Кошты паднялі як афіцыйныя дылеры, так і гандляры на другасным рынку.

Прычына — навіна пра рост мыта на ўвезеныя аўтамабілі, які чакаецца ў ліпені. Апроч таго, з’явілася інфармацыя, што абмяжуюць імпарт аўтаў. Гэта прадугледжвае сумесная пастанова Савету Міністраў і Нацыянальнага банку «Аб разліках у імпарце некаторых тавараў» ад 25 лютага 2011 г.

Як паведамілі ў прэс-цэнтры Саўміна, у спіс тавараў, для якіх уводзяць істотныя абмежаванні ў аплаце замежнаю валютаю, трапілі і аўтамабілі. «Абмежаванні пераважна закрануць камерцыйныя аўтамабілі, прызначаныя для перавозу грузаў або пасажыраў. Так званыя „бусы“, дзе ёсць ад дзесяці месцаў. Абмежаванні неабходныя, каб стабілізаваць плацежны баланс краіны», — адзначылі ў размове супрацоўнікі прэс-цэнтру.

Эксперты ж прагназуюць рэзкае скарачэнне імпарту легкавых аўтаў і, як вынік, дэфіцыт прапановы і рост цэнаў.

«За апошні тыдзень аўтамабілі даражэлі тройчы. Найбольш гэта закранула так званыя бюджэтныя і сямейныя аўты — мінівэны дзесяцігадовай даўнасці выпуску. Аднак і новыя аўтамабілі падаражэлі. Падобную сітуацыю мы назіралі летась, калі чуткі пра мыта ўжо распаўсюджваліся. Сёлета пра павышэнне заявілі канкрэтна. Таму хутчэй за ўсё, мыта ўсё ж падымуць. Людзі гэта разумеюць, праз гэта ідзе і масавы закуп патрыманых аўтаў у Польшчы і Літве, а таксама падвышэнне коштаў», — адзначыў аўтааглядальнік Валер Глухоўскі.

Аднак аўтааматары яшчэ спадзяюцца, што пастанову пра абмежаванне імпарту адменяць або прыбяруць з яе пункт пра аўтамабілі. Калі ж гэтага не адбудзецца, запас камерцыйных аўтаў пры звыклым попыце можа задаволіць патрэбы рынку толькі да сярэдзіны красавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?