Паводле слоў кiраўнiка Гiдраметцэнтра РФ Рамана Вiльфанда, анамальна моцныя маразы, якiя назiралiся на кантыненце ў сярэдзiне студзеня 2006 года (нагадаем, што тэмпература паветра на Беларусi ў асобныя днi тады апускалася да мiнус 32–34 градусаў), – гэта, хутчэй, выключэнне з агульнай тэндэнцыi пацяплення. Апошнiя тры гады сярэдняя тэмпература паветра зiмой на зямным шары павышаецца – прыблiзна ад 0,9 да 1,3 градуса ў год. Р. Вiльфанд запэўнiў, што сярэдняя тэмпература гэтай зiмой будзе вышэй не толькi леташняй, але i нормы на 3–4 градусы. Паводле слоў метэаролагаў, снежань па тэмпературных паказчыках будзе блiзкiм да шматгадовых даных – у блiжэйшы тыдзень будзе плюсавая тэмпература i днём i ўначы, пахаладанне наступiць пасля 16-га, калi тэмпература ўсталюецца на адзнацы 4–6 градусаў нiжэй нуля, выпадзе снег, якi не растане на працягу некалькiх дзён. Метэаролагi называюць яго «надзейным снегавым покрывам».

Мы прывыклi лiчыць, што ў нас чатыры пары года. На самай жа справе iх шэсць. Акрамя зiмы, вясны, лета i восенi ёсць яшчэ перадзiм’е i пераходны час года ад зiмы да вясны. Дык вось «шостая» пара года – перадзiм’е – на Беларусi ўжо заканчваецца. Сiноптыкi падлiчылi, колькi на гэтую зiму прыпадзе самых халодных i самых цёплых дзён. Так, у зiмовыя месяцы мiнiмальныя тэмпературы (12–14 градусаў марозу днём, 19–21 уначы) пратрымаюцца не больш як два тыднi. Але i адлiг будзе не вельмi многа – 15–16 дзён. Аднак, мяркуючы па iнфармацыi са спецыялiзаваных Iнтэрнэт-сайтаў, невядома, калi менавiта будуць гэтыя днi i будуць яны запар адзiн за адным, цi пойдуць уразбiўку. Адзiнае, што можна сказаць з некаторай доляй упэўненасцi, дык гэта тое, што Новы год парадуе нас, хоць i невялiкiм, але ўсё ж марозам. Дакладна сказаць, якая менавiта тэмпература паветра будзе на святы, зараз нельга, бо ўсе сённяшнiя прагнозы спецыялiстаў робяцца з верагоднасцю ў 75 працэнтаў. Методыка метэаролагаў дазваляе рабiць больш-менш дакладны прагноз на 3–5 сутак. Рабiць дакладныя прагнозы на паўмесяца i больш зараз тэхнiчна проста немагчыма.

Такiм чынам, расiйскiя сiноптыкi абвяргаюць папярэджаннi брытанскiх даследчыкаў аб тым, што ўжо праз два дзесяцiгоддзi клiмат у Еўропе можа стаць значна халаднейшым, што выклiкана змяненнямi напрамку плыняў у Атлантычным акiяне.

Вучоныя з Брытанскага Нацыянальнага акiянаграфiчнага цэнтра выявiлi , што плынi, утвораныя Гальфстрымам – цёплым цячэннем, якое абмывае Вялiкабрытанiю i Паўночную Еўропу, слабеюць, таму яны заклiкалi еўрапейцаў «рыхтавацца хутчэй да пахаладання клiмату ў Еўропе, чым да яго пацяплення». Гэта стала вынiкам больш чым 50-гадовых назiранняў за Атлантыкай. Мiж тым, некаторыя расiйскiя вучоныя таксама лiчаць, што Зямля зараз блiжэй да абледзянення, чым да глабальнага пацяплення. Адным з прыхiльнiкаў гэтай тэорыi з’яўляецца акадэмiк, дырэктар Iнстытута глабальнага клiмату i экалогii Юрый Iзраэль. Зямля за апошнiя паўмiльёна гадоў перажыла ўжо чатыры перыяды ахаладжэння–пацяплення. Пры абледзяненнях канцэнтрацыя вуглякiслага газу была ўсяго 180 малекул. Яшчэ ў 1900 годзе гэты паказчык складаў 280 малекул, сёння – ужо 380. Таму, лiчыць акадэмiк, планета блiжэй да абледзянення, чым да глабальнага пацяплення.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?