Пачалася эвакуацыя 20-кіламетровай зоны. Урад запэўнівае, што выбух не зачапіў рэактара.

Генеральны сакратар урада Японіі пацвердзіў факт выбуху на АЭС «Фукусіма-1». Аднак ён заверыў, што ўзарваўся не рэактар. На здымках з месца здарэння відаць вялізны слуп дыму і абвал часткі будынку.

Паводле апошніх звестак, выбухнуў вадарод, які выкарыстоўваўся для ахалоджвання рэактара.

Урад запэўнівае, што ахалоджванне рэактара марской вадой дае добры вынік.

Працавітая Японія выстаяла пры апакаліптычным землятрусе. Колькасць разбурэнняў ад стыхіі такога маштабу дзівосна нізкая. Але бяда прыйшла ад сучасных тэхналогій. Цунамі разбурыла электрасеткі вакол двух АЭС. Гэта прывяло да спынення сістэмы ахалоджвання рэактараў. Пагражае катастрофа роўная Чарнобыльскай. З дзесяцікіламетровых зонаў вакол дзвюх АЭС за дзень эвакуявалі 300 тысяч жыхароў.

Выглядае, што расплавіліся металічныя абалонкі, якія абараняюць стрыжні рэактара. Значыць, тэмпература ўнутры рэактара можа дасягаць 1200 градусаў.

Раней паведамлялася, што ціск унутры аварыйнага рэактара АЭС «Фукусіма-1» перавышае каэфіцыент запасу трываласці корпуса ў 2,1 разу. Тэмпература і ціск унутры аднаго з рэактараў АЭС пачалі падымацца пасля збою ў сістэме астуджэння.

«На Фукусіме пачалася непадуладная нам ланцуговая ядзерная рэакцыя», — паведаміла ў суботу Міністэрства эканомікі, гандлю і прамысловасці Японіі.

Пасля землятрусу рэактар ​​аўтаматычна спыніўся. Але цунамі разбурыла лініі электраперадач вакол АЭС і дызельныя генератары станцыі, таму ў рэактар перастала паступаць вада, неабходная для яго астуджэння. Узровень вады панізіўся, у выніку чаго стрыжні рэактара апынуліся над яе паверхняй. Усю ноч у астуджальную зону рэактара спрабавалі пампаваць вялікія аб’ёмы вады, каб падтрымаць неабходны ўзровень. Выглядае, што поспеху дасягнуць не ўдалося.

Як лічаць спецыялісты, асноўная частка паліва па-ранейшаму застаецца ў рэактары.

Для змяншэння ціску ўнутры рэактараў японскае Агенцтва ядзернай бяспекі дало згоду на кантраляваны выпуск пары. А гэта прывядзе да выкідаў радыяцыі ў атмасферу. Ды, крый Божа, можа здарыцца і выбух, як у Чарнобылі.

Кантраляваны выпуск пары — беспрэцэдэнтная аперацыя ў гісторыі японскіх АЭС.

Станцыю наведаў прэм’ер-міністр Японіі Наота Кан. Ён заверыў жыхароў раёна, што па-за10-кіламетровай зонай вакол рэактара ніякай небяспекі для людзей пакуль няма.

Улады не хаваюць, што ў кантрольным памяшканні першага рэактара на АЭС «Фукусіма-1» ўзровень радыяцыі ў цяперашні час перавышае нармальны ў 1 тыс. разоў, а ля галоўных варот станцыі — у 8 разоў.

Кампанія Tokyo Electric Power Co, якая кіруе станцыяй, паведаміла аб падрыхтоўцы рэзервовага абсталявання для падачы вады ў рэактар.
Сур’ёзная сітуацыя складваецца і на суседняй АЭС «Фукусіма-2», дзе таксама маюцца сур’ёзныя праблемы з сістэмай ахалоджвання рэактара.
Тэмпература вады там перавысіла 100 градусаў Цэльсія.

У радыусе 3 км ад гэтай АЭС жыхарам таксама загадана эвакуявацца. У зоне радыусам 20 км у раёне гэтых двух АЭС эвакуацыі падлягаюць да 300 тыс. чалавек.

АЭС наведаў прэм’ер-міністр Японіі Наота Кан (Японію ўзначальвае прэм’ер, імператар выконвае толькі рытуальныя функцыі).

