У Гомельскім палацава-паркавым ансамблі 4 сакавіка адкрылася выстава рарытэтаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея «Масонская калекцыя са збораў Вацлава Федаровіча». На выставе дэманструюцца масонскія знакі і сімвалы канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя. Усяго прадстаўлена больш як 50 прадметаў.

Вацлаў Федаровіч (1848–1911) нарадзіўся ў Магілёве, скончыў мясцовую гімназію, юрыдычны факультэт Маскоўскага ўніверсітэта. З’яўляўся намеснікам старшыні Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, членам-карэспандэнтам Кракаўскай акадэміі навук, быў ініцыятарам і заснавальнікам Дабрачыннага каталіцкага таварыства ў Віцебску.

Федаровіч быў знаўцам старажытнасці, збіральнікам старажытнасцяў. У 1880 годзе адкрыў прыватны музей, збор якога быў адным з найбагацейшых у Віцебску на мяжы XIX–XX стагоддзяў. Тут былі сапраўдныя рарытэты, што адлюстроўвалі гісторыю мясцовага краю перыяду ВКЛ і Рэчы Паспалітай: зброя, археалагічныя, нумізматычныя, этнаграфічныя матэрыялы. Прадметы збіраліся на тэрыторыі Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай і Віленскай губерняў.

Пасля смерці Федаровіча яго калекцыя захоўвалася сваякамі, а пасля рэвалюцыі была перададзена ў распараджэнне Віцебскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага інстытута. У 1923 годзе яна зноў набыла самастойны статус пад назвай «Музей беларуска-польскіх (мясцовых) старажытнасцяў». У 1924 годзе збор Федаровіча ўвайшоў у склад Віцебскага аддзялення Беларускага дзяржаўнага музея.

Асаблівае месца ў музеі Федаровіча займаў «масонскі аддзел», які быў вядомы далёка за межамі Віцебска. Уладальнік вёў вялікую перапіску з даследчыкамі гісторыі масонства і калекцыянерамі з розных гарадоў Беларусі і Расіі. Некаторыя масонскія знакі з калекцыі Федаровіча былі апублікаваны ў кнізе «Масонства ў мінулым і сучаснасці».

У фондах Віцебскага краязнаўчага музея выяўлена 95 прадметаў масонскай калекцыі, што адносяцца да канца XVIII — пачатку XIX стагоддзя, — друкаваныя і рукапісныя дакументы, рэчавыя помнікі, якія знаёмяць з развіццём масонства: знакі адрознення рускіх і польскіх лож, агульнамасонскія знакі адрознення і знакі розных ступеняў і пасадаў, масонскія стужкі, запоны і кішэні-кашалі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?