Старшы следчы па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Святлана Байкова абвінавачваецца па пяці артыкулах Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Як паведамілі ў Вярхоўным судзе, пракурорскаму работніку прад’яўлена абвінавачанне ва ўчыненні злачынстваў супраць правасуддзя, а таксама супраць інтарэсаў службы (ч. 2 арт. 393 (прыцягненне ў якасці абвінавачванага заведама невінаватага), чч. 1, 2 арт. 394 (прымус да дачы паказанняў), чч. 1, 2 арт. 397 (заведама незаконныя затрыманне або ўтрыманне пад вартай), ч. 3 арт. 424 (злоўжыванне ўладай або службовыі паўнамоцтвамі), ч. 3 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў)).

У Вярхоўным судзе зазначылі, што для вырашэння пытання аб вінаватасці або невінаватасці Байковай ва ўчыненні інкрымінаваных ёй злачынстваў,

у судзе будзе даследаваны шэраг акалічнасцяў, у тым ліку звесткі, атрыманыя падчас розных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў. Згодна з заканадаўствам такія звесткі адносяцца да дзяржаўных сакрэтаў. Таму, у адпаведнасці з прамымі нарматыўнымі прадпісаннямі Крымінальна-працэсуальнага кодэкса справа падлягае разгляду ў закрытым судовым пасяджэнні.
Як паведамлялася раней,
слуханне справы Святланы Байковай пачнецца ў Вярхоўным судзе 10 сакавіка.

Нагадаем, Байкова была затрыманая супрацоўнікамі КДБ 25 лютага 2010 года паводле падазрэння ў перавышэнні ўлады. Справы ў дачыненні да яе былі распачатыя КДБ 24 лютага па прыкметах складаў злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 399 (незаконнае вызваленне ад крымінальнай адказнасці) і 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса. Згодна з неафіцыйнай інфармацыяй, пракурорскаму работніку ставіцца ў віну ўчыненне злачынстваў, прадугледжаных яшчэ некалькімі артыкуламі КК. Зараз яна знаходзіцца пад дамашнім арыштам.

У пачатку лютага стала вядома, што

адвакат Міхаіл Волчак, які з’яўляўся абаронцам Святланы Байковай, не зможа ёй дапамагаць на судовым працэсе. Ён ужо не працуе, ліцэнзію здаў у Міністэрства юстыцыі, а пасведчанне — у Мінскую абласную калегію адвакатаў. Пытанне БелаПАН, пайшоў ён добраахвотна ці яго прымусілі, былы абаронца работніка Генпракуратуры пакінуў без адказу.

У пачатку гэтага года ў дачыненні да Міхаіла Волчака Генпракуратурай была распачата справа на падставе ч. 1 арт. 407 Крымінальнага кодэкса (абвяшчэнне звестак дазнання, папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння). Распачынанне справы звязвалася з накіраванай Волчакам у канцы кастрычніка — пачатку лістапада 2010 года ў Генпракуратуру скаргай на бяздзеянне органа, які вядзе крымінальны працэс у дачыненні да яго падабароннай. Сутнасць яе стала вядомая. Як БелаПАН паведамляў раней, адвакат, грунтуючыся на звестках «праслушкі» КДБ, што фігуруюць у матэрыялах следства, у сваім звароце ў Генпракуратуру заявіў: папярэднім следствам наўмысна не дадзена прававая ацэнка супрацьпраўным дзеянням афіцэра міліцыі, які ўваходзіў у склад следчай групы Байковай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?