У БДУ запэўніваюць, што палітыкай малады чалавек толькі прыкрыўся.

У снежні стала вядома, што Алега Ануфрыенку, унука з роліка «Схавай пашпарт бабулі», адлічылі з універсітэта. Ён вучыўся на журфаку БДУ. Журналісты звязалі адлічэнне з палітыкай. На факультэце ж заяўляюць, што малады чалавек проста не здаў «хвасты».

Алег Ануфрыенка не адмаўляе, што меў запазычанасці яшчэ з летняй сесіі. Па яго словах, ён здаў іх да ўзгодненых у дэканаце тэрмінаў.

А ў выніку пераздачы не залічылі, а яго адлічылі, кажа ён.

Намесніца дэкана журфака Ганна Курэйчык пацвердзіла, што студэнт меў акадэмічную запазычанасць. Малады чалавек двойчы звяртаўся да адміністрацыі факультэта з просьбай працягнуць тэрмін пераздачы. Спачатку да жніўня, а затым да 15 кастрычніка 2010 года «ў сувязі з сямейнымі абставінамі». Спн. Курэйчык дэманструе адпаведныя заявы студэнта. Яму пайшлі насустрач. А перад заканчэннем другога тэрміну, 14 кастрычніка, Алегу патэлефанавалі, каб нагадаць аб пераздачы. Але ён не адказваў на званкі і ў дэканат не з’явіўся. Адпаведна, за акадэмічную непаспяховасць яго адлічылі з універсітэта.

Загад аб адлічэнні быў падпісаны 28 кастрычніка, а Алег Ануфрыенка, як сам адзначыў, даведаўся аб гэтым толькі ў снежні. Ён звяртаўся ў дэканат па тлумачэнні. Там адказалі, што адпраўлялі дадому адпаведны ліст. Але і да сёння, па словах Ануфрыенкі, ён не дайшоў. Ганна Курэйчык адзначае, што дэканат не абавязаны ў рукі перадаваць такія лісты. І дадае, што Алег мог даведацца аб усім, калі б з’явіўся ва ўніверсітэце.

Намесніца дэкана адмаўляе сувязь паміж ролікам «Схавай пашпарт бабулі» і справай студэнта.

І звяртае ўвагу, што відэа з’явілася ў інтэрнэце пазней за загад аб адлічэнні (на ю-тубе ролік размясцілі 8 лістапада).

Разам з тым, рэжысёр відэа Яўген Шапчыц быў звольнены з Белтэлерадыёкампаніі за працу над ролікам.

Алег Ануфрыенка хоча паспрабаваць аднавіцца ў БДУ ў наступным годзе.

БДУ адметны тым, што ў гэтым універсітэце не адлічвалі студэнтаў, затрыманых на Плошчы.

Відэа «Схавай пашпарт бабулі» было прысвечана прэзідэнцкім выбарам у Беларусі. Згодна з сюжэтам, унук зайшоў да бабулі ў госці. Калі яны пілі гарбату, у дзверы пазванілі зборшчыкі подпісаў за кандыдата Жырафенку. На фотаздымку — Аляксандр Лукашэнка з падмаляваным парыком. Пакуль бабуля слухае мужчын, унук хавае яе пашпарт. І рэзюмэ: «19 снежня. Выбары-2010. Выратуй краіну. Схавай бабулін пашпарт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?