У закон аб рэкламе будзе ўнесена норма, якая абавязвае банкі, што рэкламуюць паслугі па крэдытаванні, указваць поўную інфармацыю пра плату па крэдыце.

Пра гэта паведаміла начальнік упраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Міністэрства гандлю Ірына Барышнікава 12 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, найбліжэйшым часам парламент плануе разгледзець адпаведны законапраект у другім чытанні.

«Цяперашнім законам аб рэкламе не прадугледжаны абавязак банкаў указваць у рэкламе поўную працэнтную стаўку па крэдыце, і банкі па-ранейшаму даводзяць да спажыўцоў урэзаную рэкламную інфармацыю, без указання платы за свае паслугі», — канстатавала Барышнікава. «Такое становішча спраў выклікае цалкам зразумелае раздражненне і спараджае новыя скаргі на сферу банкаўскіх паслуг», — дадала яна.

Яшчэ адным прыкладам «ушчамлення правоў спажыўцоў», паводле слоў прадстаўніцы Мінгандля, з’яўляецца «прадугледжанае Банкаўскім кодэксам права банкаў змяняць у аднабаковым парадку памер стаўкі па банкаўскім укладзе». Таму праектам новага закона аб рэкламе прадугледжаны абавязак указваць у рэкламе банкаўскага ўкладу, што банк мае права памяншаць працэнты па ўкладзе.

Барышнікава таксама паведаміла, што сёлета ў мэтах павышэння фінансавай адукаванасці грамадзян плануецца распрацаваць спецыяльную памятку для спажыўцоў банкаўскіх паслуг. Адпаведная прапанова накіравана ў Нацбанк, сказала яна.

Банкаўскі кодэкс прапаноўваецца дапоўніць палажэннем, якое прадугледжвае абавязак крэдытнай арганізацыі — уладальніка банкамата інфармаваць уладальнікаў плацежных карт пра памер камісійнай узнагароды, што збіраецца, да моманту ажыццяўлення разлікаў з выкарыстаннем карты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?