Лаўрэаты прэміі, заснаванай экс-прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым, абвешчаныя ў чацвер у Маскве.

У лік лаўрэатаў ўвайшлі лідэр гурта U2 Бона, адзін з вынаходнікаў інтэрнэту Цім Бернерс-Лі, адзін з заснавальнікаў пошукавіка Google Сяргей Брын.

Цырымонія абвяшчэння лаўрэатаў прайшла ў рэзідэнцыі амбасадара Вялікабрытаніі ў Маскве. Уручэнне ўзнагароды адбудзецца 30 сакавіка ў лонданскім каралеўскім Альберт-холе ў рамках вялікага дабрачыннага канцэрта, прысвечанага 80-годдзю Гарбачова.

Усяго ж ўзнагароду, якую ўжо ахрысцілі «Прэміяй Гарбачова», атрымаюць дзевяць чалавек з шасці краін свету.

У намінацыі «Перабудова» акрамя вучонага з Вялікабрытаніі Бернерса-Лі адзначаны таксама Марцін Купер, які ў 1973 годзе зрабіў першы званок па мабільным тэлефоне. Прэмію ў гэтай намінацыі атрымае таксама аўтар эканамічнага цуду Бразіліі Луіс Інасіу Лула да Сілва.

За унікальны ўклад у развіццё культуры і медыяпрасторы у намінацыі «Галоснасць» прэмія прысуджаная заснавальніку тэлеканала CNN Теду Цёрнеру, кінарэжысёру Стывену Спілбергу і ірландскаму музыканту Бона, які больш за 20 гадоў змагаецца за выратаванне афрыканскага кантынента ад галечы і хвароб.

Прэмію ў намінацыі «Паскарэнне» атрымаюць Брын, нямецкі філосаф Юрген Хабермас -- аўтар такіх паняццяў, як «публічнасць», «грамадскасць», «камунікатыўны розум», а таксама інжынер з Кеніі Эванс Вадонга, які ў 2004 годзе ва ўзросце 18 гадоў стварыў крыніцу энергіі для самых бедных раёнаў сваёй краіны.

Прадстаўляючы лаўрэатаў, Гарбачоў заявіў, што абраць толькі дзевяць чалавек было складанай задачай.

«Мае віншаванні ўсім намінантам, -- сказаў ён. -- Чакаю сустрэчу з пераможцамі 30 сакавіка ў каралеўскім Альберт-холе на гала-канцэрце і цырымоніі ўручэння прэміі".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?