Мастацтва сучаснай Афрыкі будзе прадстаўлена на выстаўцы ў мастацкай галерэі «ЛаСандр-арт» у Мінску. Яна пройдзе з 12 сакавіка па 2 красавіка.

Галоўнымі элементамі выстаўкі пад назвай «Адчуйце Афрыку з намі» стануць карціны ганскага мастака Кабіна Ньярка, якія атрымалі прызнанне ў Афрыцы, Еўропе і ЗША дзякуючы яго фірменным палотнам-«рыбкам».

Бакалаўр мастацтва прамысловага дызайну Кабіна Ньярка — адзін з вядучых сучасных мастакоў Ганы. Ён нарадзіўся ў 1972 годзе на захадзе краіны. Атрымаў адукацыю ў Каледжы мастацтваў Дзяржаўнага навукова-тэхналагічнага ўніверсітэта імя Кваме Нкрума ў горадзе Кумасі.

Ягонай візітоўкай сталі рыбкі, якіх ён адлюстроўвае ў гіпнатычнай віхуры. Яны запаўняюць усю прастору палатна і зачароўваюць яркімі аптычнымі эфектамі.

Беларуска ж Вераніка Гарбылёва захапілася духам Афрыкі і прыўнесла новую плынь як у еўрапейскі дызайн, так і ў афрыканскую народную творчасць. На выстаўцы яна прадстаўляе ўласныя творы — унікальныя пацеркі з традыцыйных афрыканскіх матэрыялаў. Даўжыня кожнай работы — ад 100 да 150 см, а вага дасягае 2 кг. Гэтыя пацеркі не з’яўляюцца жаночым упрыгажэннем, яны прызначаны ўпрыгожыць сучасны інтэр’ер і ўнесці ў яго цяпло афрыканскага сонца.

У Заходняй Афрыцы ўпрыгажэнні са спецыяльна вырабленых шкляных пацерачак маюць вялікае значэнне ў культурных традыцыях і са старажытных часоў выкарыстоўваюцца ў рытуальных абрадах, звязаных з нараджэннем, дасягненнем сталага ўзросту, уступленнем у шлюб.

Шкляныя пацеркі вырабляюцца з дробнага тоўчанага шкла, а для афарбоўкі выкарыстоўваюцца керамічныя фарбавальнікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?