Жонка палітыка пацвердзіла гэтую інфармацыю.
«Мяне выклікаюць для правядзення следчых дзеянняў у КДБ. Я маю абгрунтаваныя падставы меркаваць, што з будынка КДБ ужо не выйду, —
напісаў Алесь у сваім блогу а 0.20 панядзелка 14 сакавіка. — Таму мяне ў КДБ не будзе. Цяпер я знаходжуся ў надзейным месцы, не ў зоне дасяжнасці беларускага КДБ. Збіраюся працягваць працу над спыненнем катаванняў і вызваленнем усіх, хто незаконна ўтрымліваецца па палітматывах».

Большасць фрэндаў у блогу Міхалевіча ўхваліла такое яго рашэнне. «Держитесь, Алесь! Мы всё равно победим. Не важно где вы, главное, чтобы вы были здоровы, и вашу семью не чекисты не тронули», — вось адзін з тыповы водгукаў.

Магчыма, Міхалевіч перасёк мяжу на дыпламатычным аўтамабілі аднаго з пасольстваў і цяпер знаходзіцца ў Польшчы,

паведамілі gazeta.ru людзі з асяроддзя апазіцыянера.

Першы сакратар пасольства Польшчы ў Беларусі Павел Марчук выключыў магчымасць, што Міхалевіча вывезлі польскім дыпламатычным транспартам.

Нагадаем, што раніцай 20 снежня Алесь Міхалевіч быў арыштаваны і ўтрымліваўся ў СІЗА КДБ, а таксама некалькі дзён у следчым ізалятары. 19 лютага яго вызвалілі. 28 лютага на прэс-канферэнцыі ў Мінску Міхалевіч заявіў, што да яго ў СІЗА прымяняліся катаванні, а ўмовай вызвалення было пагадненне аб супрацоўніцтве з КДБ.

Са словаў жонкі палітыка, ён прыняў рашэнне пра ад'езд пад уздзеяннем пэўнай інфармацыі, даволі нечакана. Ён не заходзіў дахаты, не ўзяў ніякіх рэчаў.

Яна не ведае, куды ён выехаў, але падтрымлівае ягонае рашэнне: «Раз ён тое зрабіў, значыць, у яго для таго былі вялікія падставы».

Сям’я Міхалевіча застаецца ў Беларусі.

Жонка Міхалевіча Мілана не пацвярджае інфармацыі, што ён у Польшчы. Яна кажа, што Аляксей Міхалевіч на кантакт пакуль не выходзіў.

Сайт Руху за Свабоду, у сваю чаргу, піша, што «адсачыць ад’езд Міхалевіча КДБістам не ўдалося, ад’ехаў ён уначы. Дарога ў «надзейнае месца» заняла амаль суткі».

За мяжой Міхалевіч можа стаць адным з ключавых сведкаў на магчымым судзе аб парушэннях правоў чалавека ў Беларусі.

* * *

Алесь Міхалевіч адным з першых абвясціў аб сваім намеры балатавацца ў прэзідэнты на выбарах-2010. Тады гэта было ўспрынята хутчэй як заяўка на будучыню, чым як сапраўднае змаганне за перамогу.

Міхалевіч спецыфічна пазіцыянаваў сябе ў часе выбарчай кампаніі — як трэцюю сілу паміж уладамі і апазіцыяй. Ён па многіх пазіцыях хваліў Аляксандра Лукашэнку і падхапіў выбарчы лозунг апошняга «разам мы Беларусь». На Плошчу сваіх прыхільнікаў ён заклікаў у апошні момант, дый тое выключна праз інтэрнэт.

Нягледзячы на ўсё гэта раніцай 20 снежня яго арыштавалі і пратрымалі за кратамі два месяцы. Сям’я Алеся перажыла сем ператрусаў, а жонка Мілана была пазбаўленая права выязджаць за межы краіны, калі яе запрасілі расказаць аб справе мужа ў польскім Сойме.

Шакуючыя факты пра СІЗА КДБ Міхалевіч расказаў на сваёй прэс-канферэнцыі 28 лютага. Ён прызнаўся, што падвяргаўся катаванням у СІЗА КДБ. Таксама ён расказаў, што ўмовай вызвалення з СІЗА была падпіска аб супрацоўніцтве з КДБ.

«Я павінен расказаць аб усім, павінен выканаць свой грамадзянскі абавязак, — працягваў Міхалевіч. — Адразу пасля затрымання мне ва ўльтыматыўнай форме было загадана выступіць па БТ з заявай, у якой я б асуджаў Плошчу. Калі я адмовіўся, мяне змясцілі ў камеру. А праз некалькі дзён пачаліся катаванні».

Міхалевіч расказаў, што асабліва жорсткія пыткі адбыліся з ім 10 студзеня — палітыку заводзілі рукі за спіну, надзявалі кайданкі, а потым падымалі рукі ўверх да хрусту. Пры гэтым патрабавалі неабходных паказанняў. Менавіта пасля такіх працэдур Алесь патэлефанаваў жонцы і папрасіў нікуды не ездзіць, не паднімаць хвалю салідарнасці.

Алесь таксама перакананы, што падобныя здзекі прымяняліся і ў дачыненні да іншых вязняў КДБ: «Катаванні паўтараліся неаднаразова. Я думаю, што іншыя палітвязні таксама маглі стаць іх ахвярамі».

Праз два месяцы ламання Алеся вызвалілі пад падпіску аб нявыездзе, аднак з умовай стаць «сексотам». «Мне далі на подпіс паперу, дзе я пагадзіўся супрацоўнічаць з КДБ. Я падпісаў яе і выйшаў на свабоду. Выйшаў для таго, каб усё гэта вам расказаць. Лічу сваю заяву публічнай адмовай ад супрацоўніцтва са спецслужбамі», — заявіў Міхалевіч.

Ён не выключаў, што яго могуць ізноў пасадзіць у турму, каб застрашыць іншых выпушчаных.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?