Нагадаем, што пасля Чарнобыльскай АЭС інфармацыю пры выкід радыяцыі доўгі час хавалі, а эвакуацыя 30-кіламетровай зоны вакол рэактара адбылася з вялікай зацяжкай.

Адзін з наймацнейшых землятрусаў нашага часу адбыўся ля ўзбярэжжа прэфектуры Міягі за 373 кіламетры ад Токіа. Магнітуда яго склала 8,9. Землятрус выклікаў моцную цунамі. У шэрагу раёнаў вышыня прыліўной хвалі перавышала дзесяць метраў. Больш за тысячу чалавек загінулі і прапалі без вестак.

Землятрус у Японіі, які адбыўся ў пятніцу 11 сакавіка, прывёў да зрушэння восі Зямлі на 15 см. Акрамя таго, паводле папярэдніх разлікаў, працягласць зямных сутак скарацілася на 1,6 мікрасекунды.

Цунамі заліла ў тым ліку і раёны вакол АЭС у Фукусіме. Супрацоўнікі станцыі перажылі страшныя хвіліны. З аднаго боку, яны сутыкнуліся з невырашальнымі тэхналагічнымі праблемамі. З другога, яны не ведалі пра лёс сваякоў. Цунамі накрыла гарадкі, дзе жывуць іхныя блізкія.

Пад вадой аказалася вялікая частка горада Сэндай — дарэчы, пабраціма Мінска. Там маюцца шматлікія пацярпелыя і разбурэнні. У тым ліку вада цалкам заліла вялікі аэрапорт горада.

Японскае ТВ вядзе жывую трансляцыю з месца здарэнняў. У краіне дзейнічае інтэрнэт.

У горадзе Камаісі прэфектуры Іватэ на востраве Хансю 10-метровая цунамі змыла дзясяткі аўтамабіляў.

Цунамі таксама дайшло да Курыльскіх выспаў і Тайваня.

Здымкі з верталёта з Сэндая шакуюць: цунамі зносіць дамы, валачэ машыны і караблі, разбівае іх у бетонны мост, і жалезныя мачты выломваюцца, як запалкі. Дамы гараць на плыву. Аўтамабілісты адчайна спрабуюць уцячы ад гіганцкай хвалі па шашы…

У цэнтры японскай сталіцы абрынуўся вядомы ў краіне дом прыёмаў «Куды кайкан» — месца правядзення многіх афіцыйных мерапрыемстваў.

У Токіа абрынуўся шпіль тэлевежы.

ЗША заявілі пра гатоўнасць тэрмінова выслаць у Японію самалёты ВПС з рэчывам-ахаладжальнікам. Невядома, ці такая экстраная дапамога здолее ўратаваць сітуацыю.

Усяго ў выніку стыхіі аўтаматычна спынілі працу пяць японскіх АЭС. На адной з іх пачаўся пажар у турбіннай зале, які пагасілі пажарнікі. Выкідаў радыяцыі не адбылося.

Беларусь — спакойная ў сейсмічным сэнсе тэрыторыя. Аднак невялікія землятрусы магчымыя і ў нас. У прыватнасці,

адна з патэнцыйных зонаў сейсмічнай актыўнасці праходзіць у раёне будучай Астравецкай АЭС.

Менавіта на Астравеччыне зафіксаваны прэцэдэнт самага моцнага беларускага землятрусу.

У 1909 г. водгалас італьянскага землятрусу выклікаў на Астравеччыне, калі вёскі Сяржанты, з’яўленне глыбокага рову «з вярсту з поўначы на паўднёвы ўсход».

Беларускія навукоўцы ацанілі той землятрус 1909 году ў 7 балаў паводле шкалы Рыхтара.

Цунамі ў Японіі выклікалі таксама спыненне працы сямі цеплаэлектрастанцый і 24 ГЭС. Аднак на гэтых аб’ектах няма небяспекі аварыі, якая б пагражала навакольнаму асяроддзю. Тады як атамная сіла здольная выходзіць з-пад кантролю чалавека.

Узровень радыяцыі на расійскім Далёкім Усходзе і ў Токіа пакуль не ўзняўся.

Ад АЭС у Фукусіме да Токіа — 260 кіламетраў. Нагадаем, што ад планаванай Астравецкай АЭС усяго 60 км да Вільні і 30 — да перліны Нарачы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?