імчалі на веласіпедах, спяшаючы паспець потым вярнуцца дахаты яшчэ на змярканні. А па дарозе дамоў спыняліся каля нешырокай рачулкі Крапівенкі. Так-так, ля той самай, на якой адбылася бітва пад Оршай. Шмат курганоў тут засталося, ляжаць у іх ліцвіны і маскоўцы ды французы са шведамі… Увечары, калі наш дзядуля распавядаў пра баі на гэтай зямлі,
мне здавалася, што бачу рыцара на белым кані наперадзе свайго войска, чую адгалоссе розных моў і ляскат зброі. Але не тыя баі вырашылі лёс Беларусі. Простым пясчынкам захацелася стаць залатымі,
шляхетнымі. Ды не ўсё тое золата, што блішчыць. I вецер быў вельмі моцны — часта ён зносіў пясчынкі за сабою. А яны ўсё роўна хацелі блішчаць…»

— Алеся! Алеся! — клікаў Стас і трос мяне за плечы. — Ты зусім не рэагуеш… Што здарылася? Чаму такі разгублены выгляд і слёзы на шчоках? — спалохана пытаўся ён, калі я апрытомнела.

— Стас, няўжо ты не разумееш: я хачу дамоў! Мне абрыдзела туляцца па свеце.

Я хачу дзе-небудзь асесці. Мець свой, дом, у якім адчувала б сябе ў бяспецы.
А замест гэтага мы блукаем, пераязджаем з месца на месца, нібыта качэўнікі якія…

Слёзы самі цурком пабеглі з вачэй. Я адчула сябе такой маленькай і слабай, падалося, што мой лёс даўно ўжо вырашаны, а я жыву па зададзеным сцэнарыі і не ў стане нічога змяніць. Чым больш я думала пра гэта, пра сваю мізэрнасць, тым мацней ліліся слёзы, і ад іх усё сціскалася ўнутры, што нават дыхаць было цяжка.

— Ну-ну, супакойся. Не ўсё так страшна і кепска, як табе здаецца. — Стас вуснамі асушваў мае шчокі і праз гарачыя пацалункі замілавана шаптаў: — У нас з табою будзе ўласны дом, не падобны ні на чый іншы. Я ведаю: ты народзіш мне дачку і сына, і мы будзем іх гадаваць, а таксама займацца тым, што кожны з нас любіць. А потым, калі пражывём разам самыя светлыя, радасныя і цяжкія хвіліны, будзем успамінаць і жыць мінулым, расказваць дзецям і ўнукам пра цяперашнія нашы вандроўкі. Малыя будуць глядзець на нас як на вясёлых, але крыху выжыўшых з розуму, здзяцінелых старых… Ці акрыяла? А зараз давай спаць. Заўтра ўся песімістыка знікне, і мы пагаворым, Добра?

— Ага, — усміхнулася я і праз колькі хвіляў правалілася ў сон.

Публікуецца паводле: «Першацвет», № 6 за 1996 год

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?