Канцэрт гурту «Ляпіс Трубяцкой» у Гомелі, які быў прызначаны на 13 сакавіка і адменены, можна было праводзіць, нягледзячы на недапрацоўкі па пажарнай бяспецы манежа «Дынама», мяркуюць у МНС.

Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, з 2009 года, пасля завяршэння рэканструкцыі манежа, яго кіраўніцтва не можа ліквідаваць недапрацоўкі ў сістэме пажаратушэння будынка. Тым не менш выставы-продажы і іншыя масавыя мерапрыемствы ў манежы рэгулярна праводзяцца.

«Праблема вырашаецца кампенсавальнымі мерапрыемствамі: каля будынка часова дзяжурыць аўтацыстэрна і пажарны інспектар. Гэта мінімальныя затраты. У выпадку з канцэртам „Ляпіса Трубяцкога“ МНС таксама дало б згоду на правядзенне канцэрта, калі б кіраўніцтва манежа правяло гэтыя нескладаныя кампенсавальныя мерапрыемствы. Напэўна, ёсць прычыны, чаму зрабіць гэта не захацелі», — пракаментаваў прэс-сакратар.

Раней БелаПАН паведамляў са спасылкай на прэс-аташэ творчага аб’яднання «Дзеці Сонца» Дзмітрыя Бескаравайнага аб тым, што на канцэрт гурту «Ляпіс Трубяцкой» у Гомелі было прададзена звыш 1.300 білетаў. З-за адмовы манежа ў арэндзе памяшкання канцэрт быў сарваны, бо ў абласным цэнтры няма пляцоўкі, якая можа прыняць такую колькасць людзей.

У Гомель гурт «Ляпіс Трубяцкой» планаваў прыехаць падчас гастрольнага тура ў падтрымку новага альбома «Вясёлыя карцінкі». Адмена канцэрта супала з чуткамі аб з’яўленні чорных спісаў дзеячаў культуры, у якія нібыта ўключаны гурт.

Найбліжэйшы канцэрт у Беларусі «Ляпіса Трубяцкога» павінен адбыцца ў Магілёве 20 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?