У 2010 годзе ў Беларусі зарэгістравана 77 тысяч шлюбаў.

Як паведамляецца на сайце Міністэрства юстыцыі, больш за 70% шлюбаў зарэгістравана ва ўрачыстай абстаноўцы. Асаблівай папулярнасцю карысталіся паслугі па рэгістрацыі шлюбаў па індывідуальным сцэнарыі: «кавальскае вяселле», «вяселле казака», «польскае вяселле», вяселле па старадаўнім абрадзе «яднанне маладых» і іншыя.

Беларусы таксама актыўна выкарыстоўвалі магчымасць рэгістраваць шлюбы ў гістарычных і памятных месцах. Летась праведзены ўрачыстыя рэгістрацыі шлюбаў у Мірскім замку, Нясвіжскім замку, Гродзенскім каралеўскім палацы, Лідскім замкавым комплексе, Баранавіцкім лядовым палацы і інш. Гэта спрыяе далучэнню маладых людзей да багацця беларускай культуры, фарміравання нацыянальнай самасвядомасці і захавання самабытных традыцый, падкрэсліваюць у Мінюсце.

Акрамя таго, у загсе ўсё часцей адзначаюцца сямейныя і юбілейныя ўрачыстасці. Традыцыйнымі сталі мерапрыемствы па ўшаноўванні сем’яў-юбіляраў розных гадоў шлюбнага жыцця, якія адзначаюць «фарфоравыя» (20 гадоў) «сярэбраныя» (25 гадоў), «рубінавыя» (40 гадоў), «залатыя» (50 гадоў), «брыльянтавыя» (60 гадоў) вяселлі. Толькі летась органамі ЗАГС праведзена больш за тысячу «залатых» і больш за 800 «сярэбраных» юбілейных вясельных урачыстасцяў.

Як лічаць у Мінюсце, асноўнай мэтай правядзення такіх урачыстасцяў з’яўляецца «адраджэнне аўтарытэту сям’і ў грамадстве, у якой павінны захоўвацца і памнажацца сямейныя традыцыі, любоў і павага да бацькоў, увага і клопат да дзяцей». Гэта мае «велізарнае значэнне для выхавання духоўна здаровага пакалення», адзначаюць у міністэрстве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?