Алесь Міхалевіч усіх ператварыў у кансьпіролягаў. Прынамсі, сярод камэнтатараў на сайце «Свабоды» аматары змоваў займаюць упэўненае другое месца пасьля тых, хто павіншаваў палітыка з учынкам.

Пры гэтым усе без выключэньня рэплікі кампраматчыкаў ня маюць вагі, бо ня маюць сьцьвярджальнае мэты. Навошта яны пішуцца?

Гісторыя робіцца ўчынкамі, а ня словамі. Пра што й нагадаў Міхалевіч, які публічна адмовіўся супрацоўнічаць з КДБ і захоўваць іхныя «таямніцы».
Шукаю што-небудзь блізкае зь нядаўняга, каб параўнаць, і не знаходжу. Былі толькі словы. Таму й не рабілася гісторыя.

Яно й цяпер словаў хапае. Пра тое, што агент ці не агент Міхалевіч (калісьці сябры далі яму мянушку Міхельсон) зрабіў гэта наўмысна!

А ня трэба нічога рабіць, асабліва наўмысна, каб не нашкодзіць тым, хто сядзіць. І пад вокнамі Някляева ня трэба дэманстраваць, каб яму не нашкодзіць. І ўвогуле…

Калі няма ўчынкаў, а толькі словы, тады словы ходзяць па коле, наскокваюць адно на адно, і ўся палітыка ператвараецца ў грызьню. Згадайце,

апошнім часам хто толькі з кім у дэмакратычным лягеры не перасварыўся публічна. Проста пандэмія сабачага грыпу. І канца ёй не відаць. А тут зрабіўся ўчынак, і стала відаць цана ўсяму таму сабачаньню.
І стала відаць, што толькі маральныя ўчынкі прывядуць да жаданых перамен. Прынамсі, бязь іх ня будзе нічога.

На маю думку, найбольш узважаны камэнтар пра ўсё гэта пакінуў нехта «Мненіе»:

«Тыя кавалкі «пакаяльнай запіскі», якія абнародавала КДБ, асабіста ў мяне ня выклікалі ніякіх эмоцыяў — Алесь у ёй напісаў усё тое, што, уласна, ён казаў у этэры на дэбатах. У фільме (які здымаюць мастацтвазнаўцы ў цывільным. — С.Д.) таксама асабліва глядзець ня будзе на што — і так вядома, што Міхалевіч не экстрэміст, ня хам, не «завадар» людзей на Плошчу, а канструктыўны інтэлігент. І тым больш каштоўная яго адкрытасьць і тое, што чалавек не пабаяўся і не зламаўся».

Сапраўды, «абламаць» КДБ чалавеку зь мяккімі манерамі, у акулярах і з такой мянушкай, як любіць бясконца паўтараць адзін пэрсанаж, «дорогого стоіт».

Між іншым, прозьвішча вайскоўца, які пасадзіў у клетку мазаічнага Ямельку Пугачова і спыніў ягонае ірацыянальнае бясчынства, было Міхельсон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?