На 27-м чэмпіянаце Еўропы па мастацкай гімнастыцы, які пройдзе на «Мінск-Арэне» 27–29 мая, беларускія спартсменкі будуць выступаць пад другім нумарам у мацнейшай групе А.
Такі вынік лёсавання, якое прайшло 11 сакавіка ў Мінскай гарадской ратушы.

Першымі на дыван выйдуць украінкі, трэцімі — ізраільцянкі, далей — гімнасткі Расіі, Азербайджана, Польшчы, Балгарыі, Іспаніі, Аўстрыі і Італіі. Астатнія зборныя размеркаваны ў групы В і С (па 12 каманд).

У юніёрскім групавым практыкаванні нашы спартсменкі выступяць 14-мі сярод 23 каманд.

Галоўны трэнер беларускай зборнай Ірына Ляпарская, каментуючы вынікі лёсавання дарослых спаборніцтваў, паведаміла БелаПАН, што было б лепш выступаць у канцы, чым у пачатку, аднак ранні выхад кампенсуецца тым, што наймацнейшыя зборныя будуць выступаць адна за адной.

На цырымоніі лёсавання былі паказаныя афіцыйны знак чэмпіянату Еўропы — ластаўка, а таксама медалі. «Мы правядзем гэтыя спаборніцтвы так, каб вы прасілі правесці ў Мінску і наступны чэмпіянат», — заявіў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька, звяртаючыся да дэлегацыі тэхнічнага камітэта па мастацкай гімнастыцы Еўрапейскага саюза гімнастыкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?