У перадапошні дзень зімы ААН выступіла з сэнсацыйным паведамленьнем, маўляў, Беларусь парушае эмбарга на пастаўкі зброі ў Кот-д'Івуар. Праз колькі дзён беларускія СМІ зьмясьцілі абвяржэньне і спаслаліся на брыфінг аднаго з кіраўнікоў ААН, які выбачыўся за «шкоду іміджу» краіны. Праблема толькі ў тым, што ў арыгінале і яго выбачэньне, і ўсе выказваньні сфармуляваныя такім чынам, які значна мяняе справу.

Ален Леруа, кіраўнік Дэпартамэнту міратворчых апэрацыяў ААН (ДМА) не казаў ані пра «шкоду іміджу», ані «ніякага самалёта не было», насуперак сьцьверджаньням некаторых беларускіх СМІ. Наадварот, выказваньні Леруа былі максымальна абцякальнымі. Маўляў, было недакладнае паведамленьне – «inaccurate report» -- і выбачайце.

Леруа паведаміў: «Увечары ў нядзелю Місія ААН у Кот-д’Івуары заявіла, што яна атрымала інфармацыю аб тым, што лятак, які зьдзяйсьняў рэйс, што адпавядае дадзенаму апісаньню, прызямліўся ў Ямусукро. Зважаючы на сур'ёзнасьць пытаньня, Місія прыняла рашэньне апублікаваць яго».

Леруа не тлумачыць, што ўрэшце здарылася – ці самалёт не прыляцеў, ці шрубалётаў на ім не было, ці проста міратворцы не далі рады высьветліць, у чым справа. Затое зазначыў, «менавіта Місія ААН у Кот-д'Івуары апублікавала памылковае паведамленьне (wrong report) і, у якасьці кіраўніка ДМА, я, вядома ж, бяру на сябе адказнасьць за гэта», – заявіў Ален Леруа, дадаўшы, што такія няправільныя паведамленьні ААН маюць месца надзвычай рэдка, а ДМА надае вельмі вялікую ўвагу дакладнасьці сваіх паведамленьняў». Гэтая навіна з працытаванымі выказваньнямі дасягальная ў асноўнай ангельскамоўнай стужцы Службы навінаў ААН.

Тэкст жа, які быў пашыраны ў беларускіх СМІ паходзіць з расейскамоўнай стужкі, рэдакцыя якой і раней, бывала, «правіла» навіны. Збольшага, відаць, ненаўмысна, але бывала, што з расейскай стужкі зьнікалі кавалачкі менавіта пра парушэньні правоў чалавека ў Расеі і былым СССР. Прыкра толькі, наколькі нядбайна паставіліся да інфармацыі пра гэтае афрыканскае здарэньне беларускія СМІ. Сытуацыя нагадвае жнівеньскую гісторыю з «качкай» пра пастаўку беларускіх С-300 у Іран.

Па-першае,

справа выглядае зусім неадназначна, і цалкам магчыма, што нейкае здарэньне зь беларускім сьледам усё-ткі мела месца,
аднак беларускі бок патрапіў ад яго адгарадзіцца. У сваю чаргу, справа тая не была настолькі істотнай для буйных дзяржаў, каб нехта ўсур'ёз пачаў лавіць беларусаў «на гарачым». Згадайма, як колькі гадоў таму Францыя прыплюшчыла вочы на тое, як беларускія найміты зрабілі авіяналёт на яе базу ў Кот-д'Івуары. Праўда, тады гэта былі прыватныя асобы без жаднага ўрадавага ўдзелу.

Па-другое,

дагэтуль Беларусь сапраўды – нягледзячы на сьцьверджаньні некаторых апазыцыйных СМІ – ніколі не была злоўленая на нейкіх незаконных або рызыкоўных гешэфтах – калі не лічыць зусім анэкдатычных шлемафонаў для танкістаў Садама.
Ёсьць шмат зацікаўленых спэкуляцыяў на гэты конт, але аніякіх выяўленых фактаў.

Трэба прызнаць, што

Лукашэнка не рызыкуе ў міжнародным пляне.
Калі беларускі бок і гандлюе зброяй, дык у пекла ня лезе і санкцыяў не парушае. Таму і Іран, і Ірак пры Садаму, і Сырыя і аніякі іншы вораг Амэрыкі дагэтуль анічога небясьпечнага ў Менска не выгандлявалі, апроч вэрбальных дэклярацыяў беларускага лідэра.

Весткі наконт мажлівых беларускіх варушэньняў у напрамку Кот-д'Івуара ды Лібіі не ўкладаюцца ў рэчышча дзеяньняў беларускага рэжыму цягам апошніх шаснаццаці гадоў. Калі яны праўдзівыя, дык яны сьведчаць пра яго трансфармацыю, страту пэўнай асьцярожнасьці ня менш, чым падзеі 19 сьнежня. Апошнім часам якасна зьмянілася ня толькі ўнутраная палітыка краіны, але і вонкавая. Напрамак эвалюцыі – у бок большай безагляднасьці і самаўпэўненасьці.

Гэта, відаць, добра адчуваюць і замежныя дзяржавы, што спрабуюць ціснуць на Лукашэнку. Пра тое сьведчаць гэтаксама крытычныя заявы з боку розных высокапастаўленых кіраўнікоў ААН на адрас беларускай дзяржавы пасьля выбараў – безумоўна, у выніку актыўнасьці прадстаўнікоў заходніх дзяржаў (а мо і ня толькі іх) у структурах ААН. Заявы ж Генэральнага сакратара ўвогуле ня мелі прыкладаў у гісторыі незалежнай Беларусі. Такі інструмэнт ціску на афіцыйны Менск як ААН у асобе яе нью-ёрскага начальства выкарыстоўваецца ўпершыню і даводзіць – гэтым разам беларускае кіраўніцтва дапякло сваімі дзеяньнямі прынамсі некаторым магутным дзяржавам.

Паказальна, што нават Расея, ня кажучы ўжо пра КНР, не парупіліся бараніць свайго «стратэгічнага партнэра» ад нью-ёрскіх ААНаўскіх чыноўнікаў.
Але праўдападобна, што зараз беларускае кіраўніцтва мала зважае на такія рэчы. Яму б, як слушна зазначыў Анатоль Сідарэвіч, «абы дзень прастаяць і ноч пратрымацца».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?