— Распавядзіце, як цэнзура перашкаджае жыць пісьменніку... Альбо не перашкаджае, а наадварот — дапамагае?

— Я ўспрымаю цэнзуру як рэальнасць — была, ёсьць і будзе заўсёды, пры ўсіх уладах, у кожнай дзяржаве. Проста ёсць ступені... Мой бацька любіў цытаваць Гогаля: «кепскі той пісьменнік, які не можа падмануць цэнзуру». Калі ты ўвесь час спісваеш сваю нямогласць на тое, што «цэнзар мне замінае, выкідае», «мяне не пусцілі», значыць — ты не пісьменнік. У гэтым сэнсе гогалеўская цытата мне вельмі падабалася, і я заўсёды жыў з гэтым перакананнем. Тое, што цэнзура менялася і трансфармавалася — гэта таксама банальны факт, але не было ў маім жыцці такога, каб цэнзуры зусім не было. Ніколі я з гэтым не сутыкаўся — колькі не працаваў, колькі не друкаваўся — паўсюль былі нейкія перашкоды. Калі ўзяць сённяшні дзень, я завёў свой «livejournal». Мне падалося, што абражаюць майго пляменніка, які зрабіў кніжкі «SMS для хлопчыкаў» і «SMS для дзяўчатак». Кніжкі добра прадаюцца. І адпаведна ў інтэрнеце пачаўся скандал, маўляў гэта «пошласць», «дзецям нельга чытаць такое», «дзецям нельга тое, дзецям нельга гэтае». І мне захацелася выказаць свае думкі. Я зарэгістраваў «livejournal», выказаў гэтыя думкі і тры месяцы ў тым часопісе не працаваў. Потым вярнуўся — вырашыў, што ўсё ж буду весці дзённік. І на наступным тыдні ў Маскве яго адключылі. Быў так званы «рускі марш», і ў сувязі з тым, што ў інтернеце распаўсюджваліся заклікі на гэты «марш», то кірылічны «livejournal» быў зачынены...

— Значыць, адсутнасць цэнзуры ў інтернеце — гэта ілюзія?

— Вядома, гэта ілюзія, што цэнзуры там няма. Яна ёсць! Я не ведаю чаму, але ў мяне інтэрнет адключаецца, калі праязджае «імператарскі» картэж. Я не лічу, што гэта супадзенне, можа гэта служба аховы так ахоўвае і адключае, баіцца, што праз гэтую сістэму будзе зроблены нейкі напад...

— Значыць цэнзура заўсёды была?

— Так, калі я працаваў на сайце Litara.net, там былі гаспадары, ім належала права мадэрацыі, права здымаць матэрыялы. А мяне як пісьменніка заўсёды цікавілі параметры: што можна, а што нельга друкаваць? Хацелася заўсёды надрукаваць такі матэрыял, каб цэнзура зняла... Каб я ведаў, у які параметрах і межах я працую. Аказваецца пра аднаго чалавека напісаць можна, а пра іншага — нельга. Другі сайт, на якім я працаваў, гэта «Беларуская палічка», большай подласці, чым ад людзей, якія там кіравалі, я не сустракаў у інтернеце. Нікога не папярэджваючы яны знялі ўсе форумы, якія там былі...

— Можа ў іх грошы скончыліся?

— Можа, але яны не сказалі: «Можаце захаваць свае тэксты, мы будзем зачыняць...» Усё знішчылі... У адзін дзень былі вынішчаныя ўсе напрацоўкі. Шкада... Я там, напрыклад, разважаў пра культавую кнігу ў Беларусі, якія кнігі з’яўляюцца культавымі для беларускай літаратуры: «Вянок» Багдановіча, кнігі Скарыны… Ці здатныя сённяшнія літаратары зрабіць што-небудзь культавае ці цікавае? І ўсё гэта ў адзін дзень знікла. Хаця можна было папярэдзіць, паступіць па-чалавечы. Мы ж усе людзі, мы ж зразумеем.

— Хачу запытацца пра самацэнзуру... На адным з форумаў моладзь разважала: ці былі (ёсць) сярод беларускіх пісьменнікаў вычварэнцы? Я ўпэўненая, што іх было шмат, але яны не апісвалі ў сваіх творах свае вычварэнні. Мусіць дзейнічала самацэнзура?

— Думаю, што вычварэньні ёсць розныя. Ёсць біялагічныя, калі прырода нараджае аленя з дзвюма галавамі. Такіх пісьменнікаў пакуль што не было... Але беларускія пісьменнікі розныя… Двухгаловага аленя апісвае ўсё ж біёлаг, а не сам алень. Самацэнзура, эстэтычная цэнзура закладзеная ў кожным пісьменніку.

— Канфлікты, звязаныя з цэнзурай у Вас былі?

— Мая кар’ера як пісьменніка пачалася з канфлікта з цэнзурай. У 1985 годзе на мой першы зборнік цэнзар не паставіў штампік. У гэтым зборніку не было ні пра вычварэнцаў, ні пра палітыку, там былі вершы пра прыроду. І ўсё адно цэнзар палічыў немэтазгодным выданне. І ўвесь наклад зборніка быў «парэзаны на лапшу». Мая першая кніжка выйшла ў іншым аздабленні, у іншым фармаце толькі ў 1988 годзе. Тады я хадзіў па розных інтсанцыях і даводзіў, што «я здатны выканаць патрабаванні савецкай цэнзуры». Удалося...

— Ці хацелі самі быць цэнзарам?

— Не. Але справа не ў тым: хацеў ці не хацеў. А ў тым: быў ці не быў? Працуючы ў сваім выдавецтве я з’яўляюся ў пэўнай ступені і цэнзарам. Калі я замаўляю кнігу, я абумоўліваю яе параметры: пра гэта мы будзем пісаць, а пра гэта — не. Але я вельмі спакойна да гэтага стаўлюся, бо ведаю такую старажытную мудрасць: калі табе замінаюць і перашкаджаюць, ты ідзеш у правільным накірунку, ты рухаешся па правільным шляху…

Фота Алены Адамчык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?