Па найгоршаму варыянту развіцця сітуацыі ў Беларусі прагназуецца падтапленне паводкавымі водамі населеных пунктаў і тэрыторый у 50 раёнах краіны,
паведамілі ў прэс-службе МНС.

Паводле прагнозаў, чакаецца, што могуць быць падтоплены 4 раёны Брэсцкай вобласці, 10 - Віцебскай, 15 - Гомельскай, па 6 - Гродзенскай і Мінскай, 9 - Магілёўскай. Найбольш высокая верагоднасць падтапленняў у басейнах рэк Прыпяць, Сож, Заходняя Дзвіна, Нёман, Дняпро, Бярэзіна, а таксама Дзісна, Дрыса, Ула, Проня, Заходні Буг, Іпуць і Вілія.

Гатоўнасць галіновых і тэрытарыяльных падсістэм дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый да рэагавання на негатыўныя наступствы вясенняй паводкі была адной з ключавых тэм на пасяджэнні Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў, якое прайшло 11 сакавіка пад кіраўніцтвам віцэ-прэм'ера Анатоля Калініна.

Па выніках пасяджэння дадзены даручэнні шэрагу арганізацый. Так, аблвыканкамы, Белкаапсаюз, Мінгандаль, Міністэрства аховы здароўя, Мінэнерга сумесна з зацікаўленымі павінны да 20 сакавіка завяршыць падрыхтоўчыя мерапрыемствы для забеспячэння бесперабойнай дастаўкі ў раёны, дзе можа быць падтапленне, прадуктаў харчавання, пітной вады, медыкаментаў і прадметаў першай неабходнасці, а таксама электраэнергіі.

Мінжылкамунгасу сумесна з аблвыканкамамі, Мінскім гарвыканкамам і іншымі зацікаўленым да 20 сакавіка трэба ўмацаваць водазаборныя свідравіны і люкі калодзежаў каналізацыі, дамбы глеевых пляцовак і палёў фільтрацыі, узгадніць месцы забору пяску і стварыць запасы каменю, шчэбеню, мешкатары.

Дэпартамент па гідраметэаралогіі будзе кожныя суткі кантраляваць і аналізаваць метэаралагічную і гідралагічную сітуацыю. Дэпартамент па меліярацыі і воднай гаспадарцы будзе праводзіць абследаванні і кантрольнае нівеліраванне земляных плацін і дамбаў вадасховішчаў, сажалак, аб'ектаў проціпаводкавай абароны і своечасова выяўляць месцы затораў для правядзення выбуховых работ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?