Сёньня адбылося папярэдняе судовае пасяджэньне Гаспадарчага суда Менска па справе аб скасаваньні дамовы арэнды з МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Яно было працэдурным: судзьдзя Мельнікава, якая разглядае справу, азнаёмілася з прэтэнзіямі абодвух бакоў і прызначыла дату наступнага пасяджэньня. Яно пачнецца 12 сьнежня ў 10.30 па адрасе вул. Сьвярдлова, 3.

Памяшканьне ў Менску на вуліцы Рэвалюцыйнай, 15 МГА «Згуртаваньне беларусаў сьвету» «Бацькаўшчына» арэндавала ад 1993 г. Тагачасныя сталічныя ўлады дазволілі арганізацыі арэндаваць памяшканьне на тэрмін да 2018 г. Адпаведнае рашэньне прыняў урад. У 2002 годзе будынак на Рэвалюцыйнай, 15 быў перададзены на балянс ўнітарнага прадпрыемства «Менская спадчына», якое займаецца рэканструкцыяй Верхняга гораду. Новы ўласьнік будынку працягнуў арэнду з «Бацькаўшчынай» на ранейшы тэрмін. У 2005 г. «Менская спадчына» заявіла неабходнасьць рэканструкцыі будынку. Арганізацыям, што арэндавалі памяшканьні будынку, у тым ліку і «Згуртаваньню беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», прапанавалі вызваліць яго на час рэканструкцыі. Пры гэтым арганізацыя не атрымала ўзамен іншае памяшканьне.

«Бацькаўшчына» зьехала з офісу на Рэвалюцыйнай 7 жніўня 2006 г. У часе перадачы памяшканьня прадстаўнікі «Менскай спадчыны» запатрабавалі падпісаць дакумэнт пра скасаваньне арэнднай дамовы. Аднак рандатары адмовіліся гэта зрабіць на той падставе, што ніводзін з дакумэнтаў аб арэндзе ня страціў юрыдычнай сілы. КУП «Менская спадчына» вырашыла дамагацца свайго праз суд.

Ад жніўня «Бацькаўшчына» самастойна спрабавала знайсьці памяшканьне. Дзеля гэтага было агледжана каля 80 офісаў, аднак безвынікова – ўсе варыянты былі непрымальныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?