У Віцебску 4 сакавіка адбылося асвячэнне і ўзняццё на званіцу Свята-Успенскага кафедральнага сабора адзінаццаці званоў. Сярод іх — звон вагой каля 5,2 тоны. Яго вышыня і дыяметр — 2 метры, а вага чыгуннага языка — 180 кг. Як паведаміў журналістам настаяцель Свята-Успенскага кафедральнага сабора протаярэй Міхаіл Мартыновіч, гэты звон — самы вялікі ў Беларусі. «Калі параўноўваць, то, напрыклад, звон у мінскім храме Усіх святых важыць менш, дзесьці да 5 тон», — сказаў святар.

Акрамя велізарнага звона, на спецыяльны памост на 40-метровай званіцы паднялі яшчэ 10 званоў рознага памеру. Самы маленькі з іх важыць 17 кг. Усе званы былі адлітыя ў Маскве на заводзе «ЗІЛ» на сродкі расійскіх мецэнатаў.

Чакаецца, што падвешваць званы будуць у красавіку. А летам, падчас фестывалю «Славянскі базар у Віцебску», плануецца поўнасцю завяршыць будаўнічыя працы ў Свята-Успенскім саборы, а затым правесці звонавы канцэрт, у якім будзе задзейнічаны ўвесь ансамбль з 22 званоў.

«Чакаецца, што ганаровымі слухачамі гэтага канцэрта стануць патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл і кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка», — адзначыў Міхаіл Мартынавіч.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